Сярэднявечная спадчына ў Год народнага адзінства

Як паказала практыка, для дасягнення адзінства ў Год народнага адзінства без узмацнення ролі сілавых структур не абысціся.

cleric_knight_workman.jpg


На думку класіка цывілізацыйнага аналізу Арнольда Тойнбі, закон выкліку і адказу вызначае развіццё цывілізацый. Ні адно грамадства не адчувае недахопу ў выкліках. Яны фарміруюцца пад уплывам гістарычных сітуацый і прыродных фактараў. Напрыклад, Вялікае перасяленне народаў IV–VII стагоддзяў, без якога немагчыма ўявіць гісторыю Еўропы, з’явілася адказам на пахаладанне, што доўжылася некалькі стагоддзяў.У наш дынамічны час геапалітычныя выклікі (пра іншыя не згадваем) плодзяцца, нібы трусы. Звернемся да бабулькі-Еўропы.
Еўрапейскі саюз разглядаўся бацькамі-заснавальнікамі ў якасці інструмента для вырашэння эканамічных і прававых задач. На палітычную самастойнасць нацыянальных дзяржаў яны не замахваліся. Аднак трусы не прымусілі сябе чакаць. Сярод апошняга прыплоду — агульнаеўрапейская праграма вакцынацыі, план аднаўлення з салідарным запазычаннем, пагроза ваенных канфліктаў на знешніх межах, кліматычныя змены і міграцыйны ціск (падзеі на беларуска-польскай мяжы — толькі адзін з элементаў такога ціску). У якасці вішанькі на торце варта дадаць палітыку «Газпрама», якая зрабіла свой унёсак у рэкордны рост цэнаў на газ для еўрапейскіх спажыўцоў.
Адказ на кожную з пералічаных праблем патрабуе стварэння агульнаеўрапейскіх механізмаў, здольных выпрацоўваць палітычныя рашэнні. І такія механізмы выпрацоўваюцца. У прыватнасці, варта згадаць еўрапейскую памежную службу Frontex, чый бюджэт вырас з € 460 мільёнаў у 2020 годзе да € 544 мільёнаў у 2021-м.
«Калі ЕС, — тлумачыць незалежны аналітык Сяргей Міхайлаў, — дасягне згоды адносна крытэрыяў бежанца, які прэтэндуе на прытулак, у адрозненне ад нелегальнага парушальніка межаў, вартага дэпартацыі, то Frontex зможа разгарнуць сваю дзейнасць па перыметры еўрапейскіх рубяжоў, маючы ў сваім распараджэнні адзіную базу даных і самыя сучасныя сродкі кантролю. Для Расіі і Беларусі гэта будзе азначаць, што новыя гібрыдныя атакі на ўсходніх межах ЕС, калі яны будуць, сустрэнуць значна больш арганізаваны супраціў, чым увосень 2021 года».

