Губарэвіч: Беларусь як мост паміж Расіяй і Захадам — гэта ўтопія

«Нельга быць мостам, калі ты знаходзішся на адным з берагоў», — разважае Губарэвіч наконт магчымасці для Беларусь злучыць ЕС і Еўразійскі саюз.

Мост на Аўгустоўскім канале. Фота www.belarus.by

Мост на Аўгустоўскім канале. Фота www.belarus.by

Старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч прадставіў арганізацыю на пасяджэнні саміта EPP (Еўрапейскай народнай партыі) краінаў Усходняга партнёрства, якое праходзіць сёння ў Брусэлі.

«Сёння захаванне нейкай ідэальнай нейтральнасці паміж такімі двума геапалітычнымі цэнтрамі, як ЕС і Расія, для Беларусі — немагчымае. Гэта ўтопія. Паміж гэтымі двума сіламі сёння надта вялікія каштоўнасныя адрозненні», — заявіў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Ён таксама абверг магчымасці для Беларусь быць нейкім «„мостам“, „буферам“ ці „злучком“ паміж ЕС і Еўразійскім саюзам». «Нельга быць мостам, калі ты знаходзішся на адным з берагоў. Сёння афіцыйная Беларусь — нават калі яна і шчыра спрабуе завязаць цяснейшыя дачыненні з Еўразвязам — адназначна стаіць на расійскім беразе і эканамічна, і палітычна, і вайскова», — упэўнены Губарэвіч.

Беларусь на саміце EPP краінаў Усходняга партнёрства прадстаўляюць лідары правацэнтрысцкай кааліцыі Юрый Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі і Анатоль Лябедзька. Іншыя дзяржавы прадстаўленыя як апазіцыйнымі палітыкамі, так і кіраўнікамі краінаў.

У прыватнасці, на саміт прыехалі прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян, адзін з лідараў апазіцыі Грузіі Ніка Мелія, кіраўніца ўкраінскай партыі "Бацькаўшчына" Юлія Цімашэнка. Акрамя таго, на сустрэчы прысутнічаюць кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, Еўрапарламенту Антоніа Таяні, Еўрасавету Дональд Туск, прэзідэнт EPP Жозэф Доль і інш.

Лідар Руху «За Свабоду» лічыць, што «Беларусі давядзецца выбіраць, дзе яна хоча заставацца цывілізацыйна ў агляднай перспектыве: у свабоднай, дэмакратычнай, рынкавай Еўропе ці ў аўтарытарным алігархічным „рускім свеце“».

«Правацэнтрысцкая кааліцыя — адзіная ў сваім бачанні: месца Беларусі — у Еўропе. Мы ставім вяртанне Беларусі ў еўрапейскую сям’ю народаў як мэту, да якой трэба рухацца паступова, прадумана, але няўхільна», — падкрэсліў Юрый Губарэвіч, адзначыўшы, што нельга адмаўляцца і адносінаў з Расіяй — «цесных, шматгранных і канструктыўных».

Пры гэтым, беларуска-еўрапейскія адносіны сёння, па ягоным меркаванні, заходзяць у тупік. «Афіцыйны Мінск не гатовы да сур’ёзных структурных рэформаў, якіх ад яго чакае Еўрапейскі звяз», — дадаў палітык.

«Як Еўропа можа падтрымаць праеўрапейскія сілы ў Беларусі? Вельмі проста: па-першае, патрабаваць ад беларускіх уладаў вярнуць народу права рабіць свабодны і асэнсаваны выбар, у т.л. у пытанні геапалітычнай арыентацыі, па-другое, ніколі не прызнаваць за Расіяй нейкіх правоў на Беларусь», — зрабіў выснову старшыня Руху «За Свабоду».

pyx.by