Цвік у труну беларускай навукі
Беларускае войска будзе ваяваць каменнымі сякерамі?
Сярэдні ўзрост абраных акадэмікаў у 2017 годзе склаў 64 гады. Сярэдні ўзрост абраных у тым жа годзе членаў-карэспандэнтаў — 57 гадоў.
Статыстычны бюлетэнь Белстата «Аб навуковай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2017 годзе» паказвае, што ў краіне ёсць 17 тысяч 89 даследчыкаў. 645 з іх маюць ступень доктара навук, а 2850 — кандыдата навук. Але з гэтых 645 дактароў навук, якія праводзяць даследаванні ў Беларусі, 522 маюць узрост больш за 60 гадоў. Пры гэтым больш за траціну ўсіх дактароў навук перасягнулі 70-гадовы рубеж.
Толькі 28 дактароў навук у краіне не адсвяткавалі 50-годдзе. 95 навукоўцаў з гэтай ступенню маюць узрост ад 50 да 59 гадоў. Найбольшая колькасць тытулаваных вучоных — старэйшага ўзросту. Ва ўзроставую катэгорыю «ад 60 да 69 гадоў» уваходзіць 261 доктар навук. Столькі ж дактароў налічваецца ў катэгорыі «ад 70 гадоў і старэйшыя».
Сярод кандыдатаў навук сітуацыя крыху іншая, але таксама не вельмі прывабная. З 2850 даследчыкаў з гэтай навуковай ступенню 1019 чалавек старэйшыя за 60 гадоў. Пры гэтым у катэгорыі «ад 60 да 69 гадоў» — 676 навукоўцаў, а ў катэгорыі «ад 70 гадоў і старэйшых» — 343 чалавекі.
Ва ўзросце да 29 гадоў (уключна) ступень кандыдата навук мае толькі 25 (!!!) даследчыкаў.
Паводле прагнозаў, да 2020 года сярэдні ўзрост дактароў навук у Беларусі можа дасягнуць 70-ці гадоў.
І лепш не будзе, таму што дэпутаты ўхвалілі так званы «закон Раўкова», які прадугледжвае толькі адну адтэрміноўку ад войска на час навучання. Гэта азначае, што людзі, якія павінны былі пайсці ў аспірантуру ці магістратуру (а потым, мажліва, у дактарантуру — рухаць беларускую навуку да квітнення), зараз пойдуць у войска. І выйдуць яны з войска ўжо забыўшыся на сваю магчымую навуковую кар’еру. Сыходзячы «на прызыў» нават на год, яны непазбежна губляюць кваліфікацыю.
Больш за тое, у краіне стане значна менш адукаваных людзей і пісьменных спецыялістаў. Бо для навучэнцаў сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў «першая адтэрміноўка» праходзіць менавіта там. Пайсці ў ВНУ ўдасканальваць свае веды і станавіцца высокакваліфікаваным майстрам сваёй справы яны могуць толькі пасля службы ў войску.
Ва ўсіх іншых, больш цывілізаваных краінах, клапоцяцца пра свой чалавечы капітал, адукацыю і навуку. Там чалавек, які адслужыў у войску, мае прэферэнцыі для паступлення ў тую ж ВНУ. Аднак у «законе Раўкова» няма заахвочвальных захадаў. Там выключна карныя меры. І той, хто адслужыў, паспрабуе трапіць у ВНУ на агульных пачатках. Зразумела, за тэрмін службы яго веды сціраюцца. Людзі, што толькі скончылі школу, у час цэнтралізаванага тэставання, безумоўна, будуць мець перавагу перад асобай, якая «аддала доўг радзіме» (праўда, невядома, калі гэтая асоба ўмудрылася радзіме нешта завінаваціцца).
Абгрунтоўваючы ініцыятыву па прыняцці новага закона, Міністэрства абароны кажа, што недабор прызыўнікоў з-за «дэмаграфічнай яміны» пачатку 2000-х складае да 38%. Гэтым і абумоўленыя жорсткія захады кшталту не прымаць «ухілістаў» на дзяржслужбу і абмежаваць ім выезд з краіны. Аднак тут вайсковыя чыноўнікі ці крывадушнічаюць, ці свядома хлусяць. Таму што, нават паводле дадзеных Мінабароны, «ухілістаў» у краіне штогод — меней 1%.
Пагадзіцеся, выглядае дзіўна: з-за 1% тых, хто прынцыпова не жадае служыць у войску, — аж да крымінальнай адказнасці за гэта, — ускладняць (а часам проста ламаць) жыццё ўсім маладым людзям ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў.
Насамрэч, «праблема 38%» беларускага войска вырашаецца вельмі проста: без ніякіх рэпрэсіўных захадаў і абмежавальных мераў. Калі быў «дэмаграфічны ўздым», тэрмін службы ў войску скарацілі: для выпускнікоў ВНУ ён склаў год, для астатніх — паўтара года. Можна было б проста вярнуцца да савецкай сістэмы двухгадовай службы. Гэта было б і абгрунтавана, і без асаблівых штрафных санкцыяў да тых, хто жадае падоўжыць навучанне.
Самае цікавае ў тым, што «закон Раўкова» ўдарыць найперш непасрэдна па беларускім войску. Бо навуковыя даследаванні і распрацоўкі, якімі займаюцца «вызваленыя ад войска» аспіранты, магістранты і дактаранты, у пэўнай ступені працуюць і на армію. Без вынаходніцтваў у сферы оптыкі мы не створым новых прыцэлаў, без кампутарных распрацовак зараз няма сістэмаў супрацьпаветранай абароны, без інавацыяў у сістэме машынабудавання і сплаваў не будзе новай брані і новых танкаў і БМП. А тыя, хто мог іх стварыць, — проста «адбудуць павіннасць» у войску і больш гэтаму войску ніякай карысці не прынясуць.
І тычыцца гэта не толькі перспектыўных распрацовак. Нават калі 70-гадовы акадэмік выдумае новы беспілотны апарат, яго не будзе каму сабраць. Бо перспектыўных маладых спецыялістаў і мажлівых інжынераў з сярэдне-спецыяльнай навучальнай установы забралі ў войска, а паступіць у ВНУ яны ўжо не здолелі — і краіна пазбавілася тысячаў высокакваліфікаваных адмыслоўцаў.
Дзякуючы «закону Раўкова» і нашым дэпутатам — проста не будзе каму распрацоўваць і ствараць новую зброю. І, калі так пойдзе далей, наша армія скоціцца да каменных сякераў і дубінаў. Затое з процьмай «гарматнага мяса».