Апошняя вайна двух гетманаў: Бітва пад Хоцінам

Роўна 401 год таму аб’яднаныя войскі Рэчы Паспалітай і Войска Запарожскага пад кіраўніцтвам вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча і гетмана Пятра Сагайдачнага спынілі турэцкі наступ на паўднёвыя землі Рэчы Паспалітай. 9 кастрычніка 1621 года скончылася знакамітая бітва пад Хоцінам.

Юзэф Брандт. Хоцінская бітва. 1867 год. Крыніца: wikipedia.org

Юзэф Брандт. Хоцінская бітва. 1867 год. Крыніца: wikipedia.org


Ад міру да вайны

Да пачатку ХVII стагоддзя дачыненні паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй былі адносна мірныя. Бясконца ваюючы, Канстанцінопаль зусім не імкнуўся да новых канфліктаў ў Еўропе. Рэч Паспалітая, у сваю чаргу, усю другую палову XVI стагоддзя была занята Лівонскай вайной з Маскоўскім княствам, і таксама не шукала дадатковых супернікаў.

Сітуацыя стала мяняцца на мяжы XVI і XVII стагоддзяў. Першапачатковай прычынай напружанасці стала няздольнасць улад як Рэчы Паспалітай, так і Асманскай імперыі трымаць у падпарадкаванні казакоў і татараў, якія засялялі ўскраіны абедзвюх дзяржаў. Набегі на памежныя землі, арганізаваныя крымскімі ханамі, зусім не былі новай з'явай; аднак менавіта ў гэты перыяд яны моцна ўзмацніліся.

У той жа час прыблізна з сярэдзіны XVI стагоддзя пачало ўмацоўвацца запарожскае казацтва. Неўзабаве казакі ўжо самі пачалі арганізоўваць уласныя экспедыцыі на татарскія і асманскія тэрыторыі, ствараючы сур'ёзную пагрозу для чарнаморскіх партоў і асманскай улады ў гэтым рэгіёне. Хоць у афіцыйных дакументах і Кракаў, і Бліскучая Порта абавязаліся стрымліваць казакоў і татараў, ні ў аднаго з бакоў не было інструментаў (а часцяком і простага жадання) па супакаенні сваіх авантурных васалаў. Гэта было тым больш складана, што і крымскія татары, і запарожцы былі важным складнікам войскаў абедзвюх дзяржаў.


Вайна пачынаецца

У канцы XVI стагоддзя і пачатку XVII стагоддзя магнаты Рэчы Паспалітай пачалі актыўна ўмешвацца ў справы Малдаўскага княства, якое на той момант было даннікам Асманскай імперыі. У 1595 годзе пры іх актыўнай падтрымцы да ўлады ў Малдове прыйшла сям’я Мовілэ, блізкая да польска-літвінскай эліты.

У гэты час ў Еўропе ішла Трыццацігадовая вайна — узброены канфлікт паміж каталікамі, якіх фактычна ўзначальвалі аўстрыйскія Габсбургі, і хаўрусам пратэстанцкіх дзяржаў, якіх падтрымлівала Турцыя. Рэч Паспалітая непасрэдна ў гэтай вайне не ўдзельнічала, але ў 1619 годзе кароль Жыгімонт ІІІ Ваза нечакана адправіў супраць пратэстанцкага князя Трансільваніі Габора Бетлена ліхую кавалерыю «лісоўчыкаў».

Кароль Польшчы і Вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза. Крыніца: wikipedia.org

Кароль Польшчы і Вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза. Крыніца: wikipedia.org


Яны разбілі ў бітве пры Гумене трансільванскае войска, чым даволі моцна пагоршылі стан антыаўстрыйскай кааліцыі ў рэгіёне. Хоць фармальна «лісоўчыкі» і не лічыліся рэгулярным фармаваннем войска Рэчы Паспалітай, але іх удзелу нават у адной бітве на баку каталікоў хапіла, каб выклікаць занепакоенасць у Канстанцінопалі. Пры султанскім двары гэты эпізод быў успрыняты як адназначная падтрымка Жыгімонтам Габсбургаў.

