Польскі эксперт: “Беларусь не зможа і далей адцягваць старт малога памежнага руху”
Спазненне Беларусі ў развіцці візавых стасункаў з ЕС відаць яшчэ ў адной сферы — малым памежным руху (МПР).
Дамова аб МПР дазваляе жыхарам памежжа без візы наведваць памежную тэрыторыю (30–50 км) суседняй краіны. Такая дамова дзейнічае толькі на беларуска-латвійскім памежжы. Літва і Польшча ўжо падпісалі неабходныя дакументы для старту МПР з Беларуссю, але цягам чатырох гадоў не атрымліваюць адказу з беларускага боку.
У Расіі дзейнічае ўжо тры такія дамовы (з Нарвегіяй, Латвіяй і Польшчай), ва Украіне — чатыры (з Польшчай, Славакіяй, Венгрыяй і Румыніяй).
— Афіцыйны Мінск не зацікаўлены стартам МПР збольшага з-за эканамічных прычын, — тлумачыць эксперт варшаўскага Цэнтра усходніх даследаванняў Войцех Кананьчук. — Я быў у Беларусі сёлета. У вас дорага. Магчымасць ездзіць на закупы ў памежжа падарве беларускую эканоміку.
У адным Беластоку беларусы штогод пакідаюць каля паўмільярда злотых. Эксперт заўважыў, што бачыць два шляхі развіцця падзей МПР у Беларусі.
— Першы — беларускі бок і надалей не будзе адкрываць мяжу. Але гэта састарэлая мадэль, усе суседнія краіны развіваюцца і адкрываюць межы. Колькі Беларусь зможа так пратрымацца? Не думаю, што доўга. Другі шлях — пакрокавая лібералізацыя, якую трэба пачынаць ужо цяпер.
— Для мяне дзіўна, што ніводная палітычная сіла яшчэ не выкарыстала гэту карту — малы памежны рух, — каментуе Андрэй Елісееў. — Яна ж проста ў руках ляжыць. Малдова, напрыклад, вельмі доўга марудзіла са стартам МПР з Румыніяй. Тады некаторыя партыі правялі дзясяткі сустрэч на памежжы, раздавалі буклеты аб выгодах МПР. І гэта вельмі дапамагло і прыспешыла працэс. У Беларусі пакуль такога няма.