Футуралогія пятага тэрміну
Не паспела закончыцца электаральная кампанія, як эксперты паставілі на канвеер магчымыя сцэнары развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку. Прапануем агляд першых прагнозаў замежных аналітыкаў.
Паколькі розных палітпрадказанняў сапраўды шмат, сканцэнтруемся на выяўленні новых фактараў, якія, на думку экспертаў, пачнуць уплываць на нашу рэчаіснасць бліжэйшым часам. Тым самым, падрываючы цяперашні беларускі застой, задаючы трэнды да зменаў, магчыма, і не заўсёды пазітыўных.
Перш за ўсё, на сітуацыю ў Беларусі будуць уздзейнічаць наступствы рэвізіі стаўлення да нашага рэжыму ў Еўропе. Так, нямецкая «Süddeutsche Zeitung» лічыць, што на імідж беларускага рэжыму ў Еўропе ў наступнай пяцігодцы будзе ўплываць новая стратэгія Захаду адносна нашага рэгіёну. «Перад пагрозай «рускай агрэсіі» супраць Украіны Аляксандр Лукашэнка ўжо не падобны на «апошняга дыктатара Еўропы» і, паводле думкі еўрапейскіх палітыкаў, павінен стаць «буферам» супраць Расіі і «партнёрам» у вырашэнні ўкраінскага канфлікту», — піша нямецкі СМІ, аднак канкрэтыкі, якім будзе фармат беларуска-расійскіх адносін і які будзе яго ўплыў на паўсядзённую атмасферу, не прапануе.
«Вестэрнізацыя» Беларусі, на думку аўтара парталу «Украінськая правда», цалкам зменіць геапалітычны профіль краіны і паслужыць каталізатарам унутрыпалітычнай лібералізацыі: «Той, хто лічыць, што Захад ідзе на саступкі Лукашэнку, памыляецца. Лукашэнка даўно сам пачаў першым рабіць крокі насустрач Захаду. Начны кашмар Пуціна спраўджваецца: Лукашэнка — верны сатэліт Расіі, — кажа, што робіць усё, што пажадае... Захад! «Скрэпы» трашчаць. Лукашэнка топчацца па іх і па меры сваіх здольнасцяў скрабе акно ў Еўропу. (...) Потым будзе чарга Захаду — Еўрапейскі саюз адменіць санкцыі супраць Беларусі на чатыры месяцы пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі ўсё будзе хаця б адносна спакойна. Такім чынам, у Беларусі павінна пачацца пэўная палітычная адліга».
Расійская аналітычная супольнасць у большасці пагаджаецца, што нас чакае эра змякчэння ў адносінах па лініі РБ—ЕС, аднак гэты працэс не будзе мець сістэмны характар, у тым ліку і з-за пазіцыі Масквы. «Известия» адзначаюць: «Відавочна, што ў Маскве будуць уважліва сачыць за працэсам нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Захадам, не дазваляючы беларускаму кіраўніцтву пераходзіць пэўныя чырвоныя лініі». А вось выданне «Невское время» анансуе эпоху дыпламатычных арэляў: «Зараз Лукашэнку давядзецца манеўраваць паміж ЕС і Расіяй, спрабуючы задаволіць абодва бакі. Еўропа будзе даваць пэўныя авансы Лукашэнку, патрабуючы ад яго ў адказ выразнай дэманстрацыі антырасійскай пазіцыі — прычым не толькі на словах».
Памыляецца той, хто думае, што такі «геапалітычны ванька-ўстанька» не паўплывае на ўнутраную палітыку. На думку эксперта Яўгеніі Мінчанка, каментар якой публікуе «РИА Новости», «спробы Лукашэнкі па-ранейшаму лавіраваць паміж Расіяй і Захадам звязаныя з небяспечнай тэндэнцыяй, якая прыкметная апошнія некалькі гадоў у Беларусі — гэта актыўныя намаганні Лукашэнкі фліртаваць з ідэалогіяй беларускага нацыяналізму ў выпадку канфліктаў з Масквой».
Другім фактарам, які адаб’ецца на краіне, будзе новая фаза эканамічнай стагнацыі — следства нізкіх коштаў на энерганосьбіты і санкцый супраць РФ. Расійская прэса мае надзею, што праблемы Беларусі прымусяць яе да больш дынамічнай інтэграцыі ў еўразійскі прамысловы комплекс. Так, сайт «RuBaltiс» піша: «Беларусь захавала высокую долю прамысловасці ў структуры эканомікі. Аднак ва ўмовах непазбежнай выпрацоўкі савецкага патэнцыялу развіцця неабходна вызначыцца з курсам далейшага шляху краіны. Характэрна, што такія ж мадэрнізацыйныя задачы стаяць цяпер перад Расіяй і Казахстанам, з якімі Беларусь будуе Еўразійскі саюз. Таму адной з асноўных умоў для вырашэння задач, якія стаяць перад беларускай эканомікай, з’яўляецца аб’яднанне намаганняў з саюзнікамі ў еўразійскай інтэграцыі».
У сваю чаргу, украінскія каментатары прагназуюць асцярожнае стаўленне Мінску да сумесных еўразійскіх праектаў. «Складанасць сітуацыі, у якой сёння знаходзяцца партнёры Расіі па Мытным саюзе (МС), разумецца ўсімі. Рызыка «гібрыдызацыі» расійскага ўплыву ў гэтых краінах пры змене рэжымаў, якія яшчэ зусім нядаўна лічыліся аўтарытарнымі, узрастае ў разы. Беларусь звязаная з РФ не толькі вузамі МС, але і Саюзнай дзяржавы, залежная эканамічна, плюс лічыцца «лёгкай здабычай» для Крамля, а ці мала якія і дзе «перамогі» ён захоча пачаць дэманстраваць пасля Сірыі», — піша «Украінська газета».
Большасць экспертаў згодныя, што ў любым выпадку цяжкая сітуацыя ў эканоміцы будзе штурхаць урад на непапулярныя рэформы. Такі курс абвострыць сацыяльную напружанасць як у краіне, так і ў праўладных эшалонах. Некаторыя ў сувязі з гэтым прагназуюць канфлікт паміж гарантам і яго празаходнім атачэннем. «Калі ў Беларусі здарыцца Майдан, ён будзе арганізаваны бліжэйшымі паплечнікамі Лукашэнкі, той элітай, якую ён і выгадаваў. Калі эліта на нейкім этапе вырашыць, што трэба мяняць Лукашэнку на больш зручнага лідара, каб разгарнуць краіну на Захад, а не проста часткова нармалізаваць адносіны, то сцэнар Майдана, хутчэй невялікага і бяскроўнага, можа быць запатрабаваны», — лічыць украінскае выданне «Экспресс».
Шэраг выданняў звяртае ўвагу на яшчэ адзін фактар. Гэта — нестабільнасць ва Украіне, што можа быць штучна або стыхійна імпартаваная ў РБ. «Хаатызацыя Украіны — гэта праблема для ўсіх яе суседзяў, і ў першую чаргу — для Расіі і Беларусі, куды бягуць больш за ўсё ўкраінскіх бежанцаў. Гэтая і многія іншыя агульныя праблемы найбольш эфектыўна могуць быць вырашаны таксама сумесна. Але для такога хуткага і эфектыўнага вырашэння агульных праблем павінна быць цвёрдая і паслядоўная пазіцыя, пры якой удзел у інтэграцыйных праектах, развіццё саюзных стасункаў Расіі і Беларусі — гэта безумоўная каштоўнасць і палітычны прыярытэт», — разважае «RuBaltiс».
Такім чынам, асноўнымі выклікамі, як мінімум для першых месяцаў пятага тэрміну АГЛ, стануць неабходнасць пошуку і выпрацоўкі формулы новага фармату адносін з ЕС, спробы Масквы ўтрымаць РБ у сваёй арбіце ўплыву, пагроза імпарту анархіі з Поўдня, эканамічны крызіс. Пакуль агульнага комплекснага малюнку, як улады будуць спраўляцца з усімі праблемамі, шчыра кажучы, няма. У любым выпадку, выклікі сапраўды значныя, і неяк рэагаваць на іх давядзецца.
А напрыканцы ўзгадаем яшчэ адзін незвычайны прагноз, які прапануе брытанскі «The Telegraph». На думку выдання, пяты тэрмін (а магчыма яшчэ 2–3 наступных тэрмінаў АГЛ) пройдзе пад знакам падрыхтоўкі аперацыі «пераемнік». «Прэзідэнт будуе планы ператварэння свайго рэжыму ў дынастыю па паўночнакарэйскім узоры, прызначыўшы 11-гадовага сына Мікалая сваім пераемнікам», — піша «The Telegraph».