Спорт па нядзелях. Сыход Баскава, дэмарш тэнісістаў, ход канём
Беларускі спорт жывы не толькі футболам, аб сціплых подзвігах якога мы надоечы справаздачылі. Беларускі спорт — гэты гіперактыўны мурашнік, дзе заўсёды нешта адбываецца. Паводле апошніх трэндаў, усё больш са знакам мінус, але ўжо як ёсць. Найбольш важныя падзеі спартыўнага тыдня — у аглядзе «НЧ».
Адстаўка тыдня
Міжнародная федэрацыя хакея так доўга корпалася з расследаваннем па «справе Баскава», што прагрэсіўная грамадскасць увогуле на гэта забылася і перагарнула старонку. Што ж, тым грамчэй у сераду ўзарвалася інфармацыйная «бомба» — ІІХФ абвесціла аб дыскваліфікацыі старшыні Беларускай хакейнай федэрацыі на пяць гадоў. Асноўным матывам стала перавышэнне службовых паўнамоцтваў і ціск на спартсменаў па прыкмеце палітычнай нядобранадзейнасці, хаця і датычнасць (хай і не даказаная) да гісторыі з гібеллю Рамана Бандарэнкі ў выніковым рэлізе таксама ўзгадвалася.
Цяпер Баскаву нельга аніяк удзельнічаць у любых мерапрыемствах пад эгідай ІІХФ, іначай санкцыі могуць накласці ўжо і на ФХБ. А гэта значыць, што зборныя Беларусі ўсіх узростаў выкрасляць з міжнароднага календара, і хакей у краіне фактычна страціць усялякі практычны сэнс.
Відаць, пад уплывам менавіта гэтых рызык праз два дні пасля абвяшчэння бана Баскаў заявіў аб сыходзе ў адстаўку. Каб — як сам сказаў — «не нашкодзіць хакею». Рашэнне, мабыць, далося няпроста, а, магчыма, яго ўвогуле падказалі «зверху», бо першай рэакцыяй ФХБ сталася абвестка з супрацьлеглым зместам. Маўляў, кіраўнік федэрацыі працягне працаваць на сваёй пасадзе, а мы яшчэ і абскардзім валюнтарысцкія праявы ІІХФ у Лазане.
Ды ладна, гэта ўжо справа мінулая. Куды цікавей тое, што будзе далей — і хто прыйдзе замест дыскваліфікаванага адстаўніка. Цяпер ФХБ трэба тэрмінова прызначаць дату пазачарговай выбарчай канферэнцыі, дзе хакейны актыў зацвердзіць кандыдатуру пераемніка — зразумела, адзінагалосна і выключна на безальтэрнатыўнай аснове.
Адметна, што гэта ўжо другі сыход старшыні хакейнай федэрацыі ў паслявыбарчай Беларусі. Год таму кіраўнічы кабінет на Пераможцаў, 20 пакінуў Генадзь Савілаў — у кулуарах шапталіся, што праз недахоп лаяльнасці. Хто будзе наступным, невядома, — як і тое, ці ўпадзе выбар наогул на чалавека з хакейнага асяродка.
І яшчэ дэталь. У хуткім часе ўслед за Баскавым у цывільнае жыццё пяройдзе яго старадаўні швейцарскі сябар. Так-так, Рэнэ Фазел на парозе пенсіі. Аб тым, што ён больш не будзе балатавацца ў прэзідэнты ІІХФ, ведае ўвесь хакейны свет. Вядома і дата «змены варты» — 25 верасня, калі ў Пецярбургу пройдзе Кангрэс Міжнароднай хакейнай федэрацыі. На прэзідэнцкае крэсла прэтэндуюць пяць чалавек — і ў іх ліку беларус Сяргей Ганчароў. Зрэшты, нешта падказвае: пасля ўсяго, што адбылося ў Беларусі за апошнія год-паўтара, ён — зусім не фаварыт у гэтай гонцы.
Адмова тыдня
18 верасня беларускіх тэнісістаў чакаюць матчы Кубка Дэвіса з Аргенцінай. І, выглядае, што гэта той самы выпадак, які варта ахарактарызаваць вядомай кінематаграфічнай цытатай: будзе гучаць музыка, але ты яе не пачуеш. Бо не здолеюць нашы хлопцы аказаць годны супраціў супернікам.
Чаму? Ды таму, што лепшыя гульцы — Ілля Івашка (53-ці нумар сусветнага рэйтынгу) і Ягор Герасімаў (82) — адмовіліся ад удзелу ў прэстыжным турніры. Прычыны дакладна невядомыя, а чуткі ходзяць розныя — ад элементарна ўтылітарных (асабістыя турніры больш важныя) да ледзьве не палітычных (што наўрад ці).
