У турму на 12 гадоў. Каго ў Беларусі будуць караць за заклік да санкцый?
У Беларусі ўвялі крымінальную адказнасць за заклікі да санкцый. За гэта, паводле новага закону, пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Каго ў першую чаргу закране гэтая мера? DW папрасіла пракаментаваць гэта юрыстаў.
Днямі Аляксандр
Лукашэнка падпісаў закон, які ўводзіць крымінальную адказнасць «за заклікі да
ўжывання санкцый у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян і арганізацый».
Што значыць гэта новаўвядзенне, і да каго яно будзе прымяняцца?
«Сімвалічны жэст з боку заканадаўцаў»
Новы закон, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, уносіць змены ў артыкул 361 КК Беларусі «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». У прыватнасці, уводзіцца крымінальная адказнасць — ад 6 да 12 гадоў пазбаўлення волі — «за заклікі да ўжывання санкцый у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян і арганізацый».
«361-ы артыкул і так “гумовы”, г. зн. у ім няма выразнай дыспазіцыі. Пад фармулёўку пра “здзяйсненне іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы”, можа падпадаць вельмі многае», — кажа адвакат Андрэй Мачалаў, пазбаўлены ў Беларусі ліцэнзіі.
У якасці прыкладу ён прыводзіць справу Максіма Знака, чыя праца ў якасці юрыста трактавалася як «іншыя дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».
«Думаю, новая рэдакцыя артыкула — гэта не столькі юрыдычны крок, каб замацаваць магчымасць прыцягнення да адказнасці, колькі сімвалічны жэст з боку заканадаўцаў. Але і без унясення змяненняў у Крымінальны кодэкс у Беларусі нескладана было прыцягнуць кагосьці да крымінальнай адказнасці за заклікі да санкцый», — лічыць Мачалаў.
Улады хочуць спыніць публічную дыскусію пра санкцыі
«Я разглядаю прыняцце гэтага закона не як пагаршэнне прававога становішча, а як спробу запалохвання. Беларускія ўлады разглядаюць санкцыі як пагрозу, кожная згадка пра якія наносіць шкоду рэпутацыі. Адпаведна, яны хочуць спыніць публічную дыскусію, каб нават беларусы, якія выехалі з краіны, баяліся заявіць пра сваю палітычную пазіцыю», — упэўнены юрыст, адказны за пытанні юстыцыі Народнага антыкрызіснага кіравання і Каардынацыйнага савета беларускай апазіцыі Міхаіл Кірылюк.
Паводле яго слоў, новы закон будзе скіраваны, у першую чаргу, на прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой, якія заяўляюць аб неабходнасці прымянення санкцый.
«У Беларусі я не ўзгадаю ніводнага эксперта, які б апошнім часам мог адкрыта заклікаць да санкцый, не патрапіўшы ў турму і без гэтага закона», — адзначае Кірылюк.
У той жа час, кажа юрыст, прыцягваць да адказнасці людзей магчыма па законах той тэрыторыі, на якой яны знаходзяцца. Ёсць выключэнні, якія замацаваныя ў міжнародных дамовах, напрыклад, у Канвенцыі супраць катаванняў.
«За катаванні могуць пераследаваць па ўсім свеце, паколькі гэта злачынства ацэньваецца як вельмі небяспечнае, магчыма, для рэжыму Лукашэнкі заклікі да санкцый страшней за катаванні, — разважае Кірылюк. — На жаль, беларускі КК не першы год шмат у чым не адпавядае міжнародным стандартам, пра гэта пісалі і праваабаронцы, і Венецыянская камісія. У студзені 2016 года парламент унёс змены ў прынцып тэрытарыяльнасці ў Беларускі КК: і дазволіў прыцягваць да адказнасці за злачынствы, учыненыя за межамі краіны, «калі гэтыя злачынствы накіраваныя супраць інтарэсаў Беларусі». «Адзінае, што можна сказаць на гэты конт, інтарэсы беларускіх уладаў — гэта не інтарэсы Беларусі», — кажа Кірылюк.
Ці могуць пакараць за каментар пра санкцыі?
«Ёсць такое ўражанне, што гэта будзе працаваць адвольна, г. зн. караць будуць не толькі за нейкія прамыя заклікі, але і за тыя ці іншыя абмеркаванні магчымасцяў, мэтазгоднасці санкцый. Гэта ўсё, напэўна, будзе дзейнічаць выбарча і служыць сродкам рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў», — мяркуе, у сваю чаргу, юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка. Па такім жа прынцыпе, па яго думку, у Беларусі прымяняецца арт. 130 КК аб «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні».
«Людзі, якіх прыцягваюць па ім да крымінальнай адказнасці, часта не выказваюць якіх-небудзь прамых заклікаў да тых ці іншых дзеянняў, а разважаюць пра штосьці, выказваюць сваё меркаванне, тым не менш іх пазбаўляюць свабоды», — адзначае Сапелка.
«Я не думаю, што ў гэтых зменаў ёсць нейкая выразная накіраванасць на нейкую групу людзей. Упэўнены, па ёй могуць прыцягваць і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія знаходзяцца за мяжой, якія публічна заклікаюць да санкцый, і якога-небудзь каментатара ў Беларусі, які выказаўся пад публікацыяй у СМІ», — лічыць, у сваю чаргу, Андрэй Мачалаў.