1015-ты дзень вайны: Блінкен прапануе ўкраінцам адпраўляць на фронт маладых
Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну нашая рэдакцыя штодзень піша пра самае галоўнае на фронце.
Войска Вялікабрытаніі не гатовае да магчымай вайны
Алістэр Карнс, намеснік міністра абароны Вялікабрытаніі па кадравай палітыцы і ветэранам, заявіў, што пры стратах, супастаўных са стратамі ў вайне ва Украіне, брытанскія сухапутныя войскі страцяць увесь свой асабісты склад у тэрмін ад паўгода да года.
Карнс сказаў аб гэтым, выступаючы на канферэнцыі ў аналітычным цэнтры RUSI. «У маштабнай вайне — не пры абмежаванай інтэрвенцыі, а падобнай на вайну ва Украіне — нашы сухапутныя войскі, напрыклад, пры бягучай дынаміцы страт будуць знішчаныя — у складзе кааліцыі многіх дзяржаў — у тэрмін ад шасці месяцаў да года», — цытуе палітыка Sky News .
Ён прывёў прыклад Расіі, якая, паводле яго слоў, цяпер губляе забітымі і параненымі ў сярэднім па 1500 чалавек у дзень. Нясучы такія страты, Расея ўжо практычна цалкам страціла не толькі тое войска, з якой пачынала вайну, але і яшчэ адно такой жа колькасці, і хутка пяройдзе да трэцяга, цытуе Sky News.
У гэтай развазе Карнс не казаў аб тым, наколькі непазбежны такі ўзровень страт, а заклікаў надаваць больш увагі рэзервам, якія неабходныя, каб папаўняць страты ваюючага войска. Па стане на 1 кастрычніка, піша агенцтва PA, брытанскія сухапутныя войскі налічвалі 109245 чалавек і яшчэ 25814 добраахвотнікаў-рэзервістаў.
«У выпадку крызісу неабходна генераваць глыбіню і масу хутка, — сказаў Карнс, сам рэзервіст і адстаўны марскі пяхотнік. — У гэтым працэсе рэзервы маюць крытычнае, абсалютна цэнтральнае значэнне. Без іх мы не можам генераваць масу і не можам выконваць мноства абаронных задач».
Дзяржсакратар ЗША прапануе прыцягнуць на фронт украінцаў ва ўзросце з 18 да 25 гадоў
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў у інтэрв'ю агенцтву Reuters, што Украіна павінна прыцягваць "да бітвы" маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў.
Наяўнасць людзей на полі бою, апроч боепрыпасаў і зброі, з'яўляецца ключом да поспеху, сказаў ён.
«Гэта вельмі складаныя рашэнні», — заявіў Блінкен Reuters на палях сустрэчы НАТА ў Брусэлі. Раней у сераду Блінкен заявіў журналістам, адказваючы на пытанне Бі-бі-сі, што Кіеву трэба будзе прымаць "цяжкія рашэнні аб далейшай мабілізацыі".
«Напрыклад, прыцягненне маладых людзей да бітвы, як мы думаем, як думаюць многія з нас, неабходна. Проста цяпер 18-25-гадовыя не ўдзельнічаюць у бітве», — дадаў ён.
Раней СМІ паведамлялі, што заходнія саюзнікі заклікаюць Украіну знізіць прызыўны ўзрост з 25 да 18 гадоў, каб папоўніць недахоп вайскоўцаў у шэрагах УСУ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нядаўна заявіў, што УСУ адчувае недахоп заходняй зброі, а не вайскоўцаў.
Дарадцы Дональда Трампа прапанавалі яму тры планы з саступкамі з боку Украіны
Дарадцы Дональда Трампа прапанавалі абранаму прэзідэнту некалькі планаў завяршэння вайны ва Украіне, піша Reuters. Прапановы зыходзяць ад трох дарадцаў Трампа, уключаючы генерала ў адстаўцы Кіта Келлага.
Усе яны ўключаюць тэрытарыяльныя саступкі з боку Украіны, а таксама адмову ад уступлення ў НАТА.
Дарадцы абранага прэзідэнта хочуць прымусіць Маскву і Кіеў пачаць перамовы «метадам бізуна і перніка», уключаючы спыненне ваеннай дапамогі Кіеву, калі на перамовы не пойдзе ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, і павелічэнне дапамогі , калі не пагодзіцца расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. 47-ы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова падчас прэзідэнцкай кампаніі абяцаў у выпадку абрання скончыць расійска-ўкраінскую вайну "на працягу 24 гадзін".
У Польшчы прайшлі ваенную падрыхтоўку амаль 30 тысяч украінскіх салдат
Польшча правяла ваенную падрыхтоўку 26 тыс. украінскіх салдат, распавёў кіраўнік польскага Мінабароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Паводле яго слоў, гэта "адна трэць усіх украінскіх салдат, якія прайшлі навучанне за межамі Украіны".
Расія атакавала Украіну 50 дронамі, 29 было збіта
Расія ў ноч на сераду атакавала Украіну 50 ударнымі беспілотнікамі тыпу Shahed і дронамі іншых тыпаў, а таксама ракетай Х-59/69, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.
Паводле інфармацыі УСУ, удалося збіць 29 дронаў, 18 былі страчаныя, 1 — накіраваўся на акупаваныя землі.
Беспілотнікі былі збітыя ў Кіеўскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай, Хмяльніцкай, Тэрнопальскай, Мікалаеўскай і Данецкай абласцях.