«Выдатна, што ў нас мірнае неба над галавой». Беларускі спорт на службе ў прапаганды

Пра тое, што «спорт па-за палітыкай», больш за ўсё гавораць тыя, хто непасрэдна гэтай самай палітыцы і прыслужвае. «Тр*буна» паглядзела, як беларускія спарстмены «выслужыліся» перад 9 траўня.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У разгар вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, 9 траўня ў краінах-суагрэсарах шырока адзначалі чарговую гадавіну капітуляцыі ў 1945-м фашысцкай Германіі ў Другой сусветнай вайне. У гэты дзень рэжымы ў Расіі і Беларусі праводзілі мноства сваіх мерапрыемстваў быццам бы ў гонар перамогі СССР 78-гадовай даўніны, а на справе — для апраўдання і матывацыі да працягу цяперашняй вайны і ўсхвалення іншых сваіх дзеянняў.

У краінах-суагрэсарах рэгулярна заяўляюць, што спорт па-за палітыкай, аднак шырока выкарыстоўваюць яго для піяру ў цяперашняй сітуацыі. Так, перад матчамі беларускіх футбольных мужчынскіх Д1 і Д2 і жаночага чэмпіянату напярэдадні даты гульцы выходзілі ў футболках з кадрам узняцця Савецкага сцяга ў Берліне ў маі 1945-га. Такую футболку надзеў на сябе і кіраўнік АБФФ Мікалай Шарснёў (узнагароджваў форварда мінскага «Дынама» Уладзіслава Марозава як лепшага гульца вышэйшай лігі ў красавіку).

Мікалай Шарснёў узнагароджвае Уладзіслава Марозава

Мікалай Шарснёў узнагароджвае Уладзіслава Марозава


Арбітры і галоўныя трэнеры ўсіх каманд, у сваю чаргу, матчы тура правялі са стужачкамі ў рэжымных колерах дзяржаўнага сцяга на грудзях.

Да матчаў на стадыёнах спявалі расійскія вайсковыя песні — дзесьці гэтым займаліся дзеці, а дзесьці гучала кампазіцыя са словамі «гармонь свою к сердцу прижал, как будто Россию обнял».

Непасрэдна 9 траўня ў АБФФ апублікавалі відэа, дзе гульцы кожнага з клубаў вышэйшай лігі дэкламуюць ваенны верш расійскага паэта Расула Гамзатава. Сярод чытальнікаў былі і тыя, хто гуляе ў «вышцы», нягледзячы на траплянне ў «чорны спіс» рэжымнага Мінспорту: як быццам расплаціліся за сваю «амністыю» Павел Забелін з «Шахцёра», Кірыл Леановіч з «Белшыны» і Уладзіслаў Жук са «Славіі». Таксама ў відэа зняліся Валерый Грамыка («БАТЭ»), Сяргей Кісляк («Дынама» Брэст), Уладзімір Хвашчынскі («Дынама» Мінск), Данііл Душэўскі («Мінск»), Барыс Панкратаў («Слуцк»), Аляксандр Міхаленка («Энергетык-БДУ»), Цярэнцій Луцэвіч («Нафтан»), Дзмітрый Сібілёў («Іслач»), Андрэй Патапенка («Гомель»), Кірыл Прамудраў («Тарпеда-БелАЗ»), Максім Яблонскі («Нёман») і Уладзіслаў Кавалевіч («Смаргонь»).


«Крэатывам» адрозніваліся і на месцах. Ідэалагічна вывераным выйшаў ролік «Віцебска» — у ім узялі ўдзел не толькі гульцы мужчынскай і жаночай каманды, але і дзеці са структуры клуба. Натоўп, які ўскладаў кветкі да мясцовага мемарыяла, здымалі лепш, чым іншыя матчы чэмпіянату Беларусі — з некалькіх камер, у тым ліку з дрона. Суправаджалася ўсё гэта мелодыяй песні «Дзень Перамогі».


Гульцы, трэнерскі штаб і кіраўніцтва брэсцкага «Дынама» ўсклалі кветкі да мемарыяла ў Брэсцкай крэпасці. Зрабілі справаздачу таксама ў відэафармаце, але не так гладка адзнятым, як у «паўночнікаў».

Пры гэтым гулец брэстаўчан Сяргей Кісляк асобна пабываў ля мемарыяла ў Мінску з дзецьмі — жонка Юлія паведаміла, што так адбываецца кожны год.

Футбаліст Сяргей Кісляк з дзецьмі ля стэлы ў Мінску

Футбаліст Сяргей Кісляк з дзецьмі ля стэлы ў Мінску


Дзесьці побач быў і член выканкама АБФФ Аляксандр Глеб у сонечных акулярах. Жонка экс-футбаліста Святлана напісала, што ад сузірання мноства людзей у вайсковай форме і нейкіх скокаў адчула «асаблівую атмасферу».

Гульцы «БАТЭ», у тым ліку з «чорнага спісу» (іх у чэмпіянат Беларусі не пускаюць), усклалі кветкі да абеліска ў Барысаве. Пры гэтым сам клуб назваў 9 траўня ў першую чаргу «днём памяці і смутку» і пажадаў беларусам міру — яго ў наш час сапраўды не хапае.

