На беларускай мяжы затрымалі аўто з дыппоштай. МЗС Літвы выказала рашучы пратэст
МЗС Літвы рашуча пратэстуе з нагоды парушэння Беларуссю палажэнняў Венскай канвенцыі.
Міністэрства
замежных спраў Літвы заявіла,
што на «памежным пераходзе Мядзінінкай беларускія ўлады запатрабавалі сарваць
дыпламатычныя пячаткі і адкрыць машыну. Калі літоўскія дыпламатычныя кур'еры не
пагадзіліся з гэтым патрабаваннем, аўтамабіль быў вымушаны развярнуцца і
вярнуцца на тэрыторыю Літвы».
МЗС Літвы выказала рашучы пратэст супраць «беспрэцэдэнтнага затрымання аўтамабіля з дыпламатычнай поштай Літоўскай рэспублікі на літоўска-беларускай дзяржаўнай мяжы».
«Затрыманне на дзяржаўнай мяжы аўтамабіля з дыпламатычнай поштай з'яўляецца сур'ёзным парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах. Беларусь яшчэ раз прадэманстравала, што для гэтай дзяржавы больш не існуе правілаў цывілізаванага свету», — адзначыў міністр замежных спраў Габрыэліус Ландсбергіс.
Беларускі дзяржаўны памежны камітэт «не каментуе сітуацыю з аўтамабілем з літоўскай дыппоштай». Гэта заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» афіцыйны прадстаўнік ДПК.
Прадстаўнік беларускай амбасады быў тэрмінова выкліканы сёння ў МЗС, яму ўручылі ноту пратэсту.
Згодна з Венскай канвенцыяй, дыппошта не можа быць адкрытая або затрыманая, а дыпкур'еру пры выкананні абавязкаў прадастаўляецца ахова боку, які прымае. Кур’ер карыстаецца недатыкальнасцю і не можа быць затрыманы або арыштаваны.