Гала-рымская віла раскапана ў Брэтані

У ходзе раскопак, праведзеных перад пачаткам будаўнічых работ у Лангроле-сюр-Ранс каля Дзіна ў Брэтані, на паўночным захадзе Францыі, археолагі знайшлі вялікі маёнтак гала-рымскага перыяду.

vila.jpg

Работы вяліся з ліпеня на ўчастку плошчай 2,3 гектара. Археолагі змаглі выявіць некалькі структур, размешчаных паўкругам вакол цэнтральнага двара з каланадамі галерэй з трох бакоў. Гэта жылая частка значнай па плошчы антычнай вілы, галоўны дом якой быў пабудаваны з выглядам на раку Ранс. Пабудовы акружаў сад. Мяркуючы па знойдзеных на віле манетах, яна з'явілася ў I стагоддзі н. э., затым была пашырана, а існавала як мінімум да IV стагоддзя.
Самай цікавай з пабудоў вілы апынуўся комплекс лазняў. Ён складаўся з неглыбокага басейна для абмывання ног, цёплага басейна, халоднага басейна і кальдарыя — самага гарачага памяшкання з падагрэтай падлогай. Гэткія шырокія лазні ў прыватных дамах сустракаюцца рэдка.
Верагодна, такая вялікая віла належала заможнай і палітычна ўплывовай сям'і — прадстаўнікам гальскага племя курыёсалітаў (Curiosolitae). Да гэтага народу ўзыходзіць назва размешчанай недалёка вёскі Корсэль (Corseul). У 10 годзе да н. э., пасля таго, як гэтыя месцы канчаткова былі падпарадкаваныя Рымскай імперыі, на тэрыторыі гэтай вёскі паўстаў горад Fanum Martis. Ад горада да вілы можна было даехаць за паўдня.
Спачатку раскопкі планавалася завяршыць да лістапада, каб забраць усе каштоўныя знаходкі ў музей і пачаць на гэтым месцы будаўніцтва новага мікрараёна. Але пасля таго, як археолагі выявілі такі вялікі комплекс, мясцовыя ўлады перагледзелі план будаўніцтва, каб захаваць яго. Зараз старажытныя пабудовы засыпаны да наступнага сезона раскопак, каб прадухіліць іх магчымыя пашкоджанні.
Паводле Science pro