Ігар Тышкевіч: «Тата ў пакеце, або Хто цяпер памірае за Пуціна?»

Паміраць адпраўлялі тых, хто не меў шанцаў забяспечыць сабе годнае жыццё пры Пуціне — у цяперашняй Расіі. Розніца з заможнімі рэгіёнамі складала 50—60 разоў, — піша даследчык Інстытута будучыні, палітолаг Ігар Тышкевіч.

Ілюстрацыйнае фота НЧ

Ілюстрацыйнае фота НЧ

Дакладных даных пра страты бакоў у расійска-ўкраінскай вайне няма.

Расійская Федэрацыя з гонарам рапартуе пра адносна невялікую колькасць. У верасні Шайгу казаў пра 5 тысяч з пачатку «аперацыі». У снежні «Известия» давалі «ацэнку выведніка»: «Страты мінімальныя». Пры гэтым страты ўкраінскага боку ацэньвалі ў дзясяткі тысяч. Дзіўна, улічваючы спробы арміі РФ наступаць, абвешчаную мабілізацыю і, нарэшце, вярбоўку зняволеных. А таксама стан палёў, напрыклад, пад Бахмутам, якія спрэс усеяныя трупамі.

Украінскі бок гэтак жа не дае колькасці сваіх страт, але вядзе падлік расійскіх. Паводле гэтых звестак, РФ страціла забітымі ўжо больш за 135 тысяч чалавек. Гэта, тэарэтычна, тлумачыць неабходнасць мабілізацыі, указы Пуціна ў павелічэнні колькасці войска, згаданых расійскіх «зэкаў» на фронце.

Дакладныя агульныя лічбы, хутчэй за ўсё, можна будзе атрымаць толькі пасля вайны. Але і ў гэтым выпадку расійскія і ўкраінскія даныя, хутчэй за ўсё, будуць адрознівацца. Прынамсі, падобная карціна назіраецца па выніках большасці войнаў і рэгіянальных канфліктаў.

Але ёсць яшчэ адзін аспект, які варта ўлічваць, — рэгіянальны разрэз — асаблівасці суб'ектаў Федэрацыі. І, нарэшце, не толькі абсалютныя лічбы стратаў па рэгіёнах, а іх доля (працэнт) ад насельніцтва данай тэрыторыі. Бо, ва ўмоўнай Маскве 100 трупаў з фронту не заўважаць, а ў горадзе з насельніцтвам 100 тысяч — гэта ўжо вялікая лічба.

На гэтым зноў упіраемся ў адсутнасць лічбаў. Дакладней, у іх недахоп, паколькі ў мясцовай прэсе (там, дзе яна ёсць) публікуюцца некралогі, матэрыялы пра загінулых. Не пра ўсіх, натуральна, але нават адсочванне такіх паведамленняў дае колькасць, што істотна перавышае звесткі Мінабароны Расіі. Прычым, у выпадку маніторынгу мясцовай прэсы, кожная «адзінка» мае імя, прозвішча, сваякоў, гісторыю пахавання.

Падобны падлік праводзяць некалькі арганізацый. Сваю статыстыку штомесяц даюць руская служба BBC і «Медыязона». Іх данымі я карыстаўся ў больш ранніх аглядах. Тады атрымлівалася яркая карціна — найбольш масавыя (у працэнтах ад насельніцтва) страты былі ў нацыянальных аўтаноміях і дэпрэсіўных рэгіёнах з узроўнем заробкаў істотна ніжэйшым за сярэднерасійскі. А найменшая доля стратаў — у «багатых» і развітых тэрыторыях. Прасцей кажучы, паміраць за Пуціна адпраўлялі тых, хто не меў шанцаў забяспечыць сабе годнае жыццё пры Пуціне — у цяперашняй Расіі. І розніца ў працэнтах загінулых (ад насельніцтва) дасягала 50–60 разоў.


Актуальныя ТОП-10 «лідараў» статыстыкі па долі стратаў

З верасня 2022 года, калі я аналізаваў рэгіянальны разрэз, прайшоў пэўны час. Расія паспела збегчы з Херсонскай вобласці і працягвала спробы штурму Бахмута. Былі страты (якія толькі раслі), прайшла мабілізацыя, змяніліся ТОП-10 рэгіёнаў з максімальнай і мінімальнай доляй стратаў.

Давайце зірнём падрабязней. У верасні Шайгу казаў пра 5937 загінулых. Верыфікацыя па мясцовай прэсе давала тады лічбу ў 6424 ужо пахаваных. І гэта тыя, пра каго напісалі СМІ, — бо далёка не ўсе выпадкі пахавання «чорнага пакета», які прыбыў з фронту, трапляюць у медыя. А ў частцы рэгіёнаў (вёскі, пасёлкі і г.д.) мясцовых СМІ наогул можа не быць.

У пачатку лютага 2023-га колькасць пацверджаных пахавання ў РФ вырасла ў два разы — да 12 925 выпадкаў. Змяніўся і ТОП-10 рэгіёнаў па найбольшай колькасці забітых на вайне (на 10 000 жыхароў). Прычым прасочваецца відавочная мяжа паміж рэгіёнамі — пастаўшчыкамі гарматнага мяса і ўсімі астатнімі. Калі ў сярэднім па РФ колькасць пахаваных складае 0,008%, дык «лідары рэйтынгу» маюць лічбы ад 0,02% да 0,042%.

