Карбалевіч: Партыям у Беларусі няма чаго рабіць ва ўмовах адсутнасці ў краіне публічнай палітыкі
Парламенцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 года пройдуць, пэўна, без удзелу апазіцыі і незалежных назіральнікаў, а колькасьць палітычных партый, якія на той момант будуць зарэгістраваны і дапушчаны да кампаніі, наўрад ці перавысіць тры, лічыць палітычны аглядальнік «Св*боды» Валерый Карбалевіч.
«Пятага чэрвеня закончыўся тэрмін падачы дакумэнтаў на перарэгістрацыю палітычных партыяў, — піша ВалерымКарбалевіч. — Міністэрства юстыцыі пакуль не паведамляе, колькі зь іх гэта зрабілі. Першай партыяй, якая была зарэгістраваная паводле новага закону, прынятага ў студзені 2023 году, стала праўладная «Белая Русь». З СМІ вядома, што таксама падалі дакумэнты на перарэгістрацыю Камуністычная і Лібэральна-дэмакратычная партыі (абедзьве ляяльныя да Лукашэнкі).
З апазыцыйных пажадалі перарэгістравацца Беларуская партыя
«Зялёныя», БСДП «Грамада», Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет». Аднак у
іхных дакумэнтах няма пэрсанальных зьвестак сяброў гэтых арганізацыяў, што не
адпавядае новаму закону аб партыях. Таму імавернасьць іх рэгістрацыі блізкая да
нуля. Партыя БНФ і АГП увогуле не падавалі дакумэнтаў у Міністэрства юстыцыі,
бо палічылі гэта марнаваньнем часу.
Такім чынам, з 15 ранейшых дзейных партый пасьля
перарэгістрацыі застануцца хіба што тры: «Белая Русь», Кампартыя і ЛДП. Як,
дарэчы, і прагназаваў міністар юстыцыі Сяргей Хаменка.
Між іншым, новае заканадаўства фактычна забараняе існаваньне
апазыцыйных партыяў. У законе «Аб зьмене законаў у пытаньнях дзейнасьці
палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў» уводзіцца новая падстава для
ліквідацыі згаданых арганізацыяў: неадпаведнасьць «дзейнасьці палітычнай партыі,
саюзу асноўным кірункам унутранай і замежнай палітыкі». Але сэнс любой апазыцыі
ў тым і палягае, каб крытыкаваць і прапаноўваць перамены ва ўнутранай і
замежнай палітыцы. Таму цяпер у Беларусі месца апазыцыі не застанецца зусім.
І дасюль у палітычнай сыстэме краіны месца партыяў было
маргінальным. Яны былі там лішнім зьвяном, пятым колам у фурманцы. Прычым на
што важна зьвярнуць увагу: у такім становішчы апынуліся як апазыцыйныя партыі,
так і праўладныя. Вельмі адметна, што ў Палаце прадстаўнікоў наогул няма і
ніколі не было фракцый — ні партыйных, ні пазапартыйных. Што вельмі дзіўна для
парлямэнту. Забаўна назіраць, як лідэр ЛДП Алег Гайдукевіч бясконца хваліцца,
што ягоная партыя самая крутая, самая масавая, самая ўплывовая. Аднак у Палаце
прадстаўнікоў гэтая «самая ўплывовая» мае толькі адзін дэпутацкі мандат, які
(відавочна, за асабістую адданасьць уладзе) атрымаў сам Алег.
Палітычныя партыі могуць нармальна функцыянаваць і выконваць адведзеную ім ролю ў грамадзтве толькі ў рамках існаваньня рэальных прадстаўнічых органаў улады і дэмакратычных выбараў. Пры адсутнасьці гэтых умоваў партыі перастаюць выконваць ролю інструмэнту палітычнага прадстаўніцтва і ўплыву на прыняцьце ўладных рашэньняў, аказваюцца на пэрыфэрыі грамадзкага жыцьця, ператвараюцца ў нейкія палітычныя клюбы. Менавіта ў такім становішчы апынуліся беларускія палітычныя партыі. Ім няма чаго рабіць ва ўмовах адсутнасьці ў краіне публічнай палітыкі, легальнага мэханізму палітычнай канкурэнцыі.
Улады актыўна супрацьдзейнічаюць разьвіцьцю партыяў. Напрыклад, упарта супраціўляюцца ўвядзеньню прапарцыйнай выбарчай сыстэмы, у рамках якой галасаваньне адбывалася б за партыйныя сьпісы. Такая сыстэма дзейнічае ва ўсіх суседніх краінах. У выніку там роля палітычных партыяў рэзка ўзрасла. Але якраз гэтага і не жадае Аляксандар Лукшэнка.
На прэсавай канфэрэнцыі з нагоды перарэгістрацыі партый 5
чэрвеня выканаўца абавязкаў старшыні АГП Уладзімер Шанцаў заявіў: "Беларусь
фактычна пераходзіць да аднапартыйнай сыстэмы". Мусіць, маецца на ўвазе роля,
якую будзе выконваць нядаўна створаная партыя «Белая Русь». Аднак, мяркуючы па
даволі паблажлівым стаўленьні да «Белай Русі» з боку Лукашэнкі, месца і
значэньне КПСС ёй не пагражаюць. Няма ніякай інфармацыі, што чыноўнікаў масава
заганяюць уступаць у гэтую арганізацыю. Такім чынам, справа хутчэй ідзе да
беспартыйнай палітычнай сыстэмы, у якой тыя тры партыі, якім дазволена будзе
існаваць, застануцца толькі ў выглядзе дэкарацый.
Генэральнай праверкай на функцыянальнасьць новай
сыстэмы стануць парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году. Яны пройдуць,
пэўна, без удзелу апазыцыі і незалежных назіральнікаў, з трыма дэкаратыўнымі
партыямі. Такі новы твар беларускай, так бы мовіць, «дэмакратыі».