Украінскія і расійскія футбалісты пабіліся ў турэцкім гатэлі
Масавая бойка паміж футбалістамі расійскага «Шынніка» і ўкраінскага «Міная» адбылася ў турэцкім гатэлі. У Турцыі каманды праводзяць трэніровачныя зборы.
Як паведамляе тэлеграм-канал «Baza», у гатэлі «Royal Seginus»,
размешчаным у Анталлі, адбылася масавая бойка паміж футбалістамі яраслаўскага «Шынніка» і
«Міная» з Ужгарадскага раёна.
Сцвярджаецца, што канфлікт пачаўся ўвечары 13 лютага, калі
некалькі прадстаўнікоў «Міная» падышлі да кіраўніка яраслаўскага клуба і
запатрабавалі ад яго праспяваць украінскі гімн. Той прапанаваў украінцам
разабрацца на вуліцы, аднак супрацоўнікам гатэля ўдалося ўладзіць канфлікт.
Праз некаторы час некалькі гульцоў украінскага клуба збілі
футбаліста «Шынніка» ў ліфце. Калі ліфт прыехаў на паверх, яго сустрэла група
футбалістаў расійскай каманды, і паміж гульцамі ўспыхнула масавая бойка. У
гатэль прыйшлося выклікаць паліцыю і хуткую дапамогу.
Украінскі журналіст Міхаіл Співакоўскі ў праграме «ТаТоТаке»
пацвердзіў факт бойкі, але пры гэтым заявіў, што канфлікт узнік не праз
патрабаванне выканаць гімн Украіны, адзначае Sports.ru.
Паводле даных украінскага ютуб-канала «Бамбардзір», «Мінай» патрабаваў не сяліць каманду ў адным гатэлі з расійскімі
клубамі, аднак з-за землятрусу ў Турцыі паўсталі праблемы з гасцініцамі. У
выніку «Шыннік» засяліўся ў той жа гатэль, дзе пражывалі
гульцы «Міная».
Украінская крыніца адзначае, што прычынай канфлікту стала
бытавая сітуацыя: расійскі гулец нібыта быў п'яны і хаміў персаналу гатэля, яму
зрабіў заўвагу футбаліст «Міная», пасля чаго яны пабіліся. Затым гулец «Шынніка» прывёў аднаклубнікаў, з-за чаго ўсчалася яшчэ адна
бойка.
Зараз у гатэлі дзяжураць двое супрацоўнікаў паліцыі і
дадатковыя нарады аховы. Адзначаецца, што паміж футбалістамі і прадстаўнікамі
камандаў дагэтуль адбываюцца адзінкавыя сутычкі. У самім гатэлі пацвердзілі
інфармацыю аб бойцы.
У «Шынніку» заявілі, што правядуць расследаванне
гэтай сітуацыі.
«Мы цяпер праводзім расследаванне, высвятляем абставіны
здарэння», — сказаў генеральны дырэктар клуба Сяргей Кулакоў.