ПАCЕ ініцыюе стварэнне міжнароднага следчага органа па правапарушэннях у Беларусі
"З-за выяўленых
парушэнняў камітэт адмаўляецца прызнаць вынік апошніх прэзідэнцкіх
выбараў", — падкрэсліваецца
ў заяве ПАСЕ.
Камітэт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па юрыдычных пытаннях і правах чалавека прыняў заяву аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і прапанаваў заснаваць міжнародны Следчы камітэт па правапарушэннях, учыненых у рэспубліцы. Пра гэта пішуць naviny.by.
У заяве гаворыцца, што камітэт ПАСЕ "падтрымлівае мужных людзей Беларусі, якія змагаюцца за свае правы і годнасць".
Паводле звестак Камітэта, паступілі шматлікія паведамленні аб масавых і сур'ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку на свабодныя і сумленныя выбары, свабоду выказвання меркаванняў і сходаў. Таксама, гаворыцца ў заяве Камітэта, маюцца факты прымянення катаванняў і бесчалавечнага абыходжання з мірнымі дэманстрантамі.
"З-за выяўленых парушэнняў камітэт адмаўляецца прызнаць вынік апошніх прэзідэнцкіх выбараў", — падкрэсліваецца ў заяве.
Аўтары дакумента настойваюць на неабходнасці правядзення ў Беларусі паўторных выбараў, якія былі б сумленнымі, празрыстымі і прайшлі з удзелам міжнародных назіральнікаў.
"Камітэт ПАСЕ мяркуе, што вінаватыя ў сур'ёзных парушэннях правоў чалавека і іх наступстваў павінны быць прыцягнутыя да адказнасці", — падкрэсліваецца ў заяве.
Сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека не застануцца беспакаранымі і каб даць адпаведны сігнал сілавым структурам Беларусі Савет Еўропы ў супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі ў тэрміновым парадку заснуе "міжнародны следчы орган для збору інфармацыі і доказаў аб правапарушэннях у Беларусі", гаворыцца ў заяве.
"Беларускія ўлады і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці павінны быць запрошаныя да супрацоўніцтва ў гэтым расследаванні. Вынікі будуць апублікаваныя і прадастаўленыя любым нацыянальным або міжнародным праваахоўным органам, якія хочуць і гатовыя пераследваць масавыя парушэнні правоў чалавека, учыненыя ў Беларусі», — падкрэсліваецца ў заяве ПАСЕ.
Паводле spring96.org