Паміж выклікам і адказам

Галоўны выклік, з якім сутыкнуліся заснавальнікі Саюзнай дзяржавы, фарміруецца не канкрэтнымі «мярзотнікамі», якія засядаюць ва ўрадавых кабінетах еўрапейскіх сталіц, а самім ходам гісторыі. Імя гэтага выкліку — постіндустрыялізм.
Ад яго немагчыма адмахнуцца, нібы ад назойлівай мухі, бо, як падкрэсліваў Тойнбі, «выклік, які застаўся без адказу, узнікае зноў і зноў».
Развіццё ёсць паслядоўная змена выклікаў і адказаў. Сам факт паспяховага адказу спараджае новы выклік. У гэтым, згодна з класікам цывілізацыйнага аналізу, «крыецца прырода рытму росту, паколькі, з аднаго боку, рух не быў бы неперарыўным, калі б паспяховы адказ азначаў сабой канец і не меў на ўвазе новага выкліку».Беларуская мадэль ёсць адказ на выклік павальнага дэфіцыту, у якім загразла яе савецкая папярэдніца. Дэфіцыт яна пераадолела за кошт дапушчэння прыватнай ініцыятывы ў эканоміку і пераносу цэнтру цяжару з адміністрацыйных механізмаў на рынкавыя пры размеркаванні рэсурсаў.
Такім чынам, поспех у наяўнасці. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова выйсці ў двор гарадскога мікрараёна. Не толькі сталічны, але практычна кожны правінцыйны двор сёння застаўлены аўтамабілямі.Рост дабрабыту, памножаны на магчымасць праяўляць эканамічную актыўнасць, спарадзіў попыт на палітычныя правы, што і стала прычынай фарміравання новага выкліку.
Попыт на палітычныя правы, у сваю чаргу, спарадзіў масавыя пратэсты ў 2020 годзе, што не магло не прымусіць Захад перагледзець сваё стаўленне да чарговых так званых «прэзідэнцкіх выбараў». Пра тое, што яны з сябе ўяўляюць, Захад і раней быў выдатна інфармаваны, але на многае заплюшчваў вочы, бо справядліва лічыў праблему адпаведнасці беларускіх выбараў дэмакратычным стандартам унутранай праблемай.

Ачагі актыўнасці спыненыя

«Выклік, які застаўся без адказу, узнікае зноў і зноў»… І без падказкі Тойнбі гэта ўсведамляюць у Палацы Незалежнасці. Адкрыйце любы прэс-рэліз на галоўным сайце краіны, напрыклад, ад 14 снежня: «На прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці ў нас заўсёды былі праблемы. Айцішнікі і іпэшнікі ў вас (у Магілёўскай вобласці. – С.Н.) таксама ёсць. Яны ж не сканцэнтраваны толькі ў Парку высокіх тэхналогій».Здавалася б, наяўнасці ў краіне айцішнікаў і іпэшнікаў «дзяржаве для народа» варта радавацца. Аднак і першыя, і другія не толькі не чуць хадзіць строем, але яшчэ наровяць разбрысціся. Паспрабуй за ўсімі ўсачыць.
Зразумела, аматарам лавіць рыбку ў каламутнай вадзе радавацца рана. Дам слова начальніку ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці Ігару Паўлюшчанку: «У цяперашні час сацыяльна-палітычная абстаноўка ў рэгіёне ў цэлым стабільная і кантралюемая. З улікам праведзенай працы на працягу апошняга года былі спыненыя ачагі актыўнасці, якія раней траплялі ў поле зроку».
Ачагі актыўнасці спыненыя. Адлягло. Але хто дасць гарантыю, што яны не ўзнікнуць зноў? Абстаноўка ў працоўных калектывах па-ранейшаму патрабуе падвышанай увагі. «Калі мы (Упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці. — С.Н.) яе ўтрымаем на тым узроўні, як цяпер, то нейкіх нечаканых момантаў для нас тут не будзе».
Як паказала практыка, для дасягнення адзінства ў Год народнага адзінства без узмацнення ролі сілавых структур не абысціся. Чаму? Тут напрошваецца паралель з тэзісам таварыша Сталіна аб узмацненні класавай барацьбы па меры пабудовы сацыялізму.
Класы, а разам з імі і класавая барацьба, засталіся ў мінулым. Аднак саслоўяў у межах Саюзнай дзяржавы ніхто не адмяняў. Яны дасталіся нам у спадчыну не ад СССР, а ад Сярэднявечча. У саслоўных жа грамадствах закон у якасці сацыяльнага інтэгратара адыгрываў падпарадкаваную ролю, дамінавалі ж вера (ідэалогія) і сіла.
***І на заканчэнне яшчэ адна цытата з Тойнбі: «У немагчымасці даць паспяховы адказ на выклік палягае сутнасць катастрофы сацыяльнага надлому, які перапыняе працэс росту, спараджае працэс распаду. Грамадства, што распадаецца, не ў стане даць адказ на кінуты яму выклік, а пакуль выклік застаецца без адказу, ён няўмольна нагадвае пра сябе грамадству».