Разбіты Габор Бетлен звярнуўся па дапамогу да султана Асмана ІІ. Султан пагадзіўся прыйсці на дапамогу, і вялікае асманскае войска рушыла ў паход супраць Рэчы Паспалітай.

Султан Асманскай імперыі Асман ІІ. Крыніца: wikipedia.org

Султан Асманскай імперыі Асман ІІ. Крыніца: wikipedia.org


Асманская армія пад камандаваннем намесніка Ачакава (Ачы-Кале) Іскендэр-пашы 20 верасня 1620 года разграміла войскі Рэчы Паспалітай і Малдаўскага княства ў бітве пры Цэцоры, захапіўшы ў палон, а затым пакараўшы смерцю галоўнакамандуючага саюзнай арміі Станіслава Жалкеўскага.

Станоўчыя для асманаў вынікі бітвы добра распалілі захопніцкія апетыты маладога султана. Трэба разумець, што правіцелю агромністай імперыі на той момант не было яшчэ і 16 гадоў. Трон пад ім моцна хістаўся. Перамога пры Цэцоры хоць і падвысіла яго аўтарытэт, але не рабіла яго асобу недатыкальнай. Ён упарта шукаў магчымасці ўзняць свой прэстыж і ўмацаваць сваю ўладу. Кароткая пераможная вайна супраць саслабленай Рэчы Паспалітай падавалася яму ідэальнай магчымасцю для гэтага.

Зусім іншай была сітуацыя ў Рэчы Паспалітай. Паражэнне моцна ўзрушыла грамадскасць польска-літвінскай дзяржавы. Пазбаўленая войска, краіна стала амаль безабароннай перад набегамі татар і магчымым далейшым наступам асманаў. Дзяржаўныя колы пачалі рыхтавацца да вайны. Сойм прыняў рашэнне падвысіць падаткі і сабраць армію з 60 тысяч салдат.

Хутка стала зразумела, што з патрэбнай колькасці сабраць атрымаецца ў лепшым выпадку толькі палову. Яшчэ горшай выглядала сітуацыя са зборам падаткаў. Не меншай праблемай стала і прызначэнне камандуючага войскам. На гэту пасаду Соймам быў прызначаны вопытны палкаводзец вялікі гетман літоўскі Ян Караль Хадкевіч.


Але прызначэнне камандуючым літвіна магло выклікаць незадаволенасць сярод вядомых сваім гонарам польскіх шляхціцаў. Таму выправіцца на вайну быў вымушаны таксама старэйшы сын караля Уладзіслаў.

Пітэр Паўль Рубенс. Партрэт Уладзіслава IV Вазы. Крыніца: wikipedia.org

Пітэр Паўль Рубенс. Партрэт Уладзіслава IV Вазы. Крыніца: wikipedia.org


Але войск усё роўна катастрафічна не хапала. Стала зразумела, што без дапамогі казакоў не абысціся. Тут зноў узнікала праблема. Свавольныя паходы запарожцаў на асманскую тэрыторыю, супраць якіх выступала цэнтральная ўлада Рэчы Паспалітай, зрабілі іх адносіны з каралеўскім дваром даволі жорсткімі. Да таго ж усе мінулыя гады казакі патрабавалі ад Кракава павелічэння казацкага рэестру, гэта значыць, афіцыйнага прыняцця новых казакоў на дзяржаўную вайсковую службу. Але паколькі гэта прымушала дзяржаву да новых выплат, працэс зацягнуўся.

Выйсце было знойдзена ў асобе казачага гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага. Карыстаючыся вялікім аўтарытэтам сярод казацкіх старшыняў, ён здолеў пераканаць іх у неабходнасці ўдзелу ў вайне.

Гетман Войска Запарожскага Пятро Канашэвіч-Сагайдачны. Крыніца: wikimedia commons

Гетман Войска Запарожскага Пятро Канашэвіч-Сагайдачны. Крыніца: wikimedia commons


У красавіку 1621 года асманская армія колькасцю ад 120 да 150 тысяч салдат пад кіраўніцтвам самога султана Асмана II рушыла з боку Канстанцінопаля на поўнач. Туркі пасля перамогі ў бітве пры Цэцоры ўскладалі вялікія надзеі на заваёву Украіны і, магчыма, нават на поўны разгром Рэчы Паспалітай і выхаду да Балтыйскага мора. Акрамя пастаянных хаўруснікаў Порты, крымскіх татар, прыкладна 10% іх войска складалі кантынгенты васальных дзяржаў: малдаване і валахі: усяго каля 13 тысяч вайскоўцаў. Асманскае войска мела не менш за 60 цяжкіх гармат, што для пачатку XVII стагоддзя было вельмі моцнай артылерыяй.


Доўгая-доўгая бітва

Польска-літвінскае войска колькасцю ў прыблізна ў 20-25 тысячаў чалавек 24 жніўня падышло да старой крэпасці Хоцін на беразе Днястра, што ў сучаснай Чарнавецкай вобласці Украіны. Яны адразу пачалі будаўніцтва ўмацаванага лагера вакол замка. Літаральна напярэдадні самой бітвы ў Хоцін практычна такой жа колькасцю прыбыла войска казакоў. Казакі не сталі злівацца з арміяй Хадкевіча і сталі асобным лагерам на суседняй раўніне. Агулам саюзнае войска наўрад ці перавышала 50 тысяч вояў. План вялікага гетмана на бітву, падтрыманы ваеннай радай, складаўся ў тым, каб пазбегнуць вырашальнага сражэння і паступова вымотваць суперніка.

Асманскія войскі пачалі прыбываць у Хоцім 1-2 верасня, і адразу ж паспрабавалі атакаваць пазіцыі праціўніка. Але ўсе гэтыя атакі былі паспяхова адбітыя. Натхнёны Хадкевіч нават прапаноўваў даць суперніку бой у адкрытым полі, але іншыя камандзіры адгаварылі яго ад гэтага.

Жадаючы як мага хутчэй зламаць супраціў абаронцаў, асманскія салдаты раз за разам спрабавалі ўзяць лагер штурмам, але кожны раз былі адбітыя з вялікімі для сябе стратамі. Асноўны цяжар першых дзён бітвы лёг на плечы запарожцаў, якія сваім гераізмам не далі нашмат большаму па колькасці варожаму войску хутка вырашыць сітуацыю на сваю карысць. 7 верасня адбылася падзея, якая моцна адбілася на баявым духу салдат абодвух ваюючых бакоў. Каля 10 тысяч янычар атакавалі спячы польска-літвінскі лагер, але не змаглі хутка прасунуцца наперад і загразлі ў бойцы. У адказ гетман Хадкевіч, якому тады было ўжо 60 гадоў, асабіста ўзначаліў контратаку. На чале ўсяго некалькіх сотняў крылатых гусар ён абрынуў шэрагі янычар і гнаў іх да самага асманскага лагеру.

Назіраючы за шэрагам няўдалых атак, султан і яго дарадцы прыйшлі да высновы, што іх шанцы захапіць добра ўмацаваныя варожыя пазіцыі невялікія, і было вырашана пачаць аблогу. Гэта азначала правал амбіцыйных планаў султана, бо зацяжная аблога і пагаршэнне надвор'я зніжалі шанцы на нейкія значныя тэрытарыяльныя набыцці падчас кампаніі. Сражэнне зацягвалася, у абедзвюх арміях не хапала правіянту для салдат і фуражу для коней. Татарскія хаўруснікі асман вырашылі гэтую праблему звычайным для іх шляхам — іх атрады сышлі за Днестр і цалкам спустошылі навакольныя вёскі.

14 верасня ў турэцкі лагер прыбыў са сваім атрадам легендарны сярод татараў Каракаш-паша. Ён паабяцаў Асману II адным штурмам знесці ўсе ўмацаванні праціўніка, якімі б моцнымі тыя не былі. 15 верасня Каракаш узначаліў штурм пазіцый непрыяцеля і ўжо праз гадзіну яго не стала.

Але і армію Рэчы Паспалітай напаткала страшэнная бяда. 24 верасня 1621 года ад хваробы памёр галоўнакамандуючы войскам Ян Караль Хадкевіч. Перад смерцю Хадкевіч паспеў перадаць камандаванне свайму намесніку палкоўніку Станіславу Любамірскаму.