«Тарпеда-БелАЗ» паўдзельнічаў у цэлым шэрагу святочных мерапрыемстваў. Яшчэ напрыканцы красавіка каманда наведала дом-музей партызанкі Анастасіі Купрыянавай.

«Тарпеда-БелАЗ» каля дома-музея Анастасіі Купрыянавай

«Тарпеда-БелАЗ» каля дома-музея Анастасіі Купрыянавай


7 траўня галоўны трэнер каманды Дзмітрый Молаш, а таксама гульцы Валерый Гарбачык, Дзмітрый Лісаковіч і Кірыл Прамудраў наведалі ветэрана вайны Філіпа Карлава. А ўжо 9 траўня Молаш і Прамудраў усклалі вянок ад клуба да пастамента помніка герою СССР Пятру Купрыянаву.

Некалькі гульцоў «Слуцка» ўсклалі кветкі да мясцовага мемарыяла, дзяцей з футбольнай дзіцячай школы звадзілі на экскурсію ў музей вайсковай часткі, а таксама правялі міні-турнір сярод дзіцячых каманд, прымеркаваны да Дня Перамогі. Клубу адыходзіць прыз за самыя безгустоўныя спецэфекты ў відэасправаздачы да 9 траўня: у ім таксама сцвярджалі, што 9 траўня «на стагоддзі залегла ў свядомасці беларускай нацыі», і выкарыстоўвалі георгіеўскую стужку — цяпер сімвал расійскіх імперскіх амбіцый.


Найбольш цікава, які верш чытаюць у відэа «Слуцка». Аўтарам гэтага «твора» ў розных крыніцах называюць Эдуарда Данілава — сучаснага расійскага паэта, які адкрыта падтрымлівае вайну ва Украіне. Але самае забаўнае, што ў «Слуцку» проста замянілі нязручныя для сябе словы: «рускае» слова з арыгінала стала «нашым», а «мы, расійцы» ператварыліся ў «мы, беларусы».

«Славія» наведала мазырскі мемарыяльны комплекс «Курган Славы» 8 траўня, а 9 траўня дубліруючы склад там жа ўдзельнічаў у мітынгу.

У «Смаргоні» на «патрыятычнае» мерапрыемства сабралася пяцёра футбалістаў.


«Нёман» 9 траўня адправіўся на сустрэчу з кіраўніком выканкама Лукашэнкі па Гродне Мечыславам Гоем і памочнікам Лукашэнкі Юрыем Караевым — былы кіраўнік МУС Лукашэнкі падчас самай актыўнай фазы гвалту ў 2020-м шчодра начапіў медалёў. Гой, паводле паведамлення клуба, напярэдадні матча з «БАТЭ» нагадаў, што «кожны футбаліст гуляе за 365 тысяч гродзенцаў».

ФК «Нёман» на сустрэчы з лукашэнкаўскімі памагатымі Мечыславам Гоем і Юрыем Караевым

ФК «Нёман» на сустрэчы з лукашэнкаўскімі памагатымі Мечыславам Гоем і Юрыем Караевым


А ў першалігавых «Баранавічах» прыдумалі, што ў гонар 9 траўня зробяць бясплатны ўваход на наступны матч.

Гульцы і трэнерскі штаб беларускай хакейнай зборнай, у якой ідзе «свой чэмпіянат свету» ў выглядзе васьмі матчаў супраць каманды «Расія 25», 9 траўня апынуліся ў Краснаярску. Там яны ўсклалі кветкі да помніка воінам-спартсменам. На матч трэнерскі штаб выйшаў з чырвона-зялёнымі стужачкамі на пінжаках, а расійскі галоўны трэнер зборнай Дзмітрый Квартальнаў начапіў яшчэ і імперскую георгіеўскую.

За хакейныя клубы, у якіх скончыўся сезон, «адпрацавалі» дзеці. У аршанскага «Лакаматыва» з віншаваннем выступілі гульцы 2015 года нараджэння.

Ад «Гомеля» на парад адправілі самых маленькіх хакеістаў СДЮШАР.

Маленькія хакеісты на парадзе ў Гомелі

Маленькія хакеісты на парадзе ў Гомелі


Гісторыі сваіх прадзядуляў-удзельнікаў вайны расказалі гульцы «Гомеля» 2009 года нараджэння, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі дзіцяча-юнацкага «ваенна-патрыятычнага» клуба «Вымпел», з нагоды чаго надзелі вайсковыя галаўныя ўборы з чырвона-зялёнай нашыўкай.

А алімпійскі камітэт Лукашэнкі сваё ўскладанне кветак правёў яшчэ 5 траўня. Акрамя вядомых прарэжымнікаў, як Максім Недасекаў і Анастасія Мірончык-Іванова, у гэтым удзельнічала і біятланістка Ганна Сола, якая яшчэ і ўзяла з сабой сваё маленькае дзіця. Як перадае дзяржТБ, да 9 траўня Сола таксама дала каментар, мяркуючы па якім, не заўважае таго, што з тэрыторыі Беларусі атакуюць Украіну: «Вайна — гэта страшнае слова. Не хацелася б, каб гэта зноў паўтарылася. Добра, што ў нас цяпер ціха, спакойна. Выдатна, што ў нас чыстае, мірнае неба над галавой».