Выглядае гэты спіс, які ўключае ў сябе 11, а не 10 абласцей, наступным чынам:

1. Тыва (0,0425% або 4 пацверджаных СМІ пахаванні на кожныя 10 тысяч)

2. Буратыя (0,04%)

3. Ненецкая АТ (0,036%)

4. Паўночная Асеція (0,0277%)

5. Магаданская вобласць (0,0276%)

6. Забайкальскі край (0,0256%)

7. Рэспубліка Алтай (0,0244%)

8. Сахалінская вобласць (0,0242%)

9. Чукоцкая АТ (0,024%)

10. Пскоўская вобласць (0,022%)

11. Кастрамская вобласць (0,0205%)


Далей ідзе істотны разрыў. Для разумення маштабаў праблем для названых рэгіёнаў падкрэслю, што сярэдні паказчык па РФ — 0,008%.

Але самае цікавае ў ТОП–10 рэгіёнаў з найменшай доляй страт. Спіс выглядае наступным чынам:

1. Масква — 0,0006% ці 6 выпадкаў пахавання на мільён жыхароў (а не 10 тысяч!)

2. Санкт-Пецярбург (0,0021%)

3. Цюменская вобласць (0,0028%)

4. Маскоўская вобласць (0,0029%)

5. Ханты-Мансійская АТ (0,0037%)

6. ЯНАА (0,0047%)

7. Кемераўская вобласць (0,0048%)

8. Калужская вобласць (0,005%)

9. Тульская вобласць (0,0059%)

10. Томская вобласць (0,006%)

Кожная група мае свае асаблівасці. Рэгіёны — лідары па долі прызнаных страт, як правіла, маюць сярэднюю зарплату, істотна ніжэй за сярэднерасійскі ўзровень. У адрозненне ад рэйтынгу верасня, ужо не прасочваецца «маёмасны» разрыў. Прычына — траплянне ў рэйтынг адразу пяці рэгіёнаў з «паўночнымі надбаўкамі». Але ва ўсіх іх ёсць усё ж ёсць агульныя рысы — сумарна ў 10 рэгіёнах ёсць толькі 4 прамысловыя прадпрыемствы, што ўваходзяць у ТОП-250 расійскай прамысловасці. На 10 рэгіёнаў няма ніводнага ВНУ з расійскага ТОП-50. Прасцей кажучы, гэта альбо дэпрэсіўныя, альбо сыравінныя рэгіёны (якія з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнага развіцця таксама можна аднесці да дэпрэсіўных). І вялікая частка з іх знаходзіцца на аддаленні ад цэнтра.

Рэгіёны з найменшай доляй страт маюць больш агульнага. У кожным з іх узровень даходаў вышэй за сярэднерасійскі паказчык. У гэтых рэгіёнах засяроджана не менш за 30% расійскага прамысловага патэнцыялу (уваходжанне ў ТОП-250). На гэтых тэрыторыях сканцэнтраваныя не менш за 30 ВНУ расійскага ТОП-50. І, нарэшце, гэта альбо «сталічныя» вобласці, альбо ключавыя сыравінныя тэрыторыі.

Пры гэтым розніца долі страт у вайне да насельніцтва рэгіёну па Маскве і Тыве адрозніваецца ў 70 (семдзесят!) разоў.


Сітуацыя будзе мяняцца

У той жа час варта адзначыць некаторы «выраўноўванне» паказчыкаў. Рэгіёны, якія служылі гарматным мясам, маюць адносна невялікія запасы людскіх рэсурсаў. І павелічэнне долі стратаў можа выклікаць незадаволенасць на мясцовым узроўні. Бо нават 0,042% па Тыве азначае, што вайна наўпрост закранула не менш 0,1% жыхароў (загінулы + сям'і). І гэта толькі пацверджаныя праз СМІ выпадкі. Рэальная лічба можа быць большай.

У сілу абмежаванага мабілізацыйнага патэнцыялу дэпрэсіўных рэгіёнаў, РФ вымушана будзе забіраць у войска і жыхароў іншых суб'ектаў Федэрацыі. Эфект крыху згладжваецца вярбоўкай зняволеных. А таксама актыўным выкарыстаннем мабілізаваных з так званых ЛНР і ДНР. Якіх расійская статыстыка не будзе ўлічваць яшчэ доўга. Але і гэты рэсурс рана ці позна скончыцца. Таму была праведзеная мабілізацыя, якую Крэмль не проста «можа паўтарыць», але і будзе паўтараць па меры ўтылізацыі «жывой сілы».

А першыя вынікі мабілізацыі ўжо выявіліся ў статыстыцы за люты. Так, напрыклад, доля пацверджаных смерцяў па Магаданскай вобласці з верасня па канец студзеня вырасла ў 6,6 разоў, па Чукотцы — у 5 разоў, па Свярдлоўскай вобласці ў 2,4 разы, па ЯНАА ў 3 разы.

Такім чынам, колькасць пахаванняў на месцах будзе расці. Доля загінулых ад колькасці жыхароў таксама. І гэты паказчык пачне выраўноўвацца. Выключэннем, натуральна, будуць цэнтральныя і багатыя рэгіёны. Бо для Крамля непажаданыя праблемы ў ключавых суб'ектах Федэрацыі. Для астатніх будзе працаваць прапаганда з карцінай «Вялікай вайны супраць Захаду» і рэжым сакрэтнасці, які рана ці позна ў поўнай меры адчуюць на сабе і ўладальнікі мясцовай прэсы. Пасля чаго інфармацыя пра пахаванне «тых, якія вярнуліся з фронту», стане рэдкім выключэннем з правілаў.

На гэтым фоне задача ўкраінскага боку — працягваць утылізаваць акупантаў і, па магчымасці весці акуратны падлік таго, за што абяцаюць «белую Ладу» або даюць (але потым забіраюць) футры.

Пераклад НЧ