«Вядуцца кансультацыі». Зянон Пазняк і полк Каліноўскага створаць супольную Раду бяспекі
Зянон Пазняк у канцы студзеня — пачатку лютага наведаў Украіну. Пра вынікі паездкі, а таксама стварэнне новай ваенна-палітычнай структуры ён распавёў падчас прэс-канферэнцыі па вяртанні ў Варшаву.
Візіт Зянона Пазянка ва Украіну рыхтаваўся некалькі месяцаў, распавядае «Н*ша Ніва».
Палітык расказаў, што ён сустракаўся ў Вярхоўнай радзе з
камітэтам знешняй палітыкі і міжпарламенцкага супрацоўніцтва.
«Было пытанне аб тым, ці магчыма прызнаць Беларусь
акупаванай дзяржавай. Мы напісалі лісты ва ўсе ўкраінскія ўстановы. Камісія
падрыхтавала праект, які пастаўлены на чаргу. Сутнасць гэтага праекта ў тым,
што гэта будзе заява, якая асуджае акупацыю Беларусі расійскімі войскамі».
Палітык таксама падзяліўся дэталямі сустрэчы з каліноўцамі.
Такіх сустрэч было шэсць.
«Тры разы — з кіраўніцтвам палка. Сутыкаліся з батальёнам
«Волат», «Ліцвін» і вучэбкай. Былі ў Бахмуце непасрэдна. На нулявую лінію мы не
ездзілі, але былі ў Бахмуце на адлегласці прыблізна двух кіламетраў.
Нам пашанцавала: была імгла, туман, дроны не лёталі, па нас
не стралялі, хоць стральба там ідзе ўвесь час», — распавёў Зянон Пазняк.
Ён наведваў таксама шпіталь у Кіеве, дзе знаходзяцца
параненыя ваяры.
«Мы лічым, што полк — гэта тая баявая адзінка, якая з’яўляецца
адначасна адзінка палітычнай», — дадаў ён. Палітык абмяркоўваў там
супрацоўнітва «Вольнай Беларусі» і іншых нацыянальна-дэмакратычных арганізацый
з палком Каліноўскага.
Зянон Пазняк агучыў галоўны вынік паездкі: «Вядуццца кансультацыі пра стварэнне ваенна-палітычнай структуры Рады Бяспекі з мэтай абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах вайны ва Украіне і акупацыі Беларусі Расейскай Федэрацыяй».
Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук
патлумачыў, навошта гэта структура.
«Багата закідаў ідзе ў бок палка, што пачынаем занадта
пераймацца палітыкай, што мы вайсковае ЗСУ, лезем не зусім у сваю справу.
Менавіта дзеля таго, каб спыніць закіды ў наш бок, мы ствараем ваенна-палітычны
суб'ект. Цяпер ён будзе больш прадстаўнічыя функцыі несці».
Новая структура, па словах Кабанчука, патрэбна таксама, каб
наладзіць сталыя кантакты Украіны з беларускай палітычнай апазіцыяй.
Ён распавёў, што ў Раду найхутчэй будуць уваходзіць
каліноўцы, якія ўжо спынілі свае кантракты з тых ці іншых прычын. Але не толькі
— змогуць далучыцца палітычныя актывісты, якія жывуць у розных краінах.
Прадстаўнічыя функцыі Рады будзе ажыццяўляць Вадзім
Кабанчук, Зміцер Шчыгельскі і Павел Вусаў.