Палітолаг: «Лукашэнка імкнецца аднавіць сацыяльны кантракт з грамадствам»

Навошта Лукашэнка абяцае бюджэтнікам рост заробкаў і ці ёсць для гэтага рэзервы?

budzh1_16.jpg

— Заробак педагога, як і заробак лекара, павінен быць годным. І задачу прэзідэнт паставіў. Яна павінна быць выканана і ў гэтым, і ў наступным годзе. У гэтым годзе ў нас плануецца 800 рублёў у сярэднім па галіне. І мы абавязаныя гэтага заробку дасягнуць да канца года. У наступным годзе заробак павінен быць вышэй, — заявіў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

Іосуб: Усе грошы сыходзяць на пагашэнне крэдытаў

— Па-першае, асаблівых рэзерваў у нашай эканомікі няма. У нас вялікі знешні доўг і бюджэт хоць і зводзіцца з прафіцытам, але гэты прафіцыт, па ідэі, павінен марнавацца на пагашэнне знешняга доўгу, каб хаця б часткова яго вяртаць. Бо зразумела, што вялікая яго частка рэфінансуецца, — распавёў старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.
Паводле яго слоў, нават на гэтыя мэты прафіцыт бюджэту не задзейнічаецца цалкам:
— Частка гэтых сродкаў траціцца на рэалізацыю дзяржаўных гарантый па крэдытах, на павелічэнне долі дзяржавы ў акцыянерных таварыствах. Гэта значыць, гаворка ідзе пра тое, што неэфектыўным прадпрыемствам выдаюцца датацыі ці кампенсуюцца плацяжы па крэдытах на зваротных умовах. І гэтыя сродкі, натуральна, ніколі не вяртаюцца, а пасля афармляюцца, як павелічэнне долі дзяржавы.
Павелічэнне заробкаў адміністрацыйнымі спосабамі эксперт лічыць няўдзячнай і бесперспектыўнай справай.
— Мела б сэнс прыкласці намаганні да таго, каб эканоміка развівалася хутчэй. Але гэта немагчыма зрабіць без сур'ёзных структурных рэформаў. Хуткае развіццё эканомікі і без адміністрацыйнага ўмяшання аўтаматычна б прывяло да росту заробкаў, — перакананы Вадзім Іосуб.
На яго думку, сённяшнія размовы аб павышэнні заробкаў сталі моднымі:
— Гэтую мода задае кіраўнік дзяржавы, яе падхоплівае кіраўніцтва адміністрацыі, затым міністры і гэтак далей.

Карбалевіч: «Эканоміка зноў будзе заклікана вырашыць палітычную задачу»

Эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валерый Карбалевіч раіць не звяртаць увагу на тое, каму сёння паабяцаў зарплату Лукашэнка:
— Заўтра ён сустрэнецца з ваеннымі і раскажа ім пра павышэнне іх заробкаў. Іншая справа, калі ўвязаць сённяшняе абяцанне з пастаўленай на мінулым тыдні задачай выйсці на зарплату ў 1500 рублёў, то тут мы можам казаць пра тое, што Лукашэнка імкнецца аднавіць сацыяльны кантракт з грамадствам. Той сацыяльны кантракт, які быў разбураны эканамічным крызісам. Другі варыянт кантракту, які з'явіўся пасля ўкраінскага крызісу і які прапаноўваў стабільнасць і бяспеку ў абмен на лаяльнасць, таксама знік, вясновыя пратэсты паказалі, што ён разбураны.
Па словах палітолага, дадатковым матывам для Лукашэнкі з'яўляецца будучая восень, якая, па словах шэрагу экспертаў, абяцае быць гарачай, а таксама мясцовыя выбары, якія хоць і не ўспрымаюцца сур'ёзна, але ўсё ж з'яўляюцца палітычнай кампаніяй.
— На гэтым фоне Лукашэнка і імкнецца аднавіць сацыяльны кантракт, даць людзям пэўную надзею. Тым больш, што ўрад запэўнівае кіраўніка дзяржавы, што ў эканоміцы пачынаецца ўздым, крызіс пераадолены, ВУП расце, як і экспарт, — падкрэслівае Валер Карбалевіч.
Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што для аднаўлення свайго іміджу ўлады нічога акрамя абяцанняў павысіць зарплаты так і не прыдумалі.
— Мяркуючы па ўсім, эканоміка зноў будзе заклікана вырашыць палітычную задачу вяртання даверу народа да ўлады, — рэзюмаваў палітолаг.
Паводле zautra.by