Навошта Лукашэнка памяняў дзесяць старшыняў райвыканкамаў і двух кіраўнікоў прадпрыемстваў ВПК?
Чарговы «кадравы чацвер» у беларускага кіраўніка адзначыўся прызначэннем адразу 10 новых старшыняў райвыканкамаў ва ўсіх абласцях, акрамя Берасцейскай — усім ім нагадалі, што «абстаноўка няпростая» і «наперадзе голад, напэўна».
Акрамя таго, з'явіліся новыя дырэктары ў
дзяржпрадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад Дзяржаўнага ваенна-прамысловага
камітэта — «Белспецзнештэхніка» (экспарцёр узбраенняў, спецыялізуецца
на экспарце высокатэхналагічных вырабаў і навукаёмістых тэхналогій ваеннага
прызначэння) і холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» (займаецца, у
прыватнасці, распрацоўкай і ўкараненнем аўтаматызаваных сістэм кіравання
войскамі і зброяй).
У першым выпадку ля стырна прадпрыемства Лукашэнка паставіў
Генадзя Цімашэвіча, які амаль два дзясяткі гадоў працаваў у страхавых
арганізацыях Беларусі. Другое ўзначаліў Мікалай Балігатаў, дырэктар завода «Агат», які вырабляе тэхніку спецпрызначэння і патрапіў у 2020 годзе
пад санкцыі ЕС.
Ці варта бачыць у новых прызначэннях трывожны званочак аб
тым, што Беларусь больш інтэнсіўна пераўзбройваецца, і размовы аб магчымым
прамым удзеле ў расійскай агрэсіі — не пусты гук?
На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, гэтыя падзеі ніяк
не звязаныя паміж сабой:
— Калі б гаворка ішла аб падрыхтоўцы да ўступлення ў вайну,
на мой погляд, гаворка ішла б аб прызначэннях камандавання сіл спецыяльнага
прызначэння, перастаноўках ва Узброеных Сілах, — адзначыў палітолаг у
экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Калі ж гаворка ідзе пра ВПК — гэтыя
прадпрыемствы працуюць і на знешні рынак, і ад вытворчасці зброі да яго
прымянення досыць вялікая дыстанцыя. Таму звязваць гэтыя прызначэнні з хуткім
уступленнем Беларусі ў вайну я б не стаў.
Да таго ж, дадае палітолаг, прадпрыемствы ВПК Беларусі
знаходзяцца пад санкцыямі, незалежна ад прозвішча дырэктара.
Дастаткова шараговым, адзначае эксперт, выглядае і
прызначэнне новых старшыняў райвыканкамаў з абавязковым спадарожным словам аб
іх адказнасці за ўборачную кампанію і папаўненне запасаў стабфондаў.
— Старшыняў выканкамаў мяняюць рэгулярна, гэта не нешта
надзвычайнае — пры кожных кадравых прызначэннях раз у некалькі месяцаў, як
правіла, заўсёды прызначаюць і некалькіх старшыняў. У гэтым я таксама не бачу
нейкага новага павароту або акцэнту.