Як вярнуць Пазьняка і навошта блакаваць «Хартыю»?

Блакаванне папулярнага сайту «Хартыя’97» ды чарговая спроба вярнуць нязменнага лідара КХП БНФ Зянона Пазьняка на Радзіму — дзве падзеі з жыцця беларускіх палітыкаў у замежжы, што не так даўно літаральна ўскалыхнулі інтэрнэт прастору. А што яшчэ паміж імі агульнага?

Дзень Волі. ВАршава. 2013 г.

Дзень Волі. ВАршава. 2013 г.

Гэтым разам да Пазьняка з адпаведным заклікам звярнуўся паэт, дысідэнт і колішні палітвязень Славамір Адамовіч. Маўляў, крута было б, каб «айцец Адраджэння» вярнуўся ў Беларусь на 100-я ўгодкі БНР. Пазьняк, наколькі вядома, так нічога паэту і не адказаў.

Гэта ўжо не першы і, мабыць, не апошні зварот да палітыка з прапановай вяртацца. Той жа Сяргей Навумчык, паплечнік Зянона Пазьняка, які з’ехаў разам з ім у 1996-м, не так даўно ўсё ж такі прыязджаў на Бацькаўшчыну, хай і на пару дзён. Як бачым, ніхто яго не скраў, не змясціў у СІЗА, хоць легенда пра непазбежны гвалтоўны фінал вяртання была актуальнай для абодвух на працягу апошніх дваццаці гадоў…

69db1438_8f13_4b72_80dd_16b78a345cf8_w650_r1_s.jpg


Важнае іншае пытанне: кім вернецца ў Беларусь Пазьняк і што будзе тут рабіць? Пагодзімся, што Пазьняк у свядомасці суайчыннікаў даўно перарос маштаб рэальнай асобы і пераўтварыўся ў сімвал. Для кагосьці — у героя і прарока, для кагосьці — у нязменную «страшылку». Але як толькі Пазняк вернецца, а яго нага кранецца асфальту ў мінскім аэрапорце, ён зноў стане звычайным чалавек — спусціцца з нябёсаў на зямлю ў прамым і пераносным сэнсе.

Перад ім паўстане зусім іншы Мінск, з начной падсветкай, дагледжанымі дамамі на праспекце, рэстаранамі і клубамі — зусім не тое, што ён бачыў апошнім разам у 1996-м. Разам з тым, ён сутыкнецца з рэальнымі беларусамі, мінакамі на вуліцах, якія маглі нарадзіцца ўжо пасля ягонага ад’езду. Давядзецца сутыкнуцца і з рэальным станам структураў КХП БНФ, якую сёння наўрад ці можна назваць актыўнай і папулярнай партыяй.

Тады навошта вяртацца, кім і куды? Падаецца, існуе ўсё ж такі некалькі варыянтаў. Варыянт першы — асабісты. Для гэтага Пазьняку трэба вярнуцца, як Навумчыку, на пару дзён. Паглядзець, што ды як, зладзіць прэс-канферэнцыю, з’ездзіць у Курапаты і — назад. Гэта быў бы візіт пераадолення асабістых перасцярог.

0443481d3b097b2dc3511aa8cd2d1_1_1.jpg


Варыянт другі — палітычны. Вярнуцца, каб узначаліць аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР. Такая дата трапляецца ўсяго аднойчы ў вечнасці. Тым больш, аднойчы ў жыцці палітыка, значна карацейшым за вечнасць. Тое мела б і рацыянальны сэнс: чалавек-сімвал узначаліў бы падрыхтоўку вулічнай акцыі 25 сакавіка, стаўся б яе адзіным рупарам замест стракатай кампаніі з палітыкаў, грамадскіх дзеячаў ды цалкам незразумелых асобаў (апошняе пасяджэнне аргкаму, здаецца, сабрала каля 50 чалавек). Пасля 25-га Зянон бярэцца за аднаўленне партыйных структураў, пляжыць апазіцыю, шмат выступае ў СМІ, ходзіць на прыборкі ў Курапаты, ставіць там крыжы, запальвае знічкі.

Варыянт трэці — месіянскі. Пазьняк вяртаецца інкогніта, афармляе пенсію, зрэдку з’яўляецца як шараговы ўдзельнік на «Чарнобыльскі шлях» ды «Дзяды», дзе адмаўляецца ціснуць руку масцітым апазіцыянерам. Стала селіцца ў Суботніках, піша кнігі, ходзіць у касцёл ды разводзіць пчолаў. Да яго ездзяць паломнікі і журналісты за добрай парадай, каментарам і мёдам. Такі варыянт канчаткова сфармуе вобраз нацыянальнага прарока мяжы 1980–1990-х, які годна прайшоў свой шлях і скончыў яго там, дзе некалі пачаў.

