Рыгор Кастусёў: «Даказаць, што Лукашэнка – незаконны прэзідэнт»
У межах міжпартыйнай кампаніі назірання «Права выбару-2020» старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў звярнуўся з відэазваротам да выбаршчыкаў. Палітык заклікаў грамадзянаў Беларусі вылучацца ў назіральнікі на выбары — каб не дапусціць легітымізацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Палітык адзначыў важнасць назірання за тым, што адбываецца на ўчастках у асноўны дзень выбараў і ў часе датэрміновага галасавання: «Сёння ўлады Беларусі вельмі актыўна працуюць на тое, каб зноўку Аляксандр Лукашэнка застаўся кіраўніком дзяржавы. І мы павінныя гэтаму супрацьстаяць. Менавіта назіраннем мы павінныя даказаць, што ён – незаконны прэзідэнт, што ён захапіў незаконна ўладу ў Рэспубліцы Беларусь. І мы павінныя даказаць гэта не толькі беларускай супольнасці, грамадзянам Беларусі — мы павінныя даказаць і паказаць гэта сусветнай супольнасці», — сказаў Рыгор Кастусёў.
Кампанія «Права выбару-2020» абʼядноўвае 8 палітычных і грамадзянскіх структур: Абʼяднаную грамадзянскую партыю (АГП), Беларускі Народны Фронт (Партыя БНФ), Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю (БХД), Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду) (БСДП), рух «За свабоду», Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу (ПСП), прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Стратэгічная мэта назірання — дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, а таксама правядзенне выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і прынцыпамі.
Назіранне на ўчастках арганізуецца БНФ ды іншымі партыямі-удзельніцамі супольнай кампаніі назірання «Права выбару» як ў асноўны дзень галасавання 9 жніўня, так і падчас датэрміновага галасавання, якое будзе адбывацца з 4 па 8 жніўня.
Сябрам БНФ ды іншым грамадзянам, якія жадаюць быць накіраванымі на выбарчы ўчастак у якасці назіральніка, трэба звярнуцца ва ўправу БНФ на мэйл uprava@narodny.org. У лісце трэба пазначыць наступныя звесткі:- прозвішча, імя, імя па бацьку
- дату нараджэння
- месца жыхарства
- кантактны тэлефон
- участак куды жадаеце вылучацца (калі ёсьць) з пазначэньнем населенага пункта (раёна).
альбо
запоўніўшы электронную форму на сайце «Права выбару».
Паводле прэс-рэліза