Чаму праўладны адкрыты ліст спартсменаў даўно трэба было прыдумаць?
Наперадзе гарачы фініш футбольнага чэмпіяната, хакейнае «Дынама» рупліва гуляе ў КХЛ, але мэйнстрым у беларускім спорце сёння іншы. На першым плане спаборніцтвы з самім сабой, са сваім адлюстраваннем у люстэрку — і з пытаннем: падпісваць адкрыты ліст у падтрымку дзеючай улады ці адмовіцца?
Гісторыя вядомая, бо яшчэ ў аўторак шырока разбеглася па сеціве. У інтэрнэт укінулі дзіўны скрын — два аркушы А4, спісаныя дробным друкаваным шрыфтам. Тэкст, даслоўная копія якога з’явілася ў той жа дзень у мінспортаўскай газеце «Спартыўная панарама» пад загалоўкам «Згода ў імя стварэння і міру. Адкрыты зварот дзеячаў беларускага спорта».
Цытаваць гэтую эпісталу не будзем (хочаце, пачытайце тут), проста зазначым, што гэта яўна нейкая антытэза вядомаму, яшчэ жнівеньскаму, лісту іншых спартсменаў. Тых, хто далучыўся да нацыянальнага пратэсту, выступіў супраць гвалту і заклікаў правесці новыя прэзідэнтскія выбары. Тых самых, асобныя прадстаўнікі якіх пасля сядзелі на сутках, атрымоўвалі штрафы ці ўвогуле з’язджалі з краіны.
Маніфест атлетаў-пратэстоўцаў набраў ужо амаль 1200 подпісаў — пад праўладным зваротам на момант публікацыі аўтографаў не было наогул. Потым яны, канешне, з'явіліся — і паставілі іх цалкам сабе цяжкавагавікі айчыннага спорта. Чэмпіёнка-вяслярка Кацярына Карстэн, чэмпіёнка-штурхальніца ядва Яніна Правалінская-Карольчык, чэмпіёны-весляры Аляксандр Масейкоў і Аляксей Абалмасаў, біятланіст-чэмпіён Сягей Булыгін, легендарны чэмпіён-барэц Аляксандр Мядзведзь… Плюс чэмпіёнка-раварыстка Наталля Цылінская (але гэта недакладна). Плюс гарналыжница Марыя Шканава ды трэнер біятлоннай зборнай Юрый Альберс.
Дзевяць прозвішчаў за першыя дні — гулькін нос, зразумела, аднак, як кажуць, не спяшайцеся з высновамі. Не для таго аўтары карпелі над гэтым некароткім лістом, каб не пастарацца пераплюнуць апанентаў і колькасцю, і, калі пашанцуе, якасцю падпісантаў.
Дарэчы, наконт аўтарства гэтага закліку гісторыя мутная амаль як з «Энеідай навыварат». Бо калі спачатку ідзе тэкст і толькі пасля подпісы, то гэта прама сведчыць пра нейкую ананімную творчасць. Спроба журналістаў дазнацца, хто ўклаў душу ў артыкул, скончылася фіяска. Тое не змаглі патлумачыць ні ў НАКу, ні ў Мінспорта, хаця відавочна, што без дазволу высокіх кабінетаў такія ініцыятывы не адбываюцца.
На той выпадак, калі вы ўсё ж паленаваліся прайсці па адзначанай вышэй спасылцы, ёсць сэнс распавесці, на якія педалі давяць дзевяць першых падпісантаў праўладнага ліста. Толькі зусім лаканічна.
Натуральна, яны давяць на тое, што спорт па-за палітыкай. І раз так, то, маўляў, не чапайце вы нас з вашай грамадзянскай пазіцыяй і апошнімі падзеямі ў краіне. Нам трэба — і гэта наш доўг — рыхтавацца да адказных стартаў, дзе мы пастараемся здабыць перамогу, якую радасна адсвяткуем пад дзяржаўнымі сцягам і гімнам.
А тое, што пішуць-гавораць спартсмены-«альтэрнатыўшчыкі», не заслугоўвае ўвагі. Бо гэта «незаконныя псеўдаспартыўныя структуры», іх ініцыятывы «носяць дэструктыўны характар» і «няславяць алімпійскі рух», яны «нешматлікія», працуюць на «раскол спартыўнай супольнасці» і дзеляць спартсменаў «на сваіх і чужых».
Каментаваць гэта на сур’ёзных шчах — мітусня і тамленне духа. Падмена паняццяў — ці не любімая фішка любой афіцыйнай рыторыкі — беларусы даўно навучыліся гэта раскусваць на раз-два. Праз тое, дарэчы, ужо каторы месяц запар нямогла страляе ў малако дзяржпрапаганда, ніяк не хочучы зразумець, што жанр агрэсіўнай палітінфармацыі адмёр на ТВ з сыходам са сцэны пакалення Зімоўскага і К*. Гэты інструментарый больш не працуе — асабліва таленавітыя ролікі хіба што трапляюць у фэйсбук, дзе іх рэпосцяць і каментуюць чыста дзеля гамэрычнай сеціўнай ржакі.
Так і са стылістыкай гэтай праўладнай пракламацыі. Яна — цалкам міма. Іншая справа — вось гэтыя векавечныя камланні на прадмет таго, што спорт асобна, а палітыка асобна. Як тыя мухі і катлеты.
