Парламенцкая асамблея NATO прызнала Расію тэрарыстычнай дзяржавай

У альянсе заклікаюць «выразна заявіць, што расійская дзяржава пры цяперашнім рэжыме з'яўляецца тэрарыстычнай».

shutterstock_2113634360_800x450.jpg


Парламенцкая асамблея NATO прызнала Расійскую Федэрацыю тэрарыстычнай дзяржавай. Пра гэта паведаміў кіраўнік пастаяннай дэлегацыі Украіны Ягор Чарнёў. Адпаведная рэзалюцыя была прынята аднагалосна.
Акрамя таго, дакумент таксама заклікае стварыць адмысловы Міжнародны трыбунал па расійскай агрэсіі.
«Усе 30 краін NATO падтрымалі прапановы ўкраінскай дэлегацыі. Такі трыбунал дазволіць асудзіць не толькі непасрэдных выканаўцаў ваенных злачынстваў, але і вышэйшае кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі. Рэзалюцыя будзе накіравана ўрадам і парламентам усіх краін-членаў NATO», — адзначыў Чарнёў.
Раней Латвія і Эстонія прызналі Расію краінай — спонсарам тэрарызму. Сенат Польшчы і Палата дэпутатаў Чэхіі таксама прынялі рэзалюцыі аб прызнанні ўлад Расіі тэрарыстычным рэжымам.
Акрамя таго, краінай з тэрарыстычным рэжымам прызнала Расію і Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ). А 23 лістапада галасаванне па аналагічнай рэзалюцыі правядзе Рада Еўропы.
Выступаючы на пасяджэнні NATO ў Мадрыдзе, кіраўнік альянса Енс Столтэнберг заявіў, што Расія не дасягнула аніякіх пастаўленых мэт ва Украіне і працягвае цярпець няўдачы на фронце.
Паводле слоў Столтэнберга, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін здзейсніў дзве вялікія стратэгічныя памылкі, калі ўварваўся ва Украіну ў лютым: недаацаніў адвагу і волю ўкраінцаў да барацьбы, а таксама рашучасць саюзнікаў і партнёраў па NATO падтрымаць Украіну.
«Ён думаў, што зможа перамагчы Украіну за лічаныя дні. Праз дзевяць месяцаў Расія працягвае зазнаваць няўдачу за няўдачай. А ўкраінцы працягваюць вызваляць сваю тэрыторыю ад акупацыі. Зусім нядаўна — Херсон», — сказаў Столтэнберг.
Пры гэтым генеральны сакратар NATO перасцярог ад недаацэньвання Расіі, якая, паводле яго слоў, захоўвае значны ваенны патэнцыял і вялікую колькасць войскаў.
«Расія гатова несці значныя страты. І гатова прынесці жудасныя пакуты ўкраінскаму народу. Мы бачылі, як беспілотнікі і ракеты наносяць удары па ўкраінскіх гарадах, грамадзянскім насельніцтве і аб'ектах крытычнай інфраструктуры. Таму мы павінны быць гатовымі падтрымліваць Украіну ў доўгатэрміновай перспектыве», — сказаў ён.