Калі кандыдату адмаўляюцца друкаваць праграму — няхай звернецца ў іншае выданне

Апошнімі днямі ўсё часцей з рэгіёнаў прыходзяць звесткі пра адмовы рэдакцый дзяржаўных СМІ публікаваць агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі.



miascovyja_vybary.jpg

Напрыклад, 11 сакавіка ў раённай газеце "Дняпроўская праўда" адмовіліся друкаваць агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў дэпутаты Віцебскага абласнога савета Аляксея Гаўруцікава, угледзеўшы ў праграме "прыхаваныя заклікі да змянення канстытуцыйнага ладу". Кандыдат пакінуў скаргу ў рэдакцыі, а таксама накіраваў скаргі ў акруговую выбарчую камісію і раённую пракуратуру.

Днём раней прыйшлі звесткі пра адмовубаранавіцкай газеты “Наш край” (Брэсцкая вобл.) друкаваць перадвыбарную праграму кандыдата ў дэпутаты абласнога савета Мікалая Чарнавуса. Рэдактар газеты дамагаўся, каб Мікалай Чарнавус яе кардынальна змяніў, але той не пагадзіўся.

На пачатку сакавіка рэчыцкае раённае радыё “Дняпровец” не пагадзілася без цэнзуры прапускаць у эфір зварот да выбарцаў кандыдата ў дэпутаты райсавета, прадпрымальніка, рэгіянальнага каардынатара кампаніі “Гавары праўду” Алега Шабетніка. Запіс на радыё зрабілі, але папярэдзілі, што без санкцыі раённай выбарчай камісіі ў эфір не прапусцяць. Кандыдат казаў пра “Народны рэферэндум”, пра выбарнасць старшыняў выканкамаў, а таксама пра неабходнасць абмежаваць тэрмін прэзідэнцтва.

Ці былі ў дзеяннях рэдакцый СМІ парушэнні? З гэтымі пытаннямі прэс-служба ГА “БАЖ” звярнулася да сактара ЦВК Мікалая Лазавіка, да намесніка старшыні ГА “БАЖ” Андрэя Бастунца, а таксама да сябра Праўлення ГА “БАЖ” Сяргея Вазняка, які сам вылучаецца кандыдатам на гэтых выбарах.  

Нагадаем, што ў студзені Цэнтрвыбаркам РБ прыняў пастанову пра Раду па разглядзе спрэчак, звязаных з выкарыстаннем СМІ пры правядзенні выбараў.

Разам з тым, сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік падкрэслівае, што на мясцовых выбарах СМІ не абавязаныя прадастаўляць тэлеэфір і газетную плошчу кандыдатам. У выпадку ўзнікнення спрэчнай сітуацыі ён раіць кардыдатам накіраваць сваю праграму ў іншыя масмедыя.

baj.by__sites_default_f_30f45a7198f77a6a8aabf04eb83ad178.html

Мікалай Лазавік, фота "Еўрарадыё"

— Згодна з Законам аб СМІ, рэдакцыя любога выдання нясе адказнасць за яго змест, і ніхто не можа прымусіць рэдактара выдання размясціць у СМІ праграму таго ці іншага кандыдата. Нагадаю, што гэта кардынальнае адрозненне мясцовых выбараў ад усіх астатніх, калі кандыдатам у прэзідэнты альбо дэпутаты парламента ў абавязковым парадку прадстаўляецца газетная плошча.
 

На мясцовых выбарах публікацыя праграмы можа адбывацца толькі на аснове дамовы паміж кандыдатам і рэдакцыяй. Калі ж рэдакцыя не хоча размяшчаць праграму таго ці іншага кандыдата, раю такім кандыдатам проста звярнуцца ў іншае СМІ. Калі нейкая газета праграму друкаваць не хоча, то іншая можа надрукаваць з задавальненнем. А савет у гэтым пытанні нікога прымушаць нешта друкаваць права не мае, — сцвярджае Мікалай Лазавік.

baj.by__sites_default_f_9f84518965b5313f2a703a2ef9c9984a.html

Андрэй Бастунец, фота "Радыё Свабода"

— Насамрэч, магчымасці агітацыі на мясцовых выбарах зведзеныя да мінімума, — кажа намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. — Сёння нават улёткі кандыдатаў выпускаюцца цэнтралізавана, выбарчымі камісіямі. Няма таксама абавязковага прадастаўлення газетнай плошчы і тэлеэфіру. Але радыёэфір і сустрэчы з выбарцамі мусяць быць гарантаваныя.

baj.by__sites_default_f_d8349d0571753a9882393773b41efe59.html

Сяргей Вазняк, фота Руслана Гарбачова

— Прадастаўленне магчымасці выступіць па радыё кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў рэгламентавана артыкулам 46 Выбарчага кодэкса Беларусі. Разам з тым, у артыкуле 47 таго ж кодэкса прыводзіцца пералік рэчаў, якія забароненыя ў перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў, у тым ліку і выступленнях па радыё.

Гэта прапапаганда вайны, заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама абраза і паклёп у дачыненні службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, кандыдатаў у дэпутаты, а таксама заклікі да зрыву, адмены ці пераносу тэрміну выбараў, рэферэндуму, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

На артыкул 47 звычайна і спасылаецца радыё, калі адмаўляецца пускаць у эфір выступ кандыдата ў дэпутаты, — гаворыць Сяргей Вазняк.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"