Чарговы «год…» АПК абвясціў 2024 год Годам беларускай нацыянальнай традыцыі

Аб'яднаны пераходны кабінет абвясціў 2024 год Годам беларускай нацыянальнай традыцыі і даручыў прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аліне Коўшык сумесна з дэмсіламі, грамадскімі арганізацыямі, культурнымі ініцыятывамі і ўстановамі распрацаваць план мерапрыемстваў па падтрымцы беларускай нацыянальнай традыцыі, яе вывучэнні і папулярызацыі.

Аліна Коўшык

Аліна Коўшык

«Беларусам ёсць чым ганарыцца. Крыж Еўфрасінні. Біблія Скарыны. Краявіды Орды. П'есы Дуніна-Марцінкевіча. Оперы Манюшкі. Вершы Геніюш. Беларуская культура з'яўляецца адной з самых старажытных і развітых еўрапейскіх культур. Яе летапісная гісторыя налічвае больш за 12 стагоддзяў. Сёння, калі беларусаў пазбаўляюць многіх прыкмет нацыянальнага, знішчаюць традыцыйную лацінку са сфер грамадскага карыстання, падмяняюць традыцыі замежнымі звычаямі, адпаведнымі «рускаму свету», кожнаму з нас варта сабе нагадаць, чым з'яўляецца наш сапраўдны беларускі скарб. Давайце ў новым годзе з гонарам перададзім свае традыцыі блізкім і дзецям, захаваем той багаты вопыт, які робіць нас асаблівымі», — заклікала прадстаўніца АПК.

Варта адзначыць, што 2023 год АПК абвяшчаў годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. «Будзем разам з вамі пашыраць беларускую прастору вакол нас. Кожнага з нас», — падкрэслівала напрыканцы 2022-га Аліна Коўшык.

Але бадай адзіным вынікам «года беларускай мовы» стала ўзняццё праблемы захавання беларускай мовы і культуры на форуме Еўрасаюза ў Бруселі. У траўні гэтага года Коўшык выказала «глыбокую ўдзячнасць віцэ-прэм'еру, міністру культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пятру Глінскаму за тое, што ўзняў праблему захавання беларускай мовы і культуры на форуме Еўрасаюза ў Бруселі».

Яна дадала, што Польшча лічыць неабходным распрацаваць агульнаеўрапейскі план дзеянняў, каб падтрымаць намаганні беларусаў па абароне сваёй мовы, нацыянальных каштоўнасцей, традыцый, ідэнтычнасці, а «абмеркаванне гэтага балючага пытання стала магчымым дзякуючы актыўным беларусам — прадстаўнікам народных амбасадаў — і нашай згуртаванай працы»

Таксама быў накіраваны ліст усім міністрам культуры краін ЕС, у якім распавядалася пра рэпрэсіі рэжыму ў дачыненні да культурных дзеячаў, пра выцісканне беларускай мовы з публічнай прасторы, у тым ліку з навучальных устаноў, пра знішчэнне грамадскіх арганізацый, якія займаліся захаваннем і папулярызацыяй беларускай мовы і культуры. У лісце прасілі міністраў аб пошуку магчымасцей для падтрымкі беларускіх дзеячаў культуры, адукацыі на беларускай мове, беларускага кнігавыдання і інш.

Ці была нейкая рэакцыя ў адказ на гэты лісты — не паведамлялася.

Паводле Reform.by