«Цэляцца ў Вярхоўную Раду, а трапляюць у Дом настаўніка»
Наконт расійскай «высокадакладнай зброі» выказаўся ваенны эксперт Сяргей Грабскі.
Расія б'е састарэлымі савецкімі ракетамі, якія на сотні метраў адхіляюцца ад зададзеных мэтаў. Пра прычыны такой малой дакладнасці трапляння «Можем объяснить» распавёў палітолаг і ваенны эксперт Сяргей Грабскі.
«Расія выкарыстоўвае зброю, якая была выраблена ў Савецкім Саюзе. Нават «Іскандэры» і «Калібры» — гэта вельмі глыбокая мадэрнізацыя савецкіх сістэм. Але любая мадэрнізацыя не можа даць высокай дакладнасці», — тлумачыць Грабскі.
Па словах эксперта, гэта зброя стваралася для дастаўкі да кропкі прыцэльвання ядзернага боепрыпасу. Для яго адхіленне ў 200–300 метраў не з'яўляецца крытычным. «Таму мы і бачым такія ўдары — калі цэляцца ў Вярхоўную Раду, а трапляюць у Дом настаўніка», — адзначыў Грабскі.
Ракеты настолькі састарэлі, што пры запусках над акваторыяй Чорнага мора часам сыходзяць з траекторыі і падаюць у ваду. Але ў Расіі ёсць яшчэ дастаткова запасаў савецкага ўзбраення, паколькі яно стваралася на працягу апошніх 50 гадоў.
Гэта састарэлая зброя ўсё ж дазваляе «вырашаць пэўныя задачы — напрыклад, нанесці ўдар па інфраструктуры. Гэта магчыма нават старымі ракетамі», — прызнае Грабскі.
Нагадаем, паводле СБУ, толькі кожны 20-ы ракетны ўдар Расіі быў нанесены па ваенным аб'екце, астатнія 19 — па жылых дамах і цывільнай інфраструктуры. Адхіленні ад курсу адбываліся і раней — у чэрвені па гандлёвым цэнтры ў Краменчугу трапіла ракета Х-22. Радыус яе адхілення ад мэты складае каля аднаго кіламетра.