Першы з дыпламатаў: Амбасадар Беларусі ў Славакіі падаў у адстаўку

Па словах дыпламата, яго шакавалі гісторыі пра катаванні і збіццё на радзіме. "Сотні маіх суайчыннікаў адчулі на сабе, што шэраг прадстаўнікоў праваахоўных органаў у поўнай меры адрадзілі традыцыі НКУС у талерантнай Еўрапейскай Беларусі XXI стагоддзя", — сказаў Ігар Ляшчэня.

Фота з сайта slovakia.mfa.gov.by

Фота з сайта slovakia.mfa.gov.by



Пасол Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня выступіў у падтрымку грамадзян, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасля выбараў прэзідэнта. 
"Я салідарны з тымі, хто выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў з мірнымі шэсцямі, каб іх голас быў пачуты. Як ураджэнец горада Жодзіна, я з вамі, рабочыя БелАЗа і Кавальскага завода цяжкіх штамповак", — заявіў Ляшчэня.
Па словах дыпламата, яго шакавалі гісторыі пра катаванні і збіццё на радзіме. "Сотні маіх суайчыннікаў адчулі на сабе, што шэраг прадстаўнікоў праваахоўных органаў у поўнай меры адрадзілі традыцыі НКУС у талерантнай Еўрапейскай Беларусі XXI стагоддзя", — сказаў Ляшчэня.
Амбасадар заявіў таксама, што на сайце выдання Tut.by "у адной з фатаграфій месіва з сінякоў і кровападцёкаў" апазнаў аднакласніка сваёй дачкі, "які сапраўды ніколі не быў бунтаўшчыком".
Дыпламат канстатаваў, што МЗС часта прыраўноўваюць да сілавых ведамстваў, задача якіх не дапусціць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны. Пры гэтым ён падкрэсліў, што "складнікамі згуртаванай, моцнай і не схільнай знешнім уплывам дзяржавы з'яўляюцца павага волі народа, яго мовы, гісторыі і культуры". Амбасадар выказаў надзею, што будучыня Беларусі будзе заснавана на ўліку пазіцый усіх слаёў грамадства і прадстаўнікоў розных палітычных партый.

— Я сапраўды падаў заяву аб адстаўцы. Гэта — лагічны крок, паколькі як амбасадар я прызначаны дзейным прэзідэнтам і мяркуецца, што павінен праводзіць вызначаную ім палітыку. МЗС мяркуе, што выяўленая ў маёй заяве грамадзянская пазіцыя выйшла за гэтыя рамкі, — распавёў TUT.BY Ігар Ляшчэня.
Ігар Ляшчэня быў прызначаны паслом Беларусі ў Славакіі ў ліпені 2016 года. У розныя гады ўзначальваў амбасады ў Егіпце і Ізраілі, у 2002-2006-м быў памочнікам прэзідэнта па знешнепалітычных і знешнеэканамічных пытаннях.