Магчыма, нехта палічыць вышэйпералічаныя варыянты ледзьве не блюзнерствам: «Як так, Зянон сам разбярэцца, што рабіць! Чалавек заслужаны…» Канешне, заслужаны, ніхто не адмаўляе. Пры гэтым, апеляваць увесь час да заслугаў мінулага — не выйсце. Часам падаецца, што «вера ў вяртанне Зянона» — гэта не проста хваравітая настальгія, але ўпартае нежаданне выходзіць з зоны камфорту, непрыманне сучаснага свету і Беларусі ў ім. Інакш, як патлумачыць шматгадовыя мантры пра вяртанне чалавека з мінулага ў Беларусь як пра падзею касмічнай важнасці?

Ну і пра заслугі. Дзяды, прысяга на 8 верасня з удзелам БЗВ, традыцыя шэсцяў на 25 сакавіка — гэта, безумоўна, заслугі Народнага Фронту, частка нашай найноўшай гісторыі. Разам з тым, людзям цікавая гісторыя поспеху, а не паразы. А калі ўжо параза — хай бы быў які план на поспех наступным разам, а не бясконцае перажоўванне падзеяў 1990-х гадоў, пасяджэнняў Вярхоўнага Савету 12 склікання, Рэферэндуму 1996-га… Ну колькі можна?

c3f033cc_ff25_46a6_bb6d_2a121bca13ef_mw1423_mh651_s.jpg


У польскай гістарыяграфіі быў такі тэрмін — «пакаленне паразы» — так называлі патрыётаў, якія далучыліся да кампаніі Напалеона ў 1812-м, каб адрадзіць Рэч Паспалітую, і прайгралі. Так, гэта было прыгожа і гераічна, але гэтыя людзі так і засталіся прайграўшымі. Наноў стварыць польскую нацыю, ужо не элітарна-шляхецкую, а ўсеагульна-дэмакратычную, збудаваць эканоміку на новы манер, нарэшце, здабыць сваю дзяржаву праз сто год давялося ўжо зусім іншым людзям. Пагадзіцеся, усё гэта нечым нагадвае гісторыю Народнага Фронту пачатку 1990-х і лёсы ягоных лідараў. Што ж, дзякуй за спробу, але заўтрашні дзень Беларусі будаваць давядзецца ўжо вашым унукам, панове. Адпачніце.

Да чаго ж у гэтай звязцы блакаванне сайту «Хартыя’97»? Насамрэч, у каманды «Хартыі» (Саннікаў, Радзіна, Бандарэнка) і Зянона ёсць шмат агульнага: тая ж бескампраміснасць адносна кіраўніка Беларусі, тая ж нецярпімасць адносна «канкурэнтаў» у Беларусі, тая ж адарванасць. Метадалогія таксама ў нечым падобная: спрабаваць уплываць на беларусаў адно праз інфармацыйныя патокі ў выпадку сайту «Хартыі», кнігі пра гісторыю і культуру ў выпадку Зянона. Кнігі Пазняка канфіскоўваюць на мяжы, сайт «Хартыі» ў чарговы раз блакуюць.

1516818454_14.jpg


Ці добра, што заблакавалі? Канечне, не. Сайт адыёзнага чарнасоценнага «Рэгнума», які адмаўляе само натуральнае права беларусаў мець сваю дзяржаву, працуе надалей, а «Хартыю» вы адкрыеце ўжо адно праз адмысловыя праграмы. «Хартыя» для ўладаў больш небяспечная?.. Падобна, што дысбаланс і вера праўладных аналітыкаў, маўляў, апазіцыя заўжды страшнейшая за «русский мир», надалей маюць моц.

«Хартыйцы», на жаль, пайшлі шляхам Зянона: рэдакцыя пачала паслядоўна вінаваціць апазіцыйных палітыкаў, актывістаў і нават журналістаў у супрацы з «органамі». Доказаў, праўда, так ніхто ані разу і не прадставіў, але гучных абвінавачванняў — поўна. Чым далей ад Беларусі, тым больш змрочнымі падаюцца яе рэаліі. Зянон гадамі верыў, што пры вяртанні ў Беларусь яго заб’юць. Нарэшце, мы пачулі тое самае з вуснаў Радзінай: «Калі я вярнуся ў Беларусь, мяне арыштуюць — на смяротнае пакаранне я сабе ўжо напрацавала».

Па-рознаму можна ставіцца да таго ж Алеся Міхалевіча, экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года. Сядзеў, падпісаў паперы аб супрацы, з’ехаў, распавёў усяму свету пра ўмовы ўтрымання ў «Амерыканцы», а пасля… вярнуўся. Не ведаю, паводле Радзінай, ці напрацаваў сабе Алесь на «смяротнае пакаранне», але на сур’ёзныя праблемы дакладна мог разлічваць. Таму, мабыць, вяртаючыся ў Беларусь, і меў пры сабе адмысловую валізу з рэчамі для СІЗА — на ўсялякі выпадак. Інтэлігент, акулярык, але — здолеў, перамог свае страхі. І тое варта павагі. Таму акурат Міхалевіч мае шансы яшчэ паўплываць на гісторыю Беларусі, а не проста застацца ў ёй — у мінулым часе.