«Ёсць сэнс палохаць, каб адцягнуць увагу ад альтэрнатыўных поспехаў спецыяльнай аперацыі»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звыклай іранічнай манеры разважае, чаму Сербія не стала (і не стане) ініцыятарам Трэцяй сусветнай, і пра тое, як Беларусь не ўпісваецца ў сусветную навінавую павестку.
«Вось я і вярнуўся да цябе. Гляджу, пакуль мяне не было, некаторыя задумалі палохаць Трэцяй сусветнай. Грунтуючыся на той простай логіцы, што раз ужо Сербія была ініцыятарам Першай, то каму як не ёй ладзіць і Трэцюю. Але страшылка атрымалася недаўгавечнай, так што многія не паспелі нават толкам спалохацца.
Проста любяць некаторыя крамлёўскія людзі палохаць свет гістарычнымі аналогіямі. А цяпер ёсць прамы сэнс палохаць хоць чым-небудзь, каб адцягнуць увагу ад альтэрнатыўных поспехаў спецыяльнай аперацыі. І, вядома, гэтым крамлёўскім людзям больш прыемна, каб HIMАRS цэлілі ў сербскае войска, а не ў расійскія вайсковыя склады.
Але інстынкт самазахавання ў сербскіх уладаў аказаўся пакуль мацнейшы, чым братнія пачуцці. І больш пераканаўчы, чым танны газ. А ўсё таму, што гістарычнымі аналогіямі не паваюеш. І самі сербскія ўлады ў гэтыя аналогіі, мабыць, не вельмі вераць. А ў здольнасць місіі НАТА ўмяшацца, калі рэгіянальная «стабільнасць акажацца пад пагрозай», наадварот, вераць.
Усё ж такі гістарычная аналогія з Першай сусветнай не вельмі дарэчная. Таму што пры геаграфічным падабенстве цяпер ёсць адно маленькае, але істотнае адрозненне. Калі сто гадоў таму здарылася забойства аўстрыйскага эрцгерцага, у Сербіі быў вялікі пул абаронцаў. А цяпер абаронца адзін, дый у таго з незадзейнічаных сродкаў абароны засталіся толькі вербальныя інтэрвенцыі. Запасаў вербальных інтэрвенцый самай бязлітаснай уласцівасці ў Расіі з лішкам, але іх эфектыўнасць моцна ўпала з-за відавочнай альтэрнатыўнасці поспехаў другой арміі свету ва Украіне.
Так што, калі, дзе і трэба баяцца за сусветную стабільнасць, то ў процілеглым геаграфічным рэгіёне. Таму што ў Кітая і НАТА, вядома, ёсць сілы і сродкі каб з-за Тайваня хістануць стабільнасць у сусветным маштабе. Але там вялікая палітыка, да якой ні беларускія, ні расійскія ўлады не дараслі.
Тым больш, што беларускія ўлады былі занадта занятыя, каб адцягваць сябе ўсялякімі міжнароднымі глупствамі. Таму што ўраджай зноў уступіў на сцежку вайны. І, што характэрна, як заўсёды вераломна, без фармальнага паведамлення. Прынамсі, калі меркаваць па надзвычайнасці мер, якія прымаюцца, і маштабе задзейнічаных рэсурсаў. Нават беларускае войска трошачкі адцягнулася ад перамог над умоўным праціўнікам і часткова адправілася на бітву з ураджаем.
Але, я амаль упэўнены, што ўраджай беларускія ўлады перамогуць. Ну а куды ён падзенецца? Ураджаю не прывыкаць. У крайнім выпадку тэлевізар абвесціць аб поўнай і безумоўнай капітуляцыі праціўніка. У сваім тэлевізары беларускія ўлады ўжо і НАТА амаль перамаглі. Не тое што нейкі там ураджай, у якога нават свайго тэлевізара няма».