Палескі рабінзон Віктар Ганчарэнка

Увосень 2006-га, амаль 15 гадоў таму, Анатоль Капскі нягучна сказаў мне, ледзь заўважна кіўнушы ў бок маладога чалавека, якога тады мала хто ведаў: «Вось пабачыш, яго чакае светлая будучыня».

Фота championat.com

Фота championat.com

Малады чалавек трэніраваў тады дубліруючы склад БАТЭ, яму не было і трыццаці, нейкіх грандыёзных амбіцый ён не дэклараваў і блізка. Аднак легендарны кіраўнік барысаўскага клуба і самы паспяховы футбольны менеджар Беларусі ўжо тады ведаў, што гаварыў, і глядзеў нібыта ў ваду.
Праз два гады малады чалавек створыць галоўную сенсацыю ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і выведзе ў групавы раўнд турніру — у самы-самы старасвецкі бамонд — сціплую каманду з богам забытага беларускага раённага цэнтра. І ўся футбольная Еўропа даведаецца пра клуб БАТЭ і вывучыць імя яго галоўнага трэнера — Віктара Ганчарэнкі.

«Трактарысты» супраць «Ювентуса»

Гэта здарылася ў другой палове 2008-га, і нават сёння, праз шмат гадоў, варта сказаць: такога выбуху суверэнны беларускі футбол не ведаў ніколі. Пры ўсёй павазе да перамогі зборнай над французамі ў Сэн-Дэні і выхаду «маладзёжкі» на Алімпіяду.
Апошнім бар’ерам БАТЭ перад групай ЛЧ стаў клуб «Леўскі» з Сафіі. У Балгарыі палічылі такое жэрабя ўдалым і заўчасна прымалі віншаванні. Мясцовыя журналісты кпілі з беларусаў, здзекліва называлі «трактарыстамі» (БАТЭ расшыфроўваецца як Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання)… А потым вінавата прыкусілі языкі, бо «трактарысты» выйшлі на поле і пакаралі суперніка за фанабэрыстасць. Спачатку перамаглі ў Сафіі 1:0, а потым у Барысаве адстаялі нічыю 1:1. Так і патрапілі, як потым пачалі казаць, у «еўракубкавую восень».
Восень тая стала незабыўнай. Так футболам, як тады, Беларусь, бадай, не дыхала з 1982-га — калі мінскае «Дынама» выйграла першынства СССР. Даўжэзныя чэргі за квіткамі, 30-тысячныя аншлагі на старэнькім стадыёне «Дынама», чароды замежных СМІ ў Дудзінку — трэніровачную базу БАТЭ — усходнім і заходнім журналістам так карцела зразумець, на якім падмурку паўстаў гэты новы футбольны феномен…
З супернікамі ў групе барысаўчанам тады пашанцавала ў сэнсе асабістага досведу і ўздымнага настрою. Пра выхад у плэй-оф, вядома, гаворкі не ішло — хацелася проста чэрпаць шчасце вялікай лыжкай. І лёсаванне падсунула ёмісты апалонік. Мадрыдскі «Рэал», турынскі «Ювентус», піцерскі «Зеніт» — гэта быў космас, у якім патрабавалася проста не захлынуцца.
БАТЭ здолеў. Трох нічыіх, сярод якіх вылучыліся баявыя 2:2 у Мінску з «Ювентусам», хапіла, каб прызнаць: першы выхад на элітную арбіту беларуская каманда вытрымала з годнасцю.
Вытрымалі барысаўчане і выпрабаванні меднымі трубамі. Еўракубкавая восень з цягам часу стала для БАТЭ побытам, задачай-мінімум, якую «жоўта-сінія», часцей за ўсё, паспяхова вырашалі — і ў Беларусь усё ехалі і ехалі еўрапейскія клубы-гранды, радуючы мясцовых заўзятараў. «Барселона», «Мілан», «Бенфіка», «Валенсія»… Мюнхенскую «Баварыю» БАТЭ ўвогуле феерычна перамог 3:1, і гэты поспех, як сказалі б раней, увайшоў у летапіс беларускага футбола.
І ўжо тады дакладна ўвайшоў у гісторыю і адзін з галоўных творцаў аглушальнай барысаўскай сенсацыі — трэнер Віктар Ганчарэнка.

