Гатункі пустэчы. Чаму не трэба ўспрымаць усур'ёз заявы Лукашэнкі
Беларуская экспертная супольнасць любіць аналізаваць тэзы Лукашэнкі, якія той рэгулярна транслюе на рознага кшталту нарадах. Нібыта ёсць у яго словах нейкія патаемныя сігналы, якія абавязкова трэба расшыфраваць. Але насамрэч усе гэтыя наратывы пустыя і не вартыя ўвагі разумных людзей.
Нядаўна Лукашэнка заявіў, што шкадуе аб невынясенні на рэферэндум пытання аб выбарах прэзідэнта так званым Усебеларускім народным сходам. Няма чаго, маўляў, давяраць такую сур'ёзную справу нейкаму там народцу. Лепей вызначацца з гэтым сваім вузкім колам абмежаваных людзей. І ніхто не будзе разгойдваць човен славутай беларускай стабільнасці.
Канструкцыя, вядома, адразу выбудавалася чароўная. УНС фарміруе Лукашэнка,
а потым УНС абірае Лукашэнку. Комба: аніводнага лішняга звяна, аніякага электарату,
які блытаецца пад нагамі і думае няведама што. Замкнёнае кола.
Пасмяяцца б з гэтага, як з кепскага анекдота. Нарабіць мемаў накшталт
бясконца аднолькавых лукашэнкаўскіх адказаў на вечнае пытанне. Калі вы,
Аляксандр Рыгоравіч, пакінеце сваю пасаду? Ды я б пакінуў, але гэта будзе
вырашаць беларускі народ (закрэслена) Беларускі народны сход.
Але не. Медыя пачалі аналізаваць, размотваць клубок глыбокай дыктатарскай думкі. Стаміўся? Ужо не хавае, што ў 2020-м прайграў? Рыхтуе пераемніка?
Іншы выпадак. Неяк пачаў размаўляць Лукашэнка па-беларуску. Літаральна некалькіх кульгавых фраз хапіла, каб эксперты і журналісты пачалі пісаць пра чарговы разварот на Захад. Што зноў здрадзіў Пуціну, зноў спрабуе лавіраваць. Зноўку грувасціцца на два зэдлікі ў фірменным геапалітычным шпагаце.
Альбо кажа надоечы: будзем актыўна гандляваць з Еўрасаюзам, бо гэта нашы партнёры. Ці раней — рэверансы ў бок Украіны, што няма там аніякіх нацыстаў, а УСУ ого-го якія моцныя.
Спіс можна доўжыць бясконца, бо што-што, а размаўляць Лукашэнка можа гадзінамі. Такога балбатуна ў сусветнай палітыцы яшчэ пашукай. Іншая справа, што аніякіх «сігналаў» ён нікому не пасылае. У самым лепшым выпадку проста агучвае «галасы», якія чуе ўнутры сябе.
Галасы такія, што няма аніякага сэнсу іх абмяркоўваць з разумным выглядам. Хаця б таму, што ўвесь шматгадовы дыскурс гэтага чалавека — гэта суцэльнае абвяржэнне самога сябе.
Возьмем тыя ж выказванні пра выбары праз УНС. Учора ён гэта прамовіў і нарабіў вэрхалу ў незалежных медыях. А сёння з чыстымі вачыма ўжо хваліцца перад студэнтамі, што ў 2020 годзе за яго прагаласавалі 6,5 мільёна чалавек (хаця нават па даных ярмошынскага ЦВК, у выбарах удзельнічалі 5,8 млн). Ну і што ён зразумеў? Як быў усенародным улюбёнцам, так і застаўся.
Ці мова тая ж. Ад таго, што ён сказаў па-беларуску восем слоў, Францыск Скарына ў яго ўяўленні не перастаў быць творцам з Піцера. Як быў Лукашэнка непапраўна «чырвоным чалавекам», так і застаўся. І школ беларускіх у краіне не дадалося, і азаронкі не перасталі шальмаваць нацыянальныя кнігарні, і рускага свету ў тэлевізары не паменшала. І пабачыце, неўзабаве ён яшчэ згадае пра «адзін народ» і адзіную айчыну ад Брэста да Уладзівастока.
Або вось пра зерне. Спачатку ён хваліцца шматмільённымі ўраджаямі збожжа, а потым прызнаецца, што папрасіў у Расіі 500 тысяч тон. Дык ці дастаткова ў Беларусі хлеба? Паспрабуй зразумей.
Ёсць, прынамсі, тры пытанні да любога, каму захочацца разгадаць чарговае пасланне галоўнага беларускага Цыцэрона. Першае: вы дакладна ведаеце, што раней ён не казаў адваротнага? Другое: вы гарантуеце, што адваротнага ён не скажа заўтра? Трэцяе: вы ўпэўнены, што ён наогул нешта сур'ёзнае меў на ўвазе?
Класічны выпадак лукашэнкаўскага пустаслоўя — мемны выраз пра «наеўся ўлады». Дваццаць гадоў прайшло, як ён «наеўся», але неяк апетыт не праходзіць. І рэзідэнцый становіцца толькі больш. І
пыхі, калі сусветныя лідары ў яго рыторыцы проста «пацаны». Наеўся… Ці возьмецца сёння хто-небудзь паразважаць пра глыбокі сэнс гэтай палітычнай гастраноміі?
Гэтак і з астатнім. З «ЛДНР» і Крымам, якія ён так доўга і часта прызнае,
што ўсё ніяк не прызнае. З пераразмеркаваннем паўнамоцтваў, якія ўсё плануюцца
і плануюцца, але ніяк не адбудуцца. З палітычнымі партыямі, якія вось-вось ужо
з'явяцца ў палітычным полі, а па факце іх збіраюцца ліквідаваць. З чыноўнікамі,
якім ён прылюдна накручвае хвасты, а потым прызначае на высокія пасады. З
кавідам, якога няма, але сваю найлепшую вакцыну створым. Сёння ён абяцае адно,
заўтра другое, паслязаўтра трэцяе — бадай, гэтае ўменне спрачацца з
люстэркам адзінае і вартае ўвагі.
Чаму ён так робіць? Магчыма, якраз каб даць нагоды экспертам для разваг.
Але, хутчэй, проста таму, што інакш не можа. Для яго падмануць — як закінуць
шайбу на хакейнай пляцоўцы. Як расказаць пра чатыры пазіцыі, з якіх рыхтаваўся
напад.
Зрэшты, трэба пачатковую гіпербалу зменшыць. Насамрэч, палітычная аналітыка ў Беларусі моцная. Незалежныя эксперты даўно навучыліся прачытваць Лукашэнку нават не паміж радкоў, а непасрэдна па справах. Што б ён ні казаў пра непарушнасць суверэнітэту, а да Пуціна ганяе па першым жа званку. Што б ні вёрз пра прыхільнасць да міру — ракеты ў бок Украіны працягваюць ляцець з беларускай тэрыторыі. Што б ні разганяў пра імпартазамяшчэнне — бачылі мы тыя «ацечаственныя» матацыклы ды ноўтбукі.
Адметна, што і ў свеце склаўся ўжо нейкі негалосны кансэнсус наконт паталагічнай хлусні Лукашэнкі. Яму больш не вераць ні на Захадзе, ні на Усходзе, ні на Поўначы, ні на Поўдні. Ні простыя людзі не вераць, ні ўласная вертыкаль. Не вераць сапраўдныя інтэрв'юеры, як той жа Сціў Розенберг, што за тры секунды выкрывае бессаромную хлусню суразмоўцы. Не вераць нават прапагандысты, якія таму і называюць змаганне з нязгоднымі вайной, што праўда ў вайне на другім месцы пасля перамогі над ворагам.
Лукашэнку не верыць ніхто, і гэта таксама чыннік, які спальвае за ім масты.
Але ўсё ж ён працягвае казаць ды казаць. У полі з камбайнерамі, у палацы з чыноўнікамі, на брыфінгах з дзяржаўнымі медыя. І беларусы па звычцы разблытваюць яго патокі свядомасці, шукаючы там сэнсы, сігналы і знакі.
Годзе, спадарства. Марная гэта справа — разбірацца ў гатунках пустэчы.