Вось на гэтым трэба адмыслова прыпыніцца.
Што казаць, наратыў пра «спорт па-за палітыкай» на слыху шмат гадоў і нібыта слушна адсылае нас у святыя часы П’ера дэ Кубертэна. Аднак зноў жа, у мірнай і спакойнай Беларусі не працуе і ён, прычым адразу з дзвюх прычын.
Па-першае, час у нас на двары зараз такі, што палітыка паўсюль. Апынуўся не ў той час не ў тым месцы і загрымеў у РУУС — палітыка. Апрануў белае і чырвонае і атрымаў пратакол — палітыка. Выйшаў у двор паспрачацца з «неабыякавымі грамадзянамі» і быў забіты — палітыка. Зрабіў надпіс на асфальце і папаў пад крыміналку — палітыка.
Трэба быць вельмі кемлівым страусам і ўмець надта глыбока хаваць галаву ў пясок, каб усяго гэтага не заўважаць. Гвалту за мірныя пратэсты. Рэпрэсій за грамадзянскую пазіцыю. Відэа, на якіх безабаронных людзей збіваюць тыя, хто павінен іх абараняць. Расповядаў, як з затрыманымі абыходзяцца на Акрэсціна ці ў Жодзіне.
Цікава было б даведацца, што думае пра пасадкі Алены Леўчанкі ці Андрэя Краўчанкі умоўная Кацярына Карстэн. Як яна мяркуе — па справе яны трапілі ў жорны, бо няма чаго лезці, куда не трэба? Аднак Кацярына Вялікая каментаваць незалежным медыя свой подпіс пад лістом адмовілася.
Па-другое — здаецца, і сам выраз «спорт па-за палітыкай» у нас крывадушна выкручаны на 180 градусаў. Разумееца так, што атлет не павінен цікавіцца гэтымі епархіямі — без цябе разбяруцца. То тады тое ж самае трэба дыктаваць і іншым саслоўям. Медыцына па-за палітыкай — сядзі, доктар, лячы і маўчы. Студэнтства па-за палітыкай — вучыся, хлопец, можа, чалавекам станеш. Рабочыя, музыкі, педагогі, шахцёры… Па гэткай логіцы беларусы пагалоўна мусяць быць па-за палітыкай. Акрамя, натуральна, тых дзён, калі яны ператвараюцца ў электарат і ходзяць на галасаванні, вынікі якіх вядомыя наперад.
Такі стэрыльны светапогляд дэкларуецца, але на нашых вачах ён ляціць пад адхон. Бо за палітыку прэсуюць усіх — лекараў, гарнякоў, салістаў-гітарыстаў, навучэнцаў. Чаму спартсмены павінны быць выключэннем?
Насамрэч, міжнародныя алімпійскія правілы кіруюцца прынцыпова іншым, калі праводзяць рысу паміж спортам і палітыкай. Ніхто і ніяк не забараняе спартсменам выказваць і адстойваць грамадзянскую пазіцыю. Гуртавацца ў аб’яднанні і прафсаюзы. Пісать адкрытыя лісты. Нават балатавацца ці засноўваць сваю палітычную партыю, як Каха Каладзэ і Віталь Клічко.
Алімпійскія правілы, наадварот, у гэтым выпадку паўстаюць на абарону атлетаў. Ад дыскрымінацыі. Ад рэпрэсій. Ад любых іншых карных мер з боку мясцовай улады.
Дык хто тады парушыў хартыю, калі падпісанты таго першага — пратэстнага — ліста хто раней, хто пазней адчулі на сабе гарачы подых вертыкалі? І ў выніку каго звольнілі, каму давялося прысесці на суткі, хто страціў бізнэс, а то і ўвогуле з’ехаў за мяжу. Ці ўхваліў бы гэта Кубертэн — ці хутчэй перавярнуўся б у труне?
За новы ліст — праўладны — не пакараюць, канешне, нікога. Ён добранадзейны і цалкам адпавядае генеральнай лініі. І, калі па справядлівасці, сам факт яго з’яўлення трэба моцна-моцна ўхваліць. Чаму? Таму што шматлікія страусы цяпер дакладна не адверцяцца, прыйдзецца дастаць галаву з пяску.
Шмат пра гэта гаворана — што ў палітычную самаізаляцыю пасля 9 жніўня сышлі многія беларускія спартсмены. Футбалісты, хакеісты, гандбалісты, штангісты, весляры… Шмат іх за гэта крытыкавалі, але калі чалавек маўчыць, то ён, як быццам, і ні прычым.
Зараз адмаўчацца будзе складаней. Бо пад заклікам трэба кроў з носу сабраць не менш подпісаў, чым у апанентаў. Інакш смяяцца будуць. І, значыць, амаль ці не кожнаму прафесіяналу на гэты конт можа быць задана простае пытанне: ты з намі, альбо супраць з нас?
Кажуць, працэс ужо пайшоў. Праўладны адкрыты ліст накіравалі ў футбольныя клубы — з празрыстым намёкам, маўляў, «лічым неабходным падтрымаць меркаванне сапраўднай спартыўнай супольнасці сваім голасам».
Подпісы астатніх «сапраўдных» будуць чакаць да 27 лістапада. Цікава, колькі іх будзе?