На беларуска-літоўскай мяжы затрымалі 52 мігрантаў
За апошнія суткі літоўскія памежнікі затрымалі 52 мігрантаў, якія нелегальна перайшлі беларуска-літоўскую мяжу.
Дзве буйныя групы парушальнікаў былі выяўленыя ў Шальчынінкайскім раёне ў так званай Дзевянішкскай пятлі. Групу з 19 чалавек затрымалі ў чацвер, яшчэ 26 чалавек затрымалі ў ноч на пятніцу. Ва ўсіх затрыманых не было дакументаў. Яны заявілі, што з'яўляюцца грамадзянамі Ірака і Сірыі, і папрасілі прытулку ў Літве.
Двух мігрантаў затрымалі ў Віленскім раёне ў чацвер. Яны прад'явілі іракскія пашпарты, у якіх былі выдраныя старонкі з асабістымі данымі і фота. Абодва папрасілі прытулку ў Літве.
Яшчэ пяць чалавек перайшлі мяжу ў Варанскім раёне чацвер. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта чацвёра беларусаў і адзін расіянін. Яны таксама папрасілі прытулку, паведамляе Служба аховы дзяржмяжы Літвы.
Літоўскія памежнікі ўзмацнілі ахову мяжы з Беларуссю. Сюды перакінутыя памежнікі з іншых участкаў мяжы, а таксама супрацоўнікі Службы грамадскай бяспекі. Гэта адбылося пасля пагроз Аляксандра Лукашэнкі аслабіць кантроль за нелегальнай міграцыяй. Да гэтага літоўскія памежнікі скардзіліся, што беларускі бок неахвотна расследуе выпадкі нелегальнага пераходу праз мяжу і хаваюць факты незаконнага перасячэння мяжы.
У гэтым годзе літоўскія памежнікі затрымалі больш за 150 нелегальных мігрантаў на мяжы з Беларуссю — гэта ў тры разы больш, чым за ўвесь 2020 год.
reform.by