«Мае паўнамоцтвы па абароне Эдуарда Пальчыса спыненыя», — адвакат Бахціна
Такое паведамленне зрабіла "Радыё Свабода" сама Ганна Бахціна, адвакат Эдуарда Пальчыса.
15 чэрвеня адвакат наведала Эдуарда ў СІЗА № 1 г. Жодзіна. 16 чэрвеня яму мелі прад’явіць афіцыйнае абвінавачанне. На просьбу "Радыё Свабода" пракаментаваць сітуацыю Ганна Бахціна сказала наступнае:
«Мае паўнамоцтвы па абароне Эдуарда Пальчыса спыненыя».
Раней Ганна Бахціна заяўляла "Радыё Свабода", што не мае дазволу на сустрэчу з падабаронным і доступу да матэрыялаў справы.
Па выніках сустрэчы з Эдуардам 15 чэрвеня ў Жодзіна яна распавядала:
«Была ў Эдуарда, ён нармальна пачуваецца, жывы-здаровы. Размаўлялі, сказаў, што стаўленне супрацоўнікаў следчага ізалятара нармальнае, нармальныя ўмовы. Ніякіх прэтэнзій у яго няма».
«Ён прасіў сказаць вялікі дзякуй усім людзям, якія падтрымліваюць яго, і асабліва журналістам за тое, што ёсць падтрымка», — кажа Бахціна.
Яна прыводзіць словы Эдуарда Пальчыса: «Я ніколі сябе не піярыў, ніколі не хацеў быць палітычным зняволеным і не хачу ім быць. Я ўсяго толькі выказваю свае погляды і перакананні адносна небяспекі, якая зыходзіць з боку Расіі канкрэтна і звязаная з замахам на цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь».
Бахціна паведамляе, што ў размове з ёю Пальчыс не прызнае сябе вінаватым у распальванні нацыянальнай варожасці.
«Думаю, што гэта аб’ектыўна, і мы робім усе намаганні да таго, каб давесці, што ён мае рацыю. Ён разумны, абаяльны чалавек, які перажывае за інтарэсы сваёй краіны. Годны грамадзянін сваёй краіны», — характарызуе свайго падабароннага адвакат Ганна Бахціна.
Раней Следчы камітэт паведаміў "Радыё Свабода", што ўпраўленнем Следчага камітэту па Менску расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да 25-гадовага ўраджэнца Гарадзенскай вобласці паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
За «распальванне варожасці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаванне альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.
«Вызначана, што падследны, з'яўляючыся адміністратарам сайту www.1863x.com, размяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці або розні, а таксама выявы парнаграфічнага зместу. Гэта пацьвярджаецца вынікамі праведзеных экспертызаў», — паведамілі ў СК.
Эдуард Пальчыс, меркаваны стваральнік і аўтар рэсурсу 1863x.com вядомы пад псеўданімам Jhon Silver, экстрадаваны ў Беларусь з Расіі. Спачатку ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Мінску, а потым яго перавялі ў Жодзіна.