Пранкеру Вавану спатрэбіліся пяць чалавек, каб дазваніцца да Лукашэнкі

Пранкер Vovan222 апавёў Радыё Свабода, што гаварыў з сапраўдным Аляксандрам Лукашэнкам. Прыблізна пяць чалавек спатрэбілася, каб ён дазваніўся да кіраўніка дзяржавы, прадставіўшыся сынам Віктара Януковіча.



vovan222.jpg

Vovan222
Vovan222 нават не паклапаціўся займець сім-карту «без гісторыі» і кажа, што ні ў кога з блізкага асяроддзя прэзідэнта не ўзьнікла да яго дадатковых пытанняў.
Але ў Інтэрнэт трапіў не ягоны запіс. «Аляксандра Лукашэнку праслухоўваюць СБУ ці заходнія спецслужбы, — лічыць Vovan222. — Вашаму прэзідэнту варта паклапаціцца пра сваю бяспеку. Тыя, хто запісваў нашую размову, думалі, што тэлефануе сапраўдны Віктар Януковіч».
Vovan222: «Запіс, які ўчора з'явіўся, не мой, як гэта ні дзіўна. Яго зрабіў нехта старонні. Я планаваў яшчэ раз пагаварыць з Лукашэнкам, магчыма, праз пару дзён. Запіс быў зроблены ў суботу ранкам. А ўжо ў ноч з нядзелі на панядзелак у фэйсбуку ўкраінскага журналіста Мустафы Найема з'явіўся вельмі дэтальны допіс наконт гэтай размовы. І выглядала гэта нібыта рэальная размова, а журналіст падаў гэта як інфармацыю з пэўнай крыніцы.
А наступнай раніцай гэты запіс зьявіўся ў адным з украінскіх СМІ. І гэты запіс пачынаецца з таго моманту, калі ад’ютант звоніць мне. Гэта самы цікавы момант. Атрымліваецца, што нехта староньні запісваў.
У мяне адна версія, хто б гэта мог быць. Магчыма, Аляксандра Рыгоравіча слухалі спэцслужбы: СБУ ці заходнія спэцслужбы. І злілі гэтую размову кіеўскім уладам. А тыя ў сваю чаргу вырашылі апублікаваць праз Мустафу Наема. Таму што гэта дзіўная гісторыя. Сёння я выклаў у «Укантакце» свой запіс».
— Мы думалі, што слухаюць вас, а аказваецца, слухаюць не вас.
— Так. Думаю, што людзі, якія гэта слухалі, не зразумелі, што званіў не сын. Яны думалі, што гэта званіў рэальны Віктар Януковіч. І таму вырашылі гэта зліць праз журналіста. Я сам здзівіўся, калі гэты запіс з'явіўся ў Інтэрнэце.
— І што, вось так любы «Вова» можа пазваніць прэзідэнту Лукашэнку?
— Не, канечне, не любы. Я ўжо «набіў руку» на такіх званках. Дзейны прэзідэнт у мяне пакуль першы. Але да таго былі міністры і Расеі, і Украіны і іншыя высокапастаўленыя асобы. Я ведаю некаторыя сакрэты, якія дазваляюць не заўжды, але калі магчымасць ёсць, дазваніцца на самы верх.
— Вам нехта дапамагае?
— Добрыя людзі ў Адміністрацыі Лукашэнкі? (Смяецца). Ды не, што вы! Я думаю, што калі б я такое сказаў, то іх бы адразу звольнілі. Не, ніхто. Канечне, мне іншым разам даюць тэлефоны добрыя людзі, журналісты ці проста дапамагаюць. Але з блізкага асяроддзя наўрад ці нехта будзе рызыкаваць сваёй кар’ерай дзеля такіх рэчаў.
— А Лукашэнка сапраўдны?
— Канечне, самы-самы сапраўдны. Я так зразумеў, што ягоная прэс-служба не каментуе гэтую гісторыю. Але калі б быў не ён, то яны б адразу абвергнулі любыя інсінуацыі. Гэта самы разумны выхад — прамаўчаць.
— Як адбывалася гэтая размова?
— Вы ўсё чулі, там няма ніякіх «закадравых» гісторый. Гэты запіс выкладзены цалкам. Я, бывае, прыбіраю тэхнічныя дэфекты. А тут была выкладзена версія «праслушкі» — чысты запіс.
Думаю, ён разумеў, што мяне могуць слухаць, ці яго могуць слухаць. Таму ў прынцыпе ён нічога сур’ёзнага не сказаў. Проста пацьвердзіў, што гатовы дапамагчы, трэба сустракацца, а дэталі будуць пры сустрэчы.
— А калі ў вас узнікла думка пазваніць менавіта Лукашэнку?
— Недзе месяц таму. Мне было ляніва гэтым займацца, але я ўсё ж знайшоў час. Якраз быў адпаведны момант. Выбраў Віктара Януковіча, бо самім Януковічам я не магу быць — па ўзросце не падыходжу. Не думаю, што ён калісці размаўляў з сынам Януковіча. Гэта была самая адпаведная кандыдатура ў гэтым сэнсе.
— Якіх наступстваў вы чакаеце ад гэтай размовы?
— Я спадзяюся, што адзінае наступства — Лукашэнка зоймецца тымі, хто яго насамрэч праслухоўвае. Мне гэта самому цікава. А так — сумняваюся, што будуць нейкія наступствы.
— Не баіцеся пераследу?
— Не думаю, што гэтая гісторыя такая сур’ёзная, каб мець наступствы.
— Гэта ж удар па іміджы прэзідэнта, па сістэме ягонай аховы, бяспекі…
— Ну чаму? Калі б ён мацярыўся, крычаў, лаяўся ці дзяржаўныя сакрэты выдаваў, то быў бы ўдар, а так… Канечне, па ахове — так, але гэта ўжо асабістыя пытанні службы бяспекі. Паглядзім, што там будзе. У прынцыпе, гэта нечакана. І я сумняваюся, што яны меркавалі, што такое можа быць.
— Праз колькі людзей вы дайшлі да прэзідэнта?
— Чалавек пяць. Было некалькі пераключэнняў. Гэта заняло некалькі дзён.
— І ні на адным этапе вас не правяралі?
— Не. Я пакінуў свой тэлефон, і ўсё.
— У вас была чыстая сім-карта? Без гісторыі?
— Гісторыя нейкая была, але я не думаю, што гэта важна. Нават калі б яна была на некага зарэгістраваная, то, думаю, ніхто б не глядзеў на гэта.
— З Беларусі спецслужбы да вас не звярталаіся?
— Не, толькі прэса.
— Вось у вас ёсць магчымасць ад свайго імя да прэзідэнта звярнуцца.
— Я б параіў паклапаціцца пра сваю бяспеку. Адна справа — розыгрыш. І зусім іншая — калі рэальна нехта праслухоўвае. Гэта нашмат страшней. Мне здаецца, гэтае пытанне трэба вырашаць.
Аляксандра Дынько, svaboda.org