Беларус у Расіі

Замежны попыт на паслугі маладога беларускага спецыяліста ўзнік ці не адразу пасля першага лігачэмпіёнскага прарыву БАТЭ. Аднак стрымгалоў ляцець на прывабныя іншаземныя агеньчыкі Віктар Ганчарэнка не захацеў. Ён добра памятаў, дзе і дзякуючы каму зрабіўся трэнерам, калі рана скончыў праз траўму кар’еру гульца. Ён не пакінуў БАТЭ, пакуль не даў клубу ўсё, што мог, і пакуль у Барысаве яму сапраўды не стала цесна.
Ганчарэнка з’ехаў восенню 2013-га — і туды, адкуль зазывалі найбольш настойліва. Беларус адправіўся на ўсход — у Расію, якая ў футбалістаў заўсёды лічылася добрым варыянтам працягу і развіцця кар’еры.
Першым досведам у расійскім футболе для Віктара Міхайлавіча стала «Кубань» з Краснадара. З чатырох з паловаў гадоў, якія прадугледжваў кантракт, ён адпрацаваў толькі год, але гэтага хапіла, каб зрабіць уражанне, адаптавацца і пачаць вывучаць навакольныя гарызонты з нарастаючай прафесійнай цікавасцю.
Пасля «Кубані» у яго былі «Урал» з Екацерынбурга і «Уфа» — клубы-«сераднякі», з якімі крутой кашы не зварыш, аднак як палігон для творчасці гэтыя шанцы беларускі трэнер выкарыстаў плённа. Яго методыкі, почырк, тактычныя напрацоўкі і еўрапейскае бачанне заўважылі ў верхніх эшалонах расійскага футболу — і ў хуткім часе ад топ-клуба паступіла прапанова, ад якой нельга адмовіцца.
Віктара Ганчарэнку паклікалі ў маскоўскі ЦСКА — адзін з найлепшых клубаў краіны, з вялізнымі амбіцыямі. Беларус правёў там чатыры плённыя гады, пра якія ніколі не будзе шкадаваць. Так, атрымалася не ўсё: у расійскім футболе вострая канкурэнцыя, шмат чаго вырашаюць грошы, а бюджэт у «армейцаў» усё ж больш сціплы, чым у газпрамаўскага «Зеніта» ці лукойлаўскага «Спартака». Перадусім, менавіта па гэтай прычыне — недастаткова якаснае і зоркавае камплектаванне — з ЦСКА Ганчарэнка не дасягнуў галоўнага: не стаў чэмпіёнам расійскай прэм’ер-лігі. Аднак у астатнім яго праца пакінула сярод заўзятараў добры ўспамін, а ў гісторыя клуба — яскравы след.
Два разы ЦСКА пад кіраўніцтвам нашага суайчынніка выйграў срэбраныя медалі, аднойчы ўзяў Суперкубак Расіі. Ёсць што ўзгадаць і ў кантэксце еўракубкаў. У першую чаргу, канешне, лігачэмпіёнскія сустрэчы з мадрыдскім «Рэалам» восенню 2018-га. Што не ўдалося з БАТЭ, тое Ганчарэнка рэалізаваў з маскоўскай камандай — двойчы адолеў адзін з самых моцных і аўтарытэтных клубаў свету (1:0 і 3:0).
Зрэшты, за чатыры гады на адным месцы — тым больш на такім гарачым — эмацыйна выгарае любы трэнер. Былы барысаўчанін выключэннем не стаў. Апошнія месяцы ўсё больш настойліва хадзілі чуткі пра яго адстаўку, і не дзіўна, што аднойчы яны спраўдзіліся. ЦСКА Ганчарэнка пакінуў нядаўна — 22 сакавіка.
Але, што характэрна, — нават адпачыць не паспеў. І гэта добрая адзнака яго прафесійных якасцей: амаль адразу пасля звальнення ў Маскве беларуса запрасілі ў Краснадар. Аднайменны клуб — таксама амбітны, заможны і з прэфіксам «топ» — ён узначаліў 6 красавіка.
Так круг замкнуўся. Шлях ад Краснадара да Краснадара ў 43-гадовага спецыяліста заняў сем з паловай гадоў. У Расіі, калі браць дарослы футбол, ён працуе ўжо больш, чым працаваў у Беларусі.

