Павел Усаў аб агрэсіі Расіі: Пад пагрозай Казахстан, Малдова і іншыя пастсавецкія краіны

Прызнанне Расіяй ДНР і ЛНР прывядзе да негатыўных наступстваў для Беларусі.

im578x383_usov_1.jpeg

Пра гэта ў каментары «Филину» заявіў кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава) Павел Усаў.

— Што, на ваш погляд, азначае рашэнне Пуціна ў кантэксце напружанасці ў рэгіёне: шанцы на ваенную развязку зменшыліся або выраслі?

— Расія працягвае любымі сродкамі дамагацца сваёй мэты — аднаўлення гегемоніі на постсавецкай прасторы, падпарадкавання дзяржаў, якія не ўключаныя ў іншыя сістэмы бяспекі. Усё пагаршаецца слабасцю іх эканомік і аўтарытарнымі рэжымамі.

Другая мэта Расіі — выступіць альтэрнатыўным геапалітычным полюсам, які супрацьстаіць Захаду, абмежаваць уплыў і панаванне ЗША і NATO, вярнуцца да сітуацыі часоў існавання Савецкага Саюза.

Думаю, пасля адкрытай акупацыі ДНР і ЛНР нагнятанне абстаноўкі з боку Расіі працягнецца — з жаданнем прымусіць заходнія краіны пайсці на саступкі.

Эскалацыя канфлікту вакол Украіны будзе ўзмацняцца. Беларусь у гэтай сітуацыі становіцца часткай вялікай гібрыднай вайны Пуціна.

— Пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што прызнанне самаабвешчаных рэспублік — падстава для далейшага ўварвання ва Украіну. Няўжо Масква не спыніцца на дасягнутым?

— Безумоўна, не спыніцца.

Мэта Расіі — уся Украіна. Пытанне толькі ў тым, якую форму набудзе гэтая вайна. Верагодней за ўсё, мы ўбачым працяг гібрыднай вайны з отколваннем тэрыторый, стварэннем умоў для калапсу ўкраінскай дзяржаўнасці знутры.

Адкрытая вайна з Украінай, вядзенне баявых дзеянняў на ўсёй яе тэрыторыі можа стаць фактарам разбурэння не толькі Украіны, але і Расіі. Гэта прывядзе не толькі да жорсткіх санкцый Захаду, але і да хуткага знясілення ўнутраных рэсурсаў РФ, што створыць умовы для ўнутранага крызісу.

— Ці прызнае ДНР і ЛНР Лукашэнка?

— Сёння існуе вялікая верагоднасць, што ён будзе вымушаны гэта зрабіць.

Расійскія войскі, якія, па сутнасці, сталі гаспадарамі ў Беларусі, — сведчанне таго, што Лукашэнкі як суверэннага кіраўніка больш не існуе.

Хоча Лукашэнка таго ці не, але ён з'яўляецца інструментам у геапалітычных гульнях Масквы.

— Якімі будуць наступствы для Мінска ў выпадку прызнання ДНР і ЛНР? Як адрэагуе Украіна?

— Пакуль няпроста адказаць на гэтае пытанне. Пры самым радыкальным сцэнары Кіеў разарве ўсе эканамічныя і дыпламатычныя адносіны з Беларуссю. Для нашай краіны гэта стане моцным ударам. Украіна — вялікі рынак збыту беларускай прадукцыі. (Па словах прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, тавараабарот дзвюх краін цяпер складае каля 6 мільярдаў долараў у год, з якіх 4,5 мільярда — экспарт Беларусі). Адпаведна беларускі экспарт можа абваліцца на мільярды долараў.

— Якімі будуць наступствы рашэння Пуціна для Расіі і яе эканомікі — чым адкажуць заходнія краіны?

— Спектр варыянтаў тут таксама досыць шырокі. Усё будзе залежаць ад гатоўнасці даць маштабны адказ. Паўнавартасныя санкцыі, адключэнне ад SWIFT нанясуць моцны ўдар па расійскай эканоміцы.

На мой погляд, мінімум, на які маглі б пайсці заходнія краіны — арыштаваць рахункі расійскіх алігархаў і палітыкаў, выслаць іх сем'і з Англіі, Францыі, Швейцарыі. Але сумняваюся, што Еўропа зробіць нават гэта.

Акрамя дэкларацый і заяў, ЕС, па сутнасці, не робіць нічога. Ён знаходзіцца ў разгубленасці ад дзеянняў Расіі. Там няма палітычнай волі, а ёсць страх узмацніць раздражненне Расіі, асцярогі, што радыкальны адказ справакуе Пуціна на далейшую агрэсію.

Давайце рэальна ацэньваць тое, што адбылося пасля 2014 года — анэксіі Крыма і вайны на Данбасе. Захад увёў кропкавыя санкцыі, але не больш таго. Хоць пры жаданні заходнія краіны даўно маглі спыніць прасоўванне Расіі: поўнамаштабнымі санкцыямі супраць яе, поўнамаштабнай вайсковай дапамогай для Украіны і ясным сігналам аб тым, што яна ўвойдзе ў NATO. Толькі так можна гарантаваць Украіне далейшую цэласнасць і стабільнасць.

Але ніякіх жорсткіх дзеянняў з боку Захаду не было. Больш за тое, быў зроблены шэраг спробаў нармалізаваць адносіны, было завершана будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2». Мы бачым, што адзінай пазіцыі ў еўрапейскіх краін па Расіі няма, хоць яна павінна была б быць выпрацаваная яшчэ ў 2014 годзе.

— Як рашэнне аб прызнанні ДНР і ЛНР можа паўплываць на знаходжанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі?

— Нават без гэтага прызнання сітуацыя выглядала відавочнай. Дастаткова было вывучыць падпісаную восенню і нядаўна апублікаваную Ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы, дастаткова было паглядзець на паводзіны Лукашэнкі ў апошнія месяцы, каб зрабіць выснову, што расійскія войскі ў той ці іншай форме, у той ці іншай ступені застануцца ў Беларусі надоўга.

А прызнанне Расіяй сепаратысцкіх рэспублік, узмацненне напружанасці ў адносінах з Захадам гэтаму будуць толькі спрыяць. На мой погляд, можна казаць аб гібрыднай ваеннай акупацыі Беларусі — без ваенных дзеянняў, але на аснове схаваных дамоўленасцяў паміж Пуціным і Лукашэнкам.

На доўгі час мы можам забыцца аб стабільнасці і нармальнасці. Беларусь, па сутнасці, ужо стала ахвярай вялікі гібрыднай вайны Расіі, але прастора гэтай вайны будзе яшчэ пашырацца. Пад пагрозай Малдова, Казахстан і іншыя пастсавецкія краіны.

Я не сумняююся, што беларускія вайскоўцы пры неабходнасці будуць удзельнічаць у аперацыях Расіі. Гэта высокая, але лагічная плата з-за пазіцыі той часткі беларускага грамадства, якая стаяла ў баку і не хацела нічога мяняць.