«Бачу супраціў беларусаў, якія не хочуць ваяваць на чужой зямлі», — Віталь Кім, старшыня Мікалаеўскай абласной адміністрацыі

Старшыня Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім расказаў пра актуальную сітуацыю на Мікалаеўшчыне, пра тое, як падтрымліваў беларусаў падчас мірнай рэвалюцыі 2020 года, выказаўся пра беларускія пашпарты, на якіх памежнікі пісалі «Слава Украіне», а таксама звярнуўся да беларускіх вайскоўцаў.

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім


«Расійскіх уладаў тут ніхто не чакае, ніхто не хоча, каб было як у Расіі»

— Ідзе 28-ы дзень вайны Расіі супраць Украіны. Якая цяпер актуальная сітуацыя ў Мікалаеўскай вобласці? Дзе ідуць баі? Якія поспехі ва ўкраінскіх вайскоўцаў? Якія страты?
— Актуальная сітуацыя ў Мікалаеўскай вобласці лепшая, чым была ўчора. Ноч была з абстрэламі, загінулі двое мірных жыхароў. Расіяне абстралялі склады з сэканд-хэндам, 5 машын згарэла. Пажар лакалізавалі. Адчуванне, што абстрэльвалі, каб проста нашкодзіць людзям, бо, акрамя выбітага шкла і пашкоджанай маёмасці, нічога не адбываецца.
Ад пачатку вайны з Мікалаеўшчыны з'ехала каля траціны жыхароў, ад 300 да 400 тысяч чалавек. За амаль месяц вайны дастаткова шмат пацярпелых. Менш, чым у раёнах, дзе расійскія акупанты проста раўняюць з зямлёй гарады. У нас сітуацыя крыху лепшая, тым не менш у нас таксама ёсць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва і сярод вайскоўцаў. Лічбы не хачу называць. Магу сказаць толькі пра параненых. На дадзены момант каля 300 параненых мірных жыхароў у шпіталях. Страты ў ворага вялікія, мы пачынаем іх неяк перапісваць, лічыць, звозіць. Частку яны забіраюць. Страты ворага ў разы большыя за нашы, але цяпер вайна крыху іншы характар мае. Яны акопваюцца, не рухаюцца. Іншая вайна. Пазіцыйная, напэўна.
— Як можна супрацьстаяць тактыцы расіян, якія захопліваюць і выкрадаюць кіраўнікоў гарадоў, раёнаў, каб паставіць на іх месца людзей, якія будуць іх падтрымліваць?
— Справы такія, што, каго б яны ні заклікалі і ні прасілі, гэта не працуе. Чалавек 3–5 выйшлі прарасійскіх вар’яцкіх ідыётаў. Па-іншаму на іх ніхто не рэагуе. У нас не існуе лідараў грамадскай думкі, якія падтрымліваюць расіян. Прарасійскія партыі сказалі: «Не, мы не ідыёты, мы з Расіяй сябраваць хацелі, а яны ў нас страляюць». І сябры гэтых партый узялі зброю і страляюць па расіянах цяпер. Расіянам няма на каго абаперціся ў нашых рэгіёнах і па ўсёй краіне. У нас аб’яднанне людзей на 99,9%. Гэта немагчыма і без сэнсу. Яны захапілі і ўгаварылі кагосьці нібыта прадстаўляць Херсон, і яго расстралялі яго ж кампаньёны маментальна. Расійскіх уладаў тут ніхто не чакае, ніхто не хоча, каб было як у Расіі. Мы хочам, каб было як у нас. Шчасліва і добра. Як было раней.
— Ці прадпрынялі вы пэўныя меры бяспекі, каб вас не маглі выкрасці?
— Хто мяне выкрадзе? Якія меры? Ну добра, прадпрыняў...

Ілюстрацыйнае фота УНІАН

Ілюстрацыйнае фота УНІАН


«Я разумею беларусаў»

— За апошнія тыдні вы сталі адным з самых папулярных палітыкаў у Беларусі. Людзі бачаць эфектыўнага, блізкага да народа мясцовага лідара, адрозна ад паслухмяных і безаблічных «вертыкальшчыкаў» на чале беларускіх рэгіёнаў. Чым беларусы, якія супраць вайны, могуць дапамагчы ўкраінцам, чым могуць дапамагчы людзям на Мікалаеўшчыне?
— Я разумею беларусаў, бо ў вас там лідар таксама не змяняецца (як і ў Расіі. — РС). Калі чалавек доўга ва ўладзе, ён губляе сувязь з народам, адрываецца ад зямлі і жыве ў сваім свеце, у сваё малой галаве. Я цудоўна гэта разумею, таму што беларусы хочуць змен, хочуць жыць добра.
І асноўная праблема, чаму расіяне нападаюць на нас... Калі ў нас атрымаецца дэмакратычная краіна са свабодай прэсы і свабодай слова... Падабаецца нехта ці не падабаецца — мы выбіраем, можа, памыляемся, але гэта наша справа. Мы развіваемся, і гэта бачаць краіны-дыктатуры, думаюць: не дай бог ва Украіны гэта атрымаецца — і іх народ таксама захоча ўсё змяніць, каб было добра. Як у старой добрай славянскай прымаўцы: нам не абавязкова, каб у нас было лепей, чым у суседа, дастаткова, каб у суседа было горш, чым у нас. Па гэтым прынцыпе на нас і нападаюць.
Што магу пажадаць беларусам. Я назіраў, калі выбары былі ў Беларусі, і вельмі ганарыўся тым, што столькі людзей выйшлі і пратэставалі супраць незаконных выбараў у вас. Мы ж не лезлі да вас з войскамі і не гаварылі, што лічым, што гэта было несумленна і цяпер мы вам дапаможам і вас вызвалім. Але ваша сітуацыя сапраўды была такая, што трэба было ратаваць людзей. Я жадаю беларусам змагацца. Не баяцца і змагацца. Калі не пачаць, гэта ніколі не адбудзецца. Усё роўна трэба змагацца і адстойваць свой пункт гледжання, насуперак усяму.

Ілюстрацыйнае фота УНІАН

Ілюстрацыйнае фота УНІАН


«Я бачу супраціў беларусаў, якія не хочуць ваяваць на чужой зямлі»

— Я падпісаная на ваш тэлеграм-канал. Вы выставілі фота беларускіх пашпартоў, на якіх нібыта ўкраінскія памежнікі напісалі «Слава Украіне». Магчыма, гэта пашпарты беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, уцяклі праз рэпрэсіі ва Украіну і выступаюць супраць вайны. Як вам падаецца, ці слушна так рабіць?
— Не ведаю. Магчыма, і не слушна. Цяпер вялікая плынь інфармацыі, існуюць розныя меркаванні, і потым мы ва ўсім дэталёва разбіраемся. Усе могуць памыляцца. У любым выпадку, я бачу супраціў беларусаў, якія не хочуць ваяваць на чужой зямлі. У вас там таксама не вельмі добра, што, маўляў, цудоўная краіна — і трэба камусьці дапамагаць, траціць свае рэсурсы, сваіх салдат адпраўляць паміраць за чужую ідэю. Як я разумею, вам бы са сваёй краінай разабрацца. Я вельмі хачу, каб не было ваенных дзеянняў паміж Украінай і Беларуссю. Незразумела навошта. Нам няма чаго дзяліць з вамі, дакладна.
Гэта ўплыў суседняй вялікай краіны на вас, навязванне іх ідэй і пажаданняў. Я перакананы, што беларусам вайна не патрэбная і не патрэбныя трупы, якія прывязуць. Мы, на жаль, не маем выбару. Усіх, хто са зброяй прыйдзе на нашу зямлю, мы будзем забіваць і адстойваць сваю зямлю. Таму хочацца, каб вы не нападалі, не далучаліся да агрэсара, да акупанта. А з нашага боку, чым можам, дапаможам.
— Як бы вы звярнуліся да беларускіх вайскоўцаў, якіх могуць у любы момант адправіць ва Украіну?
— Для таго, каб асабіста зразумець цяперашнюю сітуацыю ва Украіне, ім трэба кантактаваць з камандзірамі і вайскоўцамі расійскіх частак, якія ў нас тут. І яны атрымаюць аб’ектыўную карцінку, а не тую, што чуюць у сваім атачэнні. І хай самі прымуць рашэнне, бо тут іх нічога, акрамя гора, не чакае. Не існуе лёгкай перамогі ва Украіне, мы сваё не аддамо. Мы ўмеем ваяваць і адстаім сваё. Калі яны прымуць рашэнне ваяваць, то гэта будзе іх адказнасць за ўсіх забітых, якіх яны завядуць на тэрыторыю Украіны.

Ілюстрацыйнае фота УНІАН

Ілюстрацыйнае фота УНІАН


«Я ганаруся сваім народам»

— 13 сакавіка расійскія войскі абстралялі вядомы ва Украіне і па-за яе межамі дзяржаўны завод «Зоря — Машпроект», які вырабляе газатурбіннае абсталяванне. Завод актыўна супрацоўнічаў з Беларуссю, у 2018 годзе адкрыў сваё прадстаўніцтва ў Беларусі, але ў сувязі з палітычнай сітуацыяй яно было закрыта ў лютым 2021 года. Гэтае прадпрыемства паставіла і абслугоўвае дзве газатурбінныя ўстаноўкі на Бярозаўскую ДРЭС і адну — на цэментны завод у Касцюковічах. У якім стане цяпер гэты завод?
— Адказаць на гэтае пытанне я не хачу, дакладней, не магу. Сітуацыя кантралюемая. Мы ўсё аднаўляем. Пад абстрэлам, але аднаўляем, бо мы будзем тут жыць і працаваць.
— Чаму Расія пацярпіць паразу ў гэтай вайне?
— Гісторыя цыклічная. Я праводжу аналогію, што нацысцкая Германія таксама вырашыла, што яна самая галоўная ў свеце, і вырашыла захапіць чужыя землі. І ўвесь свет аб’яднаўся супраць аднаго агрэсара і акупанта. Тут такая ж сітуацыя, толькі ў асобе акупанта — Расійская Федэрацыя. Няма ў яе хаўруснікаў, ніхто не можа зразумець, навошта гэта. Варыянтаў у Расіі няма. Толькі закрыцца ўнутры сваёй дзяржавы і ўнутры там, можа, далей варыцца.
— Чым вы ганарыцеся і ўва што верыце ў гэтыя драматычныя часы?
— Я ганаруся сваім народам. Ганаруся ўсімі сваімі людзьмі. Ганаруся сваім прэзідэнтам. Ганаруся нашым духам і нашай гісторыяй. Тое, што мы робім, будзем рабіць пры іншых абставінах. Ніхто не можа нам аддаць загад здавацца. Мы ўсё роўна будзем адстойваць сваё да апошняга.

Ілюстрацыйнае фота УНІАН

Ілюстрацыйнае фота УНІАН


— З чаго вы смяяліся апошні раз? Чаму важна перамагаць ворага не толькі зброяй і сілай духу, але і смехам, сатырай?
— Эксклюзіўна вам крыху раскажу. У нас ёсць Кінбурнская каса, якую называюць Мікалаеўскімі Мальдывамі. Вялікі прыгожы кавалак на моры, туды няма наземнага злучэння. Гэта кавалак нашай вобласці, але ёсць на паўвостраў уваход з Херсонскай вобласці. Там расійскія войскі рухаюцца. У сёлах тэлефоны забіраюць, робяць ператрусы. І дайшлі расіяне па тэрыторыі Херсонскай вобласці туды. Кажуць: «А што гэта ў вас за тэрыторыі?» Ім адказваюць: «Гэта Мікалаеўская вобласць». Яны кажуць — не, Херсонская, а ім — Мікалаеўская. Расіяне выйшлі, хвілін 40 раіліся і з'ехалі. У галаве нешта працуе, куды варта лезці, а куды не варта. Гэта са сьвежага.
Інфармацыйнае поле існуе, схаваць яго расіяне не могуць. Частка крымчанаў перажываюць праз «тэатр баявых дзеянняў» і з'язджаюць ад граху далей на тэрыторыю Расіі. Гэта гаворыць пра тое, што няма прагрэсу ў Расіі, нічога не могуць зрабіць, акопваюцца. Я разумею, што Пуцін сказаў пакласці людзей, закапаць у акопах. Яму ўсё роўна. А ў нас няма выбару. Як кажуць, змагайцеся — і пераможаце.
Паводле РС.