«Чаму электрапліткі, а не керасінкі ці керагаз?» Навумчык — пра новы прапагандысцкі фільм АНТ-КДБ

Тэлеканал «АНТ» паказаў прапагандысцкі фільм, у якім абвінаваціў украінскія спецслужбы ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ў Беларусі. У калумніста «Св*боды» Сяргея Навумчыка ўбачанае выклікала пэўныя асацыяцыі з тым, што адбывалася ў Беларусі ў першыя гады незалежнасці.

Фота: ont.by

Фота: ont.by

Годзе ў 1993-м у габінэце тагачаснага старшыні КДБ Эдуарда Шыркоўскага я бачыў карціны зь беларускімі краявідамі: генэрал хваліўся дэпутатам, што раней на тых месцах віселі партрэты Леніна і Дзяржынскага, — піша Сяргей Навумчык. — А ля пісьмовага стала быў вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. У той час кадэбісты кляліся-бажыліся, што ня маюць нічога агульнага з НКУС, што разам з народам аплакваюць ахвяраў Курапатаў, што ніколі-ніколі зноў... Ну і гэтак далей.

Аплаквалі яны, як выявілася, зусім не ахвяраў барадзьбы з камуністычнай дыктатурай, а распад савецкай імпэрыі. Але бярозы ды сосны нядоўга віселі ў генэральскім габінэце: прыйшоў Лукашэнка, які яшчэ ў пэрыяд выбарчай кампаніі заявіў, што будзе «абапірацца на КДБ па ўсіх кірунках» — і Дзяржынскі вярнуўся на сваё месца.

Партрэт заснавальніка УНК-НКУС-КДБ (адной з самых злачынных установаў у гісторыі чалавецтва, зь нейкай незразумелай прычыны пакуль не прызнанай тэрарыстычнай арганізацыі) быў паказаны ў фільме «Убойная пасылка» ўвечары 10 траўня на тэлеканале «АНТ».

Згодна зь сюжэтам, пад партрэтам Дзяржынскага чэкісты (ролі іх выконваюць акторы, а можа, і самі афіцэры з драмгуртка) абмяркоўваюць апэрацыю па перадухіленьні тэракту да 9 траўня з выкарыстаньнем засланай у Беларусь выбухоўкі.

Выбухоўка, вядома ж, амэрыканская.

Распрацавалі тэракт, натуральна, ва Ўкраіне.

Большая частка фільму — пастановачныя сюжэты з акторамі. Але ёсьць і рэальныя асобы, якіх абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» і «падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту». За што, як сказана ў канцы фільму, ім можа пагражаць сьмяротнае пакараньне (бутафорскі пісталет «Макараў» прадэманстравалі).

Уся «віна» гэтых маладых людзей у тым, што яны нібыта на прозьбу каліноўца (нібыта зьвязанага са спэцслужбамі Ўкраіны) нібыта атрымалі дасланыя па пошце пасылкі зь нібыта выбухоўкай і нібыта схавалі іх (прычым дзяўчыне давялося закопваць пасылку на могілках, спадзяюся, хоць не ўначы). Але доблесныя чэкісты своечасова схапілі іх за руку.

У фільме некалькі разоў сьцьвярджаецца, што тэракт плянаваўся менавіта на 9 траўня, паказваюцца кадры з ускладаньня кветак на плошчы Перамогі (няўжо хацелі забіць «прэзыдэнта»?), але ніякіх пацьверджаньняў не прадстаўлена.

Можна было б назваць не адну і ня дзьве недарэчнасьці, ці, як той казаў, «нестыкоўкі», але абмяжуюся адной — затое яна руйнуе ўвесь прыдуманы ці то ў КДБ, ці то на «АНТ» сюжэт.

Як можна зразумець, у абодвух выпадках выбухоўка, замаскаваная ў кухонныя электрапліткі, прыйшла ў Беларусь па пошце і была атрыманая, а потым і схаваная тымі, каго цяпер абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе.

Вы ў гэта верыце? Верыце ў тое, што цяпер, калі кожны ліст з-за мяжы пэрлюструецца, на пошце «прапусьцяць» выбухоўку і аддадуць пасылку адрасату? І што, у Беларусі такі дэфіцыт электраплітак, што іх дасылаюць аж зь Італіі (да чаго ж тады давёў Аляксандар Рыгоравіч эканоміку за 29 гадоў свайго кіраваньня?).

Даслалі б ужо керасінку ці керагаз (я яшчэ засьпеў такія ў дзеда ў вёсцы ў канцы 60-х), усё ж экзотыка. Хаця ў керагаз выбухоўкі шмат не закладзеш, ды і могуць не прапусьціць як антыкварыят.

Думаю, наступным разам для сюжэту варта выбраць міні-трактар — у яго нават ядзерную боегалоўку можна запхнуць. І на парадах, як вядома, сельгастэхніка ідзе. Уявіце: плошча, Лукашэнка на трыбуне, адмаршыравалі салдаты, прайшла танкавая калёна, зьяўляецца калёна трактарная — і тут...

Далей ня буду разьвіваць сюжэт, каб не адбіраць хлеб у сцэнарыстаў.

За дзесяцігодзьдзі з вуснаў кадэбістаў мы чулі і пра запушчаных у каналізацыю пацукоў (вылавілі хоць аднаго?), і пра джып, які тараніў Беларусь з Украіны (і дзе той джып, куды ён падзеўся?), і пра шмат што іншае.

Можна было б пасьмяяцца з усяго гэтага, вось толькі вынік прыдуманых у гбінэтах КДБ сюжэтаў — гіганцкія турэмныя тэрміны і зламаныя лёсы людзей.

Як у Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Гундара, Вольгі Маёравай, Аляксандра Фядуты ды іншых, хто трапіў пад рэпрэсіі ўстановы, якая за стагодзьдзе не зьмяніла сваіх мэтадаў.