Шульгана і Канавальчыка будуць судзіць у панядзелак.
Цяпер іх трымаюць на Акрэсціна.
Ранейшага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Юрыя Шульгана і яго паплечніка Паўла Канавальчыка будуць судзіць за дробнае хуліганства і з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым
стане. Разбіральніцтва адбудзецца ў панядзелак, 20 ліпеня. Да суда абодва будуць знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, паведамілі БелаПАН у Маскоўскім РУУС
Мінска.
Учора Шульган і Канавальчык прышлі ў ЦВК падаваць дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Аднак супрацоўнікі міліцыі не пусцілі туды прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду і
заявілі, што Шульган знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Сам удзельнік прэзідэнцкай гонкі заявіў прысутным журналістам, што “з раніцы не спажываў, і нават гатовы прайсці
тэкст на алкаголь — гатовы дыхнуць”.
Затым з ЦВК выйшаў чалавек і зрабіў Шульгану заўвагу за неадэкватныя паводзіны. Пазней з’явіліся супрацоўнікі міліцыі. Яны затрымалі Шульгана і Канавальчыка, пасадзілі ў міліцэйскі
аўтамабіль і звезлі.