Адкуль столькі пазітыву?

Усе мы па прыродзе сваёй канструктары. Мы канструюем не толькі плот на лецішчы, мы канструюем сацыяльную рэальнасць. У кожнага яна свая: у токара і ў дырэктара прадпрыемства, у апазіцыі і ва ўлады.



ff7d0f525b3be596a51fb919492c099c.jpg

Усе мы па прыродзе сваёй канструктары. Мы канструюем не толькі плот на лецішчы, мы канструюем сацыяльную рэальнасць. У кожнага яна свая: у токара і ў дырэктара прадпрыемства, у апазіцыі і ва ўлады.
Інфармацыйна-аналітычны цэнтр (ІАЦ) пры Адміністрацыі прэзідэнта апублікаваў вынікі чарговага апытання. Калі іх падсумаваць, то сярэднестатыстычнага беларуса ў канцы 2009 года можна прадставіць як «чалавека задаволенага». Ён задаволены практычна ўсім: сваім матэрыяльным становішчам, сацыяльнай стабільнасцю і курсам, якім краіну вядзе ўлада. Працытую «Советскую Белоруссию»: «Адкуль столькі пазітыву? Нас цікавіць ацэнка людзьмі курсу, па якім ідзе развіццё краіны. За год колькасць рэспандэнтаў, якія лічаць яго правільным, вырасла з 68,5 да 73,8 працэнта». Цікавае пытанне, але адказ на яго відавочны. ІАЦ функцыянуе пад дахам Адміністрацыі прэзідэнта. Адтуль і пазітыў.
Строга кажучы, абмяркоўваць вынікі сацыялагічных апытанняў, не пабачыўшы поўнай анкеты, некарэктна. У гэтай справе дробязяў не бывае. Варта толькі нязначна змяніць фармулёўку пытання або прапанаваць крыху іншы пералік адказаў — і весці гаворку пра супастаўнасць вынікаў ужо не даводзіцца. Канкрэтны прыклад. Сацыёлагі НІСЭПД рэгулярна вымераюць рэйтынгі даверу да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў. У 2009 годзе ў адным з апытанняў вызначэнне «недзяржаўныя СМІ» было заменена на «незалежныя СМІ». Розніца, здавалася б, неістотная, але шматгадовы трэнд тут жа «зламаўся».
Аднак вернемся да пытання наконт курсу: 73,8% рэспандэнтаў яго ўхваляюць, супернікаў жа курсу істотна менш — 17,2%, а 9% не здолелі адказаць. А зараз, увага, пытанне: якая з трох лічбаў выклікае найбольшае здзіўленне? Правільны адказ — апошняя. Уся справа ў тым, што пытанне пра палітычны курс, які рэалізуецца ўладай, для грамадскай думкі досыць складанае. Пры адказах на пытанні падобнага ўзроўню складанасці колькасць рэспандэнтаў, якія не здолелі адказаць, як правіла, значна большая, што і дэманструе запазычаная з сайта НІСЭПД табліца 1.
Яшчэ адна цытата з «СБ»: «Даследаванне паказала, што колькасць грамадзян, якіх задавальняе жыццё, на працягу года застаецца стабільна высокай». Магчыма, паводле апытанняў ІАЦ, справа менавіта так і выглядае. Аднак, паводле дадзеных НІСЭПД, 2009 год увойдзе ў гісторыю як год рэкордных перападаў настрояў беларусаў.
З жыцця індэксаў
Дынаміку сацыяльных настрояў прасцей за ўсё адсочваць пры дапамозе індэксаў. Палохацца гэтага слова не трэба. Тут усё максімальна проста. Калі адказ на пытанне прадугледжвае сцвярджальны і адмоўны варыянты, то іх розніцу і прынята называць індэксам.
Звернемся зноў да табліцы 1. Розніца паміж першым і другім радком і дае нам індэкс правільнасці курсу (ІПК). У год трэціх прэзідэнцкіх выбараў ён, зразумела, быў максімальным. І гэта натуральна. Таму што, паводле народнай прыкметы, менавіта на такія гады ў Беларусі прыходзіцца пік раздачы сацыяльных выплат і падвышаная актыўнасць дзяржаўных СМІ.
Выбары прайшлі — ІПК знізіўся. У канцы 2008 года ў рэспубліку прыйшоў крызіс. Як і варта было чакаць ад індэкса, які хоць крыху сябе паважае, ІПК на крызіс адказаў падзеннем, якое ў сакавіку 2009 года дасягнула дна. Да лета першапачатковы спалох пачаў «рассмоктвацца». Беларусы адаптаваліся да жыцця ў новых умовах, звыклым рухам зацягнулі тужэй паясы, і колькасць расчараваных у правільнасці курсу пачала зніжацца.


Тут патрэбна аўтарская рэмарка. Асноўны ўклад у дынаміку ІПК уносяць не супернікі курсу, колькасць якіх досыць стабільная, а яго прыхільнікі. Чаму так адбываецца? Адказ на гэта пытанне не з’яўляецца таямніцай. Прыхільнікамі курсу, які пракладае Лукашэнка, з’яўляюцца ў асноўным перыферыйныя сацыяльныя групы (старыя людзі, асобы з нізкім узроўнем адукацыі, жыхары сельскай мясцовасці і малых гарадоў), г. зн. тыя, хто без дзяржаўнай апекі выжыць у сучасных умовах не ў стане. У такіх асобаў адсутнічаюць уласныя рэсурсы, таму яны лёгка паддаюцца паніцы пры атрыманні першай негатыўнай інфармацыі. Як гэта адбываецца, мы памятаем на прыкладзе Нязнайкі, у якога ўрэзаўся хрушч. Ён вырашыў, што адарваўся кавалак сонца, залямантаваў: «Браткі, ратуйся. Кавалак ляціць!», кінуўся ў Кветкавы горад і перапалохаў пры гэтым усіх яго жыхароў. А вось уявіць, каб у падобнай сітуацыі аналагічным чынам паводзіў бы сябе Знайка, даволі складана.
Дынаміка індэкса матэрыяльнага становішча (ІМС) і індэкса чаканняў (ІЧ) за апошнія паўтара гады падобная да дынамікі ІПК (табліцы 2–3). Вось толькі амплітуда змяненняў у іх значна вышэйшая. У гэтым ёсць свая логіка. Яны больш прыземленыя, яны «ад жыцця». Гэта ж не абстрактныя развагі пра курс развіцця краіны!
Як маглі спецыялісты ІАЦ не заўважыць такіх істотных ваганняў сацыяльных індэксаў, для мяне застаецца загадкай, тым больш што аналагічныя працэсы ішлі ва ўсіх сумежных краінах. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова было падлучыцца да інтэрнэту і зайсці на адпаведныя сайты. Паводле снежаньскага апытання НІСЭПД, 41,4% беларусаў з той або іншай ступенню рэгулярнасці карыстаюцца інтэрнэтам, не карыстаюцца — 51,1% і толькі 7,5% не ведаюць, што гэта такое. Цікава, да якой з трох груп належаць сацыёлагі ІАЦ?
Аўтамабіль — не раскоша…
У сакавіку 2009 года ІМС ушчыльную наблізіўся да гістарычнага мінімуму, які быў зафіксаваны ў далёкім 1994 годзе. Тады ў краіне адбылася «народная рэвалюцыя», а прадстаўнