Сельвыканкам патрабуе тлумачэнняў ад актывістаў, якія знайшлі ў лесе чалавечыя парэшткі

Ужо некалькі гадоў, як мясцовыя жыхары знаходзяць чалавечыя парэшткі ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Актывісты з абласнога цэнтру напісалі пра гэта заявы ў пракуратуру, міліцыю і следчы камітэт. Цяпер Мазалаўскі сельвыканкам патрабуе, каб яны з'явіліся для "высвятлення акалічнасцяў".



vicebsk_pahavanne.jpg

Запрашэнні дзіўнага зместу атрымалі Барыс Хамайда, Ян Дзяржаўцаў і Леанід Аўтухоў.

"Прашу з'явіцца ў Мазалаўскі сельвыканкам для высвятлення акалічнасцяў па пытанні раскопак”, гаворыцца ў паперы, атрыманай па пошце.

"Дзіўная папера, атрымліваю такую другі раз. Першы раз атрымаў у той самы дзень, як мне прызначылі тэрмін, другі раз папера прыйшла, калі мяне не было ў горадзе, — расказвае Барыс Хамайда. — Я нават на першую адказаў, што не паспяваю прыехаць. А потым стаў разважаць, ці ехаць туды ўвогуле. Сельвыканкам да мяне не мае аніякага дачынення, бо я жыву ў горадзе. У паперы не значыцца, у якасці каго мяне выклікаюць і дзеля чаго. Што ў лесе ёсць парэшткі, старшыня сельвыканкаму Леанід Дубіна бачыў на ўласныя вочы. Таксама ён бачыў, што ў лесе панарытыя нейкія ямы — верагодна, там нешта шукаюць "чорныя капальнікі". Спадар Дубіна ведае, што мы самі нічога не раскопвалі — косткі і прастрэленыя чарапы з кулявымі адтулінамі ўвогуле ляжаць на паверхні, іх няма чаго раскопваць".

Праваабаронца Леанід Свецік не выключае, што актывістаў выклікаюць у сельвыканкам, каб распачаць супраць іх адміністрацыйную справу:

паперы напісана, што ў выканкам прыйшлі дакументы са следчага камітэта. Але ў следчым камітэце актывісты былі, тлумачэнні давалі. Якога "высвятлення" хоча сельвыканкам, незразумела. Бо актывісты да мясцовых уладаў звярталіся неаднаразова, сваю пазіцыю выкладалі: маўляў, паводле сведкаў, у гэтым лесе расстрэльвалі ахвяраў сталінскага тэрору — 1930-я гады. Прапаноўвалі, каб выканкам дазволіў зрабіць прыборку гэтага ўчастка леса. Але дазволу не атрымалі. Таму самі некалькі разоў прыходзілі туды з кветкамі, свечкамі, маліліся на месцы загубы невядомых людзей".

Хто знайшоў апошні спачын у лесе каля вёскі Хайсы, дагэтуль невядома. Актывістам паведамілі толькі тое, што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. Прычыну і даўніну смерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія забіралі з лесу на экспертызу, проста перададзены службам ЖКГ для пахавання. Падрабязнасцяў даведацца не ўдаецца: актывістам напісалі, што яны не лічацца заяўнікамі па гэтай справе, а таму вынікі доследаў іх нібыта не тычацца.

Паводле сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, яны звярталіся з заявамі пра парэшткі ў абласныя структуры, а тыя пераслалі звароты ў раённы аддзел Следчага камітэту. І фактычна заяўнікамі сталі самі, пакінуўшы актывістаў убаку ад справы. Аднак цяпер пра іх раптам "прыгадалі" і пачалі выклікаць у сельсавет з незразумелымі мэтамі. Тым болей, што старшыня сельвыканкаму ў размове з актывістамі не раз паўтараў: "Аніякіх мемарыялаў у мяне тут не дачакаецеся!" А ў газеце Віцебскага раёну «Жыццё Прыдзвіння» ў нумары за 19 траўня быў апублікаваны артыкул Н. Цірусавай пад загалоўкам «…Где гремели бои», дзе чытачоў падводзілі да думкі, што ў лесе пад Хайсамі, найверагодней, знаходзяць парэшткі ахвяраў баёў мінулай вайны. Чаму памяць пра герояў ў год Перамогі так і не была ўшанавана належным чынам, аўтарку не турбуе, але яна ўпарта падкрэслівае, што дзейнасць тых, хто парушае парадак ускрыцця вайсковых пахаванняў, караецца законам. Толькі не піша, што супраць "чорных капальнікаў" якраз такі і змагаюцца актывісты, патрабуючы высвятлення, чые парэшткі ляжаць у лесе, і чаму мясцовая ўлада не турбуецца, каб іх пахаваць па-людску.

 

spring96.org