Францыск Смуглевіч. “Смерць Хадкевіча”. Хоцін, 1621 год. У цэнтры гетман Сагайдачны. Крыніца: wikipedia.org

Францыск Смуглевіч. “Смерць Хадкевіча”. Хоцін, 1621 год. У цэнтры гетман Сагайдачны. Крыніца: wikipedia.org


Палкоўнік Станіслаў Любамірскі. Крыніца: wikimedia commons

Палкоўнік Станіслаў Любамірскі. Крыніца: wikimedia commons


28 верасня Асман ІІ даў загад на апошні штурм. На гэтым этапе султан і яго камандзіры былі заклапочаныя амаль выключна дасягненнем сімвалічнай перамогі, пра далейшыя заваёвы ўжо не магло ісці нават гаворкі. Але маральна спустошаныя асманы вельмі неахвотна ішлі ў бой. Атака ў чарговы раз захлынулася. Правал 28 верасня канчаткова пераканаў султана ў бесперспектыўнасці далейшай барацьбы, і ён пагадзіўся на пачатак перамоваў. Войска тых, хто абараняўся, таксама было на мяжы: па легендзе, у лагеры засталася ўсяго адна бочка з порахам.


Наступствы бітвы: афіцыйна перамаглі ўсе

Мірныя перамовы, якія пачаліся 29 верасня, скончыліся падпісаннем 8 кастрычніка 1621 года Хоцінскай мірнай дамовы. Вынікі бітвы, што цягнулася больш за месяц і каштавала дзясяткаў тысяч жыццяў, былі вельмі сціплыя. Тэрытарыяльных зменаў амаль не адбылося. Рэч Паспалітая прызнавала права Асманскай імперыі на кантроль над Малдаўскім княствам і Валахіяй, і ў чарговы раз абяцала забараніць запарожскім казакам рабіць паходы супраць Крымскага ханства і іншых падкантрольных асманам тэрыторый. Не дапускаць татарскіх набегаў на землі Рэчы Паспалітай абавязаўся і султан. Афіцыйна абодва бакі абвясцілі аб сваёй перамозе. Гэта знайшло сваё адлюстраванне нават у тэксце мірнай дамовы: у польскамоўнай версіі згадваліся традыцыйныя пасольскія падарункі для хана, у той час як у тым жа пункце асманскай версіі тыя ж падарункі інтэрпрэтаваліся як даніна пераможцу.

Нягледзячы на расплывістасць палажэнняў Хоцінскай дамовы, не было ніякіх сумневаў у тым, што ваенныя планы Асмана II праваліліся. Паход не толькі прынёс значныя чалавечыя страты без якіх-небудзь тэрытарыяльных здабыткаў, але і непапраўна сапсаваў адносіны паміж ім і янычарамі, якіх султан небеспадстаўна абвінаваціў у правальным выніку паходу. Незадаволены дзеяннямі янычар, ён збіраўся правесці ў будучым у краіне кардынальную вайсковую рэформу.

Гэтая ідэя дрэнна скончылася для юнага правіцеля. У траўні 1622 года янычары і сіпахі, што дыслакаваліся ў сталіцы, паўсталі супраць яго, і на працягу некалькіх дзён адхілілі яго ад улады. Султан быў спачатку змешчаны ў крэпасць Едыкуле, а на наступны дзень забіты.

Запарожскі гетман Пятро Сагайдачны не нашмат перажыў свайго старэйшага баявога таварыша, гетмана літоўскага. Мужны казак памёр у красавіку 1622 года ад ускладнення вогнепальнага ранення рукі, атрыманага пад ім Хоцінам.

У самой жа Рэчы Паспалітай, нягледзячы на адсутнасць відавочных здабыткаў, сам факт удалага супрацьстаяння больш чым 100-тысянай арміі асманаў справядліва ўспрымаўся як сапраўдная перамога. Такое ж меркаванне цалкам пераважала і ў Заходняй Еўропе. За польска-літвінскай дзяржавай канчаткова замацавалася слава абаронцы хрысціянскага свету.