Так ці інакш, а на паверхні галоўнае: залішняга жадання выступаць «за краіну» ў лідараў зборнай няма. І раз так, то федэрацыя тэніса дэлегуе ў Буэнас-Айрэс зялёную і неспрактыкаваную моладзь — 20-гадовага Аляксандра Згіроўскага (1138), 21-гадовага Марціна Барысюка (1325), а таксама 18-гадовых Данііла Астапенкава і Эрыка Аруцюняна, якія наогул не маюць міжнароднага рэйтынгу. Які лёс іх чакае ў супрацьстаянні з моцнымі аргенцінцамі, здагадацца няцяжка.
Няцяжка прыгадаць і гучны самаадвод Вікторыі Азаранка — зорная экс-першая ракетка свету адмовілася ўдзельнічаць у Алімпіядзе і тым самым нібыта задала трэнд. Не дзіва, што «непатрыятычная» сітуацыя ў айчынным тэнісе так нервуе міністра спорту. Гэткім чынам заўтра ў зборную прыйдзецца заяўляць падлеткаў.
Перанос тыдня
У Беларусі па-ранейшаму ўсё кепска з авіязлучэннем, і гэта працягвае адбівацца на спорце. Так, у чацвер стала вядома, што адборачны матч чэмпіянату Еўропы паміж беларускімі і нямецкімі гандбалісткамі перанесены з Мінска ў Германію. Ён пройдзе ў горадзе Трыр 10 кастрычніка. Прычыны пераносу паспрабавалі завуаляваць фармулёўкай «праз складаную лагістыку», аднак беларускія заўзятары ўжо даўно ўмеюць чытаць паміж радкоў.
Тыя ж яйкі, выгляд збоку, і ў футбольнай зборнай. Нядаўнія хатнія матчы кваліфікацыі чэмпіянату свету каманда Георгія Кандрацьева была вымушана праводзіць у расійскай Казані — прайграла Уэльсу і Бельгіі. Хутчэй за ўсё, у сталіцы Татарстана нашы футбалісты згуляюць і астатні хатні паядынак кваліфікацыі — супраць чэхаў. Балазе, на татарскую гасціннасць хлопцы не наракаюць. Ім там падабаецца, спрабуюць пачувацца там к дома.
Антырэкорд тыдня
Роўна тыдзень таму ў Токіа фінішавалі Паралімпійскія гульні.
Беларуская зборная ў агульным заліку стала толькі 27-й, на рахунку нашых
суайчыннікаў усяго сем узнагарод — і гэта гістарычны антырэкорд.
Што тут казаць… Калі вялікі спорт ёсць адбітак жыцця, то спорт паралімпійскі — адбітак спорту вялікага. Адно выцякае з другога — і ўпіраецца ў тупік. І добра яшчэ, што на плаву — у літаральным сэнсе — плывец Ігар Бокій — ён выйграў у Токіа ажно пяць залатых узнагарод. Без яго нашы паралімпійскія поспехі вагаліся б зусім ужо на ўзроўні статыстычнай хібнасці.
Цуглі тыдня
Вершніца Вольга Сафронава пайшла па слядах лёгкаатлеткі-уцякачкі Крысціны Ціманоўскай. Ну, як пайшла — хутчэй, паехала на кані. Праз таго каня ўсё і закруцілася.
Вольга — неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі і мусіла ўдзельнічаць у Алімпіядзе. Аднак на японскую зямлю капыты яе чацвераногага сябра так і не ступілі. Да спаборніцтваў кіраўніцтва яе не дапусціла — нібыта з-за таго, што конь захварэў.
Дзяўчына такі нечаканы дыягназ на веру не прыняла і павезла свайго Сіўку-бурку на абследаванне ў Польшчу. Там вердыкт беларускага боку зняпраўдзілі і пастанавілі, што конь здаровы як бык. На ім не тое што выездку на арэне — бульбяное поле можна араць.
Зрэшты спартсменцы было не да жартаў. Яна супаставіла факты, узгадала, як падпісалася летась у жніўні за новыя выбары і супраць гвалту — дый вырашыла дадому не вяртацца. У бліжэйшых планах Вольгі Сафронавай — змена спартыўнага грамадзянства і выступы за Польшчу.
Хто наступны?
Аут тыдня
Няўдала выступілі на чэмпіянаце Еўропы беларускія валейбалісты. У чэшскай Астраве, якая прымала спаборніцтвы ў групе «B», наша зборная здолела перамагчы Чарнагорыю і Чэхію, але прайграла італьянцам, славенцам і балгарам. Каб патрапіць у плэй-оф, гэтага прадказальна не хапіла — на тым і «гейм овер».
Крыху лепей напрыканцы лета атрымалася ў жанчын. У харвацкім Задары беларускі пераўзышлі венгерак, славачак і швейцарак і саступілі італьянкам і харваткам. І толькі ў 1/8 фінала вылецелі канчаткова — пасля паразы ад расіянак.
Сумнай высновы тут не будзе. Валейбол — з тых нешматлікіх гульнявых відаў спорту, дзе нашы рабяты-дзяўчаты хаця б дамагаюцца ўдзелу ў топ-турнірах. А што зорак там не хапаюць, то дзе мы — і дзе тыя зоркі. Утрымацца б на гэтай вышыні.