Чарнобыльскі шлях

У гэтым месцы жанр патрабуе кароткага біяграфічнага нарысу, аднак Віктар Ганчарэнка ніколі асабліва не цураўся журналістаў і ўвогуле даўно стаў дастаткова медыйнай фігурай, каб расказаць пра сябе самому. З яго расповедаў заўзятары ведаюць пра многае. Пра дзяцінства на Палессі ў Хойніках. Пра вымушана ранняе — у 25 гадоў, праз праблемы з каленам — завяршэнне гульнявой кар’еры. Пра тое, як адразу пачаў вывучаць асновы складанай трэнерскай прафесіі. Грыз і грыз граніт навукі, многае спасцігаў сам, аб чымсьці дапытваўся ў сяброў, якія гулялі на высокім узроўні.
Ён неяк адразу зразумеў, што футбол — гэта не столькі імправізацыя і майстэрства, колькі разлік, розум, стратэгічная і тактычная творчасць. Адсюль і гульня яго каманд — алгарытмізаваная, вывераная і пісьменная. Адсюль і яго поспехі — і павага футбалістаў усюды, дзе б ён ні працаваў.
Вядома беларусам і пра тое, што Ганчарэнка рана застаўся без бацькі. Той быў чарнобыльскім ліквідатарам, празмерна атруціўся радыяцыяй і сышоў, калі хлопцу было 16. «Увечары напярэдадні мы па традыцыі добра папарыліся ў лазні. Ён выпіў там грамаў пяцьдзясят і неяк адхілена сказаў: “Пайшлі дадому”. Мамы і сястры яшчэ не было. Бацька пасядзеў на канапе перад тэлевізарам, дзіўна закінуў галаву і раптам папрасіў: “Пасцялі. Буду спаць”. А ранкам я пачуў мамін плач. Ён стаіць у вушах дагэтуль», — распавядаў ён у інтэрв’ю.
Дарэчы, маці Віктара Міхайлавіча памерла мінулым летам. Спачуванні выказалі ці не ўсе спартыўныя медыя Беларусі і Расіі.
У вялікім футболе круцяцца вялікія грошы, і шмат у чым народная гульня, як і палітыка, — брудная справа. Але цікава: да Ганчарэнкі аніякая гразь не ліпне. Наадварот: ён сам ад гразі дыстанцуецца. Шэсць гадоў таму ён сам, па ўласным жаданні, звольніўся з «Урала» — і версія аб прынцыповым нежаданні ўдзельнічаць ў дамоўным матчы дагэтуль застаецца асноўнай.
Недзе, здаецца, у тыя часы ён вымавіў словы, якія сталі яго дэвізам: «Не хлусі — і не заблытаешся».
У жніўні Віктар Ганчарэнка выказаўся і наконт падзей на радзіме. У поўнай адпаведнасці са згаданым дэвізам, ён вырашыў не хаваць свайго меркавання і грамадзянскай пазіцыі: «Лічу недапушчальным тое, што адбываецца. Рэзка супраць таго, каб білі наш мірны, выдатны беларускі народ. Міліцыя, АМАП і армія павінны абараняць народ, а не збіваць яго. Падтрымліваю патрабаванні сумленнага падліку галасоў на выбарах. Паспрабаваў прагаласаваць на ўчастку ў пасольстве Беларусі ў Маскве, але чаканне ў чарзе вельмі расцягнулася. Людзі стаялі па пяць, шэсць, нават сем гадзін! І ў выніку ўсё роўна не траплялі на ўчастак, і я таксама не трапіў. Такое ўражанне, што чаргу хтосьці штучна стрымліваў, каб не ўсе прагаласавалі».
Калі зборная Беларусі чарговы раз застаецца без трэнера, усе ведаюць найлепшую кандыдатуру на вакантнае месца. Але ведаюць і іншае: у сённяшніх умовах гэты саюз немагчымы. Занадта ўжо ў розных сусветах існуюць найлепшы трэнер краіны і яе гаротная нацыянальная каманда.
Але нешта падказвае: аднойчы Віктар Ганчарэнка ўсё ж папрацуе са зборнай сваёй радзімы. Гэта адбудзецца недзе ў тыя часы, пра якія няспынна марыць большасць беларусаў і якія абавязкова надыдуць.