Качанава: за неўстаноўленую сімволіку будуць караць адміністрацыйна
У Беларусі ёсць дзяржаўная устаноўленая сімволіка, а ўсё астатняе — неўстаноўленая, заявіла старшыня Савета рэспублікі Наталля Качанава, якой на прамую лінію 14 студзеня датэлефанавалася выданне Office Life.
Качанава пацвердзіла падпісанне новых заканадаўчых актаў: «Так, гэта праўда. Будуць прымяняцца меры адміністрацыйнага, пакуль адміністрацыйнага, ўздзеяння за размяшчэнне неўсталяванай сімволікі».
— У нас ёсць дзяржаўная устаноўленая сімволіка, а ўсё астатняе — неўстаноўленая. Бел-чырвона-белыя сцягі, вядома, трапяць — гэта неўстаноўленая сімволіка. Яны не маюць права быць размешчаныя. Гэта ўжо падпісалі, зараз мы будзем у сродках масавай інфармацыі даваць тлумачэнні, каб людзі разумелі. Гэта ж не справа, што пачалі выкарыстоўваць хто ў што можа. У нас ёсць устаноўленая дзяржаўная сімволіка, яна можа выкарыстоўвацца, — сказала Качанава.
Яна адзначыла, што ў краіне ёсць службы і органы ўлады, якія бачаць, хто якую сімволіку выкарыстоўвае.
— Вы ж бачыце, што горад (Мінск. - Заўвага. Рэд.) ужо зачысцілі, і добра зачысцілі. У нас ёсць закон, які вызначае дзяржаўную сімволіку: герб, сцяг, гімн. Усё астатняе лічыцца неўстаноўленаяй сімволікай. Таму за яе будуць прыцягваць да адказнасці, — перадае словы Качанавай Office Life.
Адзначым, што Качанава выкарыстала фармулёўку «неўстаноўленая сімволіка», да гэтага ў КоАП фігуравала паняцце «забароненая».
14 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Кодэксы па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці, паведаміў телеграм-канал «Пул Першага». Адзначаецца, што ў дакуменце прадугледжана адказнасць за выкарыстанне забароненай сімволікі: штраф за сцяг на балконе 580 рублёў для фізічных асоб і 1740 для юрыдычных асоб. Сам дакумент яшчэ не апублікаваны.
Раней мы пісалі, што ў адміністрацыйнае заканадаўства хочуць ўвесці артыкул «Незаконнае выкарыстанне сцягоў, вымпелаў, эмблем, выраб, распаўсюджванне плакатаў, эмблем і сымбаляў». Што маюць на ўвазе распрацоўшчыкі закона? «Выкарыстанне сцягоў ці вымпелаў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку, а таксама плакатаў, эмблем і сімвалаў, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян, у выпадках, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі, а роўна выраб або распаўсюд такіх сцягоў, вымпелаў, плакатаў, эмблем або сымбаляў». За гэта прапаноўвалася прызначыць пакаранне — штраф ад 5 да 20 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 40 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 20 да 60 базавых велічынь.
У МУС сёння паведамілі, што новыя КоАП і ПВКоАП накіраваны на ўзмацненне папераджальнай функцыі адміністрацыйнага заканадаўства і зніжэнне колькасці фактаў прыцягнення да адказнасці. Правапарушэнні падзялілі на тры катэгорыі ў залежнасці ад ступені іх небяспекі:
- правіны (напрыклад, пераход дарогі ў неналежным месцы). За іх здзяйсненне ў першы раз будуць прымяняцца прафілактычныя меры - папярэджанне, вусная заўвага і іншыя;
- значныя (напрыклад, парушэнне правілаў манеўравання), за якія ў залежнасці ад сітуацыі могуць прымяняцца як штраф, так і папярэджанне;
- грубыя (напрыклад, кіраванне ў нецвярозым выглядзе), за якія адразу прадугледжаны жорсткія меры адказнасці