«Момант ісціны» ў стасунках Лукашэнкі і Пуціна

7 лютага ў Краснай паляне пад Сочы пройдуць перамовы кіраўнікоў Расіі і Беларусі. Прэс-служба Крамля паведамляе, што Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмяркуюць актуальныя тэмы двухбаковага супрацоўніцтва ў кантэксце інтэграцыйных працэсаў, піша «Свабода».

fb572a14_9ce8_4074_a154_98d3ae24bcc2_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg

Паводле набліжанага да Лукашэнкі тэлеграм-канала «Пул Первого», сустрэча ў пяцізоркавым «Гранд Отеле», які належыць канцэрну «Газпром», пачнецца прыкладна апоўдні.

Цягам 2019 года ўрады дзвюх краінаў распрацоўвалі так званы інтэграцыйны пакет — тры дзясяткі дарожных мапаў у розных сферах. Аднак шэраг пытанняў так і застаюцца адкрытымі.

Асноўныя спрэчкі звязаны з фарміраваннем цэнаў і пастаўкамі вуглевадароднай сыравіны. Напярэдадні прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас заявіў, што толькі падатковы манеўр Расеі ў нафтавай галіне абышоўся Беларусі ў 2019 годзе ў блізу 330 мільёнаў долараў.

Акрамя таго, не ўрэгуляваны механізм кампенсацыі расійскім бокам за пастаўленую летась у красавіку па трубаправодзе «Дружба» брудную нафту. Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы былі вымушаныя знізіць загрузку магутнасцяў і панеслі істотныя страты, шкода нанесена і трубаправоднай сістэме.

Напярэдадні візіту ў Расію Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду, прысвечаную паліўна-энергетычнаму комплексу. Ён нагадаў, што рознагалоссі з Расіяй здараюцца рэгулярна на працягу апошніх 13 гадоў, нягледзячы на ўзаемныя абавязанні.

«Хоць пры іх падпісанні нам былі дадзены цвёрдыя гарантыі, яны ўвесь час парушаюцца, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Так, сёлета Расія абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 мільёны тон нафты — па 2 мільёны кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тысяч — усяго адна чвэрць».

Ёсць прэтэнзіі ў беларускага боку і да паставак расійскага газу. Лукашэнка нагадаў, што пры продажы «Белтрансзагу» была дамоўленасць на працягу некалькіх гадоў выраўнаваць для Беларусі цэнавыя ўмовы з Расіяй. Аднак гэтага не адбылося.

У 2019 годзе цана расійскага газу для Беларусі складала 127 долараў за 1 тысячу кубаметраў. Пра новы кантракт бакі дамовіліся толькі напярэдадні Новага году, і тое па цане на студзень-люты з захаваннем леташняга ўзроўню, хоць Мінск разлічваў на паэтапнае зніжэнне.

Сітуацыя з пастаўкамі энергарэсурсаў прымушае Беларусь шукаць альтэрнатыўныя крыніцы. Адзін са шляхоў — парты на Балтыцы, такім чынам ужо закуплена партыя нарвежскай нафты. Яшчэ адзін балтыйскі маршрут — з Гданьску па адной з нітак нафтаправоду «Дружба», які трэба запусціць у рэверсным рэжыме. Вядуцца перамовы з уладамі Казахстану, а раней ужо былі апрабаваныя пастаўкі праз Украіну з Чорнага мора. Пра гатоўнасць на 100% забяспечыць Беларусь амерыканскай нафтай падчас візіту ў Менск заявіў Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа.

4 лютага падчас наведвання Добрушу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з адносінах з Расіяй наступіў «момант ісціны». Па яго словах, Беларусь хоча сяброўскіх адносінаў з братэрскім народам, але гэтаму замінаюць праблемныя пытанні ў міждзяржаўным супрацоўніцтве.

www.svaboda.org