Палітвязень Мікалай Статкевіч напісаў заяву аб адзіночным утрыманні ў калоніі
Палітвязень Мікалай Статкевіч, этапаваны нядаўна ў папраўчую калонію №13 у Глыбокім, напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманне. Акрамя таго, у першы ж дзень яго знаходжання ў калоніі яго паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму.
Па словах жонкі палітвязня Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч напісаў заяву аб адзіночным утрыманні з-за некалькіх апасенняў.
«Мікола адразу напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманне з сувязі з пагрозамі ад адміністрацыі і супрацоўнікаў. Гэта дастаткова звычайны падыход, бо ён мае ўжо вялікі жыццёвы досвед таго, што з ім выпадковыя людзі ніколі не сядзяць, і што наяўнасць гэтых выпадковых людзей стварае не толькі пагрозу (бо гэтыя людзі знаходзяцца пад поўным кантролем адміністрацыі), але яны яшчэ пішуць заявы, што Мікола прызнаваўся ім у нейкіх тым злачынствах. У апошнім лісце дарэчы ён узгадаў, што адзіны з яго мінулых сукамернікаў напісаў заяву, што Мікола прызнаўся яму, што нібы ўтварыў нейкае злачынства. Мікалай зрабіў вельмі цяжкі выбар, і для мяне цяжка сябе ўявіць – чалавек, які ўжо 2 гады знаходзіцца адзін вырашаецца такім рашучым спосабам працягваць свой уласны супраціў», — цытуе яе REFORM.by са спасылкай на Радыё Рацыя.
Кажучы пра ўмовы ўтрымання мужа, Марына Адамовіч патлумачыла, што ў Глыбоцкай калоніі Мікалая Статкевіча чакае «асаблівы рэжым», які прадугледжвае для зняволенага «камернае ўтрыманне» не менш, чым на працягу траціны тэрміну, на які ён быў асуджаны.
«Аасаблівы рэжым – гэта такая схаваная турма. Асаблівы рэжым прадугледжвае на працягу не менш, чым траціны тэрміну, камернае ўтрыманне. То бок тое самае, што яны мелі ў СІЗА, толькі без перадач, без двух асобных шпацыраў, і гэтак далей. Яму засталося яшчэ як мінімум тры гады», — патлумачыла Адамовіч.
Яна таксама распавяла, што ў калоніі яе мужу выдалі паласатую робу. Да гэтага палітвязень паставіўся з гумарам.
«І яшчэ адна адметнасць калоніі асаблівага рэжыму, да якой Мікалай паставіўся з яму характэрным гумарам, — гэта паласатая роба. Такая, якая ў нас выклікае асацыяцыі з дзіцячымі мультфільмамі», — дадала Марына Адамовіч.
Мікалай Статкевіч быў затрыманы ў чэрвені 2020 года — яго выцягнулі з аўтамабіля па дарозе на мінскі Камароўскі рынак, дзе Статкевіч збіраўся паўдзельнічаць у перадвыбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай.
Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым пачаўся 24 чэрвеня 2021 года, і праходзіў у закрытым рэжыме. Адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні, таму пра акалічнасці працэсу нічога не было вядома, як не было вядома і пра выстаўленыя артыкулы.
14 снежня 2021 года Статкевіча прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі.