Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Зорка Палын

Яны збіралі сваю смерць, але не разумелі, што рабілі, а тыя, хто разумеў і пасылаў іх на гэта, — разумелі, пасылалі і маўчалі.

neklyaev_300.jpg


Бабуля кажа: «Пайду


Па свеце шукаць сям'ю. 


Тут браць не даюць ваду. 


Хаваюць зямлю ў Зямлю”. 


(З паэмы “Зона”, 1986).

 

Карпаратыўнасць — вось з’ява насамарэч інтэрнацыянальная.


Прамінула трыццаць гадоў пасля ядзернага выбуху ў Чарнобылі, а цяперашняя ўлада (як і колішняя савецкая) разам з высокапастаўленымі чыноўнікамі з МАГАТЭ даводзіць, што Чарнобыль не тое што не найвялікшая тэхнагенная катастрофа ХХ стагоддзя, а наогул ніякая не трагедыя. Так, драбяза, якая, калі не на карысць пайшла, дык ва ўсякім разе не ў шкоду… 

У здатнай да ўсяго прызвычайвацца чалавечай свядомасці Чарнобыль усё больш пераўтвараецца ў нейкі сімвал, вобраз, метафару. Але рэальны Чарнобыль — гэта ўсё ж ядзерны выбух, выкід у жывое асяроддзе радыёактыўных элементаў, уздзеянне якіх вядзе да фізічнай і псіхічнай паразы людзей. У гэтым сваім уздзеянні Чарнобыль не можа сам скончыцца, неяк там суцішыцца і супакоіцца, ад яго можна абараніцца толькі наступам найноўшых тэхналогій, а калі іх няма, а іх няма, бо нямашака на іх сродкаў, грошай, дык спосаб абароны застаецца адзін — адступленне... Што і робіцца, каб заманіць ворага як мага глыбей на сваю тэрыторыю. 
Гэта традыцыйная наша стратэгія, у выніку якой толькі ў адной сям’і маіх блізкіх знаёмых, Анатоля і Наталлі, сталася так, што чарнобыльскую пухліну знайшлі спачатку ў малодшага сына, а пасля ў старэйшай дачкі. Пухліны выразалі, а дзяцей прызначылі ў інваліды. І пры гэтым на дзяржаўным узроўні (ва ўнісон з чыноўнікамі з МАГАТЭ) не саромеюцца даводзіць, нібы Чарнобыль, як той чорт, не такі ўжо страшны, як яго малююць, а асобным людзям радыяцыя можа пайсці нават на карысць. Ну, відаць, маецца на ўвазе тое, што ўсе беларусы — людзі нейкія асобна-асаблівыя. 
Так ёсць — і не магло, і не можа быць іначай у Беларусі, якая наследуе дзяржаўныя традыцыі той краіны, у якой машыны, зброя, наогул любое жалеза мела свой кошт, сваю цану, і толькі чалавечае жыццё не каштавала нічога. Ну, загіне дзесяць, дваццаць, трыццаць мільёнаў, бабы, як Сталін казаў, новых народзяць… 
У траўні 86-га года, калі я прыехаў у Чарнобыль, там тварыўся суцэльны бардак: усё нібыта ахоўвалася — і не было ніякай аховы, можна было залезці хоць у сам рэактар. Яшчэ нават не пазбіраныя былі, выбухам выкінутыя з рэактару, кавалкі графітавых стрыжняў, — і ўбачыў я не жалезных робатаў, а жывых людзей, апранутых у халаты хімабароны (нібыта супрацьрадыяцыйныя) маладых салдацікаў, смертнікаў, якія звычайнымі шчыпцамі з падоўжанымі ручкамі тыя графітавыя кавалкі збіралі. Яны збіралі сваю смерць, але не разумелі, што рабілі, а тыя, хто разумеў і пасылаў іх на гэта, — разумелі, пасылалі і маўчалі. 
Маўчалі доўга, а калі ўжо вымушаны былі нешта казаць, дык казанка тая ў вуснах самага галоснага кіраўніка дзяржавы Міхаіла Гарбачова скіравалася да захаду, да перапалоханых немцаў, французаў, бельгійцаў, але не да сваіх. 
Убачыўшы ўвесь гэты жах, я спытаўся ў акадэміка Веліхава, які кіраваў тады (разам з акадэмікам Валерыем Легасавым) ўсімі і ўсім у Чарнобылі: ну як, скажыце, такое можа быць?!. І ён даволі доўга тлумачыў мне сутнасць закону вялікіх лічбаў... Пасля тлумачэнняў я сказаў яму, што зразумеў-такі сутнасць гэтага складанага закону: бабы новых народзяць. 
Пазней, ужо пад восень, я паехаў у Чарнобыль з кінагрупай, і мы знялі там фільм, у якім цэнзары з Міністэрства сярэдняга машынабудавання — назву ж якую прыдумалі для атамнай прамысловасці! — пакінулі толькі тое, што сведчыла пра гераізм і патрыятызм (што, безумоўна, было), але без аніякіх салдацікаў са шчыпцамі... Перад гэтым былі знішчаныя стужкі, знятыя групай, у якую ўваходзіў мой сябар Анатоль Ярась — ён памёр ад раку. 
Наш фільм ніякавата было глядзець, але і нічога ўжо нельга было ў ім выправіць, адзнятыя матэрыялы ў нас пазабіралі. Тады з іншай творчай групай я сабраўся ў Маскву, каб зрабіць тэлепраграму з акадэмікам Легасавым, але, пакуль мы збіраліся, ён скончыў жыццё самагубствам, павесіўся. Нехта казаў, што менавіта праз тое, што сталася ў Чарнобылі (Легасаў быў адным з праектантаў рэактара), нехта называў іншыя прычыны… 
Знялі мы ўрэшце тэлеінтэв’ю з акадэмікам Яўгенам Веліхавым, які, усяляк зацямняючы сутнасць праблемы, усё стараўся пераскочыць на высакалобую балбатню… Але ўсё ж на некаторыя пытанні быў змушаны адказаць наўпрост. Я спытаў: «Калі б нават не ў 30-кіламетровай зоне, а ў 100-кіламетровай аддаленасці ад яе, дзе-небудзь на Магілёўшчыне ці Гомельшчыне жыў нехта з вашай сям’і, што б вы зрабілі?..» — і ён, пакруціўшыся трохі вакол рознаўзроўневых дозаў радыяцыі, усё ж адказаў: «Вывез бы, бо жыць там нельга. Калі, вядома, жыць, а не паміраць…» 

А мы вось, хто не памёр, жывём… І карумпаваныя чыноўнікі з МАГАТЭ разам з нашымі дзяржаўнымі кіраўнікамі даводзяць, як і ад пачатку даводзілі, што Чарнобыль нам зусім не ў шкоду, калі не на карысць. Асабліва, як некалі сказаў Аляксандр Лукашэнка, для мужыкоў. Дык ці праз гэта яны ў нас амаль перавяліся? Ну, калі трываюць той здзек, які ўжо амаль столькі ж часу, колькі выпраменьвае атруту Чарнобыль, чыніць над нашай зямлёй і людзьмі цяперашні рэжым. 
Торгнуўся час. Паплылі за вагонамі 
Зоннага шляху слупы верставыя... 
Вочы дарослыя — поўныя зонаю. 
Вочы дзіцячыя — зонай пустыя.
 
naviny.by
Читать полностью:http://naviny.by/rubrics/opinion/2016/04/26/ic_articles_410_191531/

Читать полностью:http://naviny.by/rubrics/opinion/2016/04/26/ic_articles_410_191531/