Павел Усаў: ЗША адкрылі для сябе Беларусь і зрабілі яе новым фронтам
Часам 15
хвілін маюць большае значэнне, чым 5 гадзін.
Палітычны аналітык Павел Усаў у эфіры «Радыё Рацыя» пракаментаваў сустрэчу Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Прапануем некаторыя высновы палітолага.
— Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Джо Байдэнам. Сустрэч на такім узроўні ў прадстаўнікоў Беларусі даўно не было…
— Улічваючы, што гэта не дзеючы кіраўнік краіны, а выбраны прэзідэнт — Ціханоўская, якая па факце не прыступіла да выканання сваіх функцый з прычыны фальсіфікацый і брутальнай зачысткі палітычнай прасторы, то той факт, што афіцыйнае кіраўніцтва ЗША сустракаецца з Ціханоўскай — гэта безумоўнае прызнанне сімвалічнага лідара краіны. І гэта азначае, што, прынамсі, бліжэйшым часам ЗША будуць аказваць шырокую падтрымку нацыянальнаму руху, уласна Ціханоўскай і пашыраць палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі. І таксама гэта азначае, з пункту гледжання геапалітычнага, што вельмі важна для Беларусі тое, што ЗША гатовыя ўступіць у доўгую пазіцыйную барацьбу з Расіяй за ўплывы ў Беларусі. Канешне, Расія мае значна больш механізмаў. Але ЗША цалкам адкрылі для сябе Беларусь і зрабілі яе новым фронтам геапалітычнай барацьбы з аўтарытарнай Расіяй.
— Калі вярнуцца да самой сустрэчы, то што менавіта ў ёй важна — сам яе факт ці працягласць размовы?
— З пункту гледжання
сімвалічнага, ідэалагічнага, геапалітычнага, гэтыя 15 хвілін — гэта
дастаткова, гэта паказчык таго, што ЗША цалкам падтрымліваюць імкненне
беларускага грамадства да незалежнасці, свабоды і што ЗША на сённяшні момант як
сімвал дэмакратыі, сімвал працы ўсіх дэмакратычных устаноў. І, безумоўна,
гэта дадатковая палітычная легітымізацыя Ціханоўскай. Бо такім легітымізатарам
для Лукашэнкі знешнім з’яўляецца Пуцін, а для дэмакратычнай супольнасці на ўсёй
постсавецкай прасторы — ЗША, якія паказваюць зацікаўленасць,
паказваюць гатоўнасць да далейшых адносін і іх развіцця. І, канешне, з пункту
гледжання сімвалічнага, ідэалагічнага, для Ціханоўскай і дэмакратычнай
супольнасці гэта вельмі важна. Часам 15 хвілін маюць большае значэнне,
чым 5 гадзін.