Ганна Маляр: Беларусь можа разглядацца як адзін са сцэнароў нашага ворага

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр у эфіры ўкраінскага нацыянальнага тэлемарафону распавяла, ці варта чакаць наступу з боку Беларусі.

b0bf3c91_464c_4050_a604_6e59b460b515_w1023_r1_s.jpg


«Паводле звестак Генштабу, пакуль што на тэрыторыі Беларусі не назапашваюцца ўдарныя групы. Але ёсць іншыя маркеры, якія могуць сведчыць пра тое, што Беларусь можа разглядацца як адзін са сцэнароў нашага ворага. Інфармацыйнае нагнятанне антыўкраінскай сітуацыі ў Беларусі і гэтыя бясконцыя вучэнні, якія яны праводзяць, — таксама часта бываюць падставай для трымання войскаў у баявой гатовасці. Але казаць пра тое, што гэта адназначна можа быць нейкім дапушчэннем ці прагнозам (наконт наступу з боку Беларусі) — не, вядома. Але як адзін са сцэнароў — безумоўна абодва бакі гэта разглядаюць», — сказала Ганна Маляр.

Намесніца міністра абароны падкрэслівае, што стопрацэнтнага прагнозу, як будуць развівацца баявыя дзеянні, няма.

«Правакацыя з боку РФ — гэта іх старая тактыка. Таму нам не прызвычайвацца, мы разумеем, што могуць быць правакацыі, што яны, напрыклад, абвінавачваюць Украіну ў тым, што яны насамрэч робяць самі, што яны ствараюць фэйкавыя ролікі нібыта з удзелам украінскіх вайскоўцаў. Рэч у тым, што ў свеце ўжо перасталі верыць гэтым расійскім заявам. Гэты інструментарый у іх працуе толькі на ўнутранага спажыўца інфармацыі. Але тут таксама не трэба расслабляцца. Калі яны нагнятаюць гэтую інфармацыю пра тое, што Украіна, паводле іхнай версіі, наносіць ім удары, гэта азначае, што яны могуць рыхтаваць у сваіх грамадзянаў апраўданне для сваіх дзеянняў», — дадала яна.

Днямі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў саюзе Беларусі і Расіі даўно створанае адзінае войска і што ён «даўно вызначыў» удзел Беларусі ў «спецаперацыі» (так у Расіі называюць вайну) Расійскай Федэрацыі супраць Украіны.

2 ліпеня Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта спрабавала нанесці ракетны ўдар па Беларусі, і паведаміў пра загад беларускім вайскоўцам «узяць пад прыцэл цэнтры прыняцця рашэнняў у сталіцах “ястрабаў”».