Лукашэнка: Трэба прымусіць NATO прызнаць АДКБ
Беларускі кіраўнік прыняў старшынства ў АДКБ.
Лукашэнка заявіў, што Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы не трэба чакаць прызнання з боку NATO — трэба прымусіць альянс прызнаць АДКБ.
«Мы ўсе канстатавалі, што АДКБ ніхто не хоча прызнаваць, асабліва NATO (ці бачыце, арганізацыя не тая). Я слухаў гэтыя размовы і думаў: калі мы будзем іх прасіць, каб яны нас прызналі, яны ніколі нас не прызнаюць. Нам трэба паступіць такім чынам, каб прымусіць іх прызнаць нашую арганізацыю», — сказаў Лукашэнка ў ходзе сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у Ерэване ў пятніцу, піша БелТА.
Лукашэнка адзначыў, што падчас працяглых перамоў лідараў дзяржаў АДКБ у вузкім складзе бакі абмеркавалі шырокі комплекс тэм і правялі прынцыповы аналіз праблемных пытанняў у свеце.
«Прытым па перыметры усіх межаў — і на заходнім кірунку, і ў Цэнтральнай Азіі, у раёне Афганістана. Абмеркавалі канфлікты і неразвязаныя праблемы», — удакладніў Лукашэнка.
«Шчыра прызнаюся, што тыя падрыхтаваныя матэрыялы i праграмы для нашага старшынства крыху не цягнуць на той узровень абмеркавання, на які мы выйшлі ў вузкім коле», — дадаў ён.
Паводле ягоных слоў, бакі дамовіліся, што пры ўдзеле генеральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы будзе вызначаная група вайсковых спецыялістаў у іншых галінах.
«Падцягнем да гэтага спецыялістаў перш за ўсё з Расійскай Федэрацыі і іншых дзяржаў. І трэба сфармуляваць добрыя прыярытэты, каб наша арганізацыя выйшла на даволі сур'ёзны ўзровень. Каб яе не баяліся, але паважалі, і мы нікога не ўгаворвалі, каб нас прызнавалі», — сказаў Лукашэнка.
Прыярытэты беларускага старшынства ў АДКБ будуць грунтоўна прапрацаваны і даведзеныя да кіраўнікоў у краінах арганізацыі, прадоўжыў ён.
«Думаю, мы нешта добрае можам прапанаваць нашай арганізацыі ў плане адзінства і павагі з боку контрпартнёраў», — сказаў Лукашэнка.