Прадстаўніцтва ЕС: Стварэнне міграцыйных цэнтраў у Беларусі пачнецца ў 2017 годзе

Праект па стварэнні ў Беларусі міграцыйных цэнтраў пры падтрымцы Еўрасаюза плануецца запусціць ужо сёлета.

Фота Lars Pehrson / SvD / TT / Forum

Фота Lars Pehrson / SvD / TT / Forum

Пра гэта паведамляе «СБ. Беларусь сегодня» са спасылкай на прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі.

«Чакаецца, што ажыццяўленне праекту пачнецца ў бягучым, 2017 годзе», — распавялі ў прадстаўніцтве ЕС.

Пры гэтым адзначылі, што пра размяшчэнне «якіх заўгодна ўцекачоў з ЕС» у цэнтрах часовага размяшчэння нелегальных мігрантаў гаворкі не вядзецца:

«Як і тыя, што ўжо ёсць, так і будучыя цэнтры часовага знаходжання нелегальных мігрантаў прызначаныя для размяшчэння асобаў, якія прыбылі ў Беларусь нелегальна і, як ужо адзначылі ў МУС, размяшчацца яны будуць на час, неабходны для ўстаноўкі іх асобы і наступнай дэпартацыі альбо добраахвотнага вяртання ў краіну паходжання».

Будаўніцтва і рэканструкцыя цэнтраў для часовага размяшчэння мігрантаў — адзін з трох кампанентаў праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі нашай краіне ў вырашэнні праблемы росту колькасці нелегалаў. Еўрасаюз у межах праекту выдаткуе Беларусі 7 мільёнаў еўра.

belsat.eu