Акруговая камісія ўжо двойчы вынесла папярэджанне Алесю Лагвінцу

Алесь Лагвінец, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты па Сухараўскай акрузе №101 у Мінску, быў двойчы папярэджаны акруговай камісіяй 29 ліпеня.  

Фота www.lahviniec.org

Фота www.lahviniec.org


Першае папярэджанне было вынесена пісьмова за парушэнне патрабаванняў ч. 10 ст. 61 Выбарчага кодэкса, а таксама “невыкананне абмежаванняў пры зборы подпісаў выбаршчыкаў, што было выказана ў раздачы друкаваных матэрыялаў выбаршчыкам пры зборы подпісаў, а таксама ўзнагароджанні выбаршчыкаў за ўнясенне подпісу ў падпісныя лісты”.

Аднак, што менавіта акруговая камісія палічыла ўзнагародай для выбаршчыкаў, незразумела, бо ў рашэнні пра гэта нічога не сказана.

На мяне былі напісаныя дзве скаргі: нібыта раздавалася друкаваная прадукцыя на пікеце — газета “Народная воля”, а ўзнагароджанне выбаршчыкаў адбывалася нібыта ў выглядзе маёй візітоўкі, на якой змешчана прозвішча, імя, кантактныя тэлефоны і фотаздымак”, — распавёў патэнцыйны кандыдат у дэпутаты.

У сваю чаргу, у “Практычным дапаможніку для абласных, мінскай гарадской, тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання” канкрэтна адзначана, што пад узнагародай варта разумець перадачу выбаршчыкам грашовых сродкаў, падарункаў, іншых матэрыяльных каштоўнасцяў, правядзенне ільготнай распродажы тавараў альбо бясплатнае ці на ільготных умовах аказанне паслуг.

Алесь Лагвінец падаў скаргу на такое рашэнне акруговай камісіі і 5 жніўня ў 14.00 адбудзецца яе разгляд у Мінскай гарадской выбарчай камісіі.

Другое папярэджанне было вынесена вусна за канцэрт Лявона Вольскага, які адбыўся 27 ліпеня ў мікрараёне “Сухарава” і сабраў каля 1500 чалавек. Два жыхара мікрараёна паскардзіліся на тое, што нібыта пікет з канцэртам перашкаджаў руху пешаходаў у зоне адпачынку, а сцягі, якія былі развешаныя на пешаходным мосце праз МКАД, адцягвалі ўвагу вадзіцеляў, што магло пацягнуць аварыйную сітуацыю на дарозе. Пісьмовага папярэджання Алесь Лагвінец дагэтуль не атрымаў.


"Праваабаронцы за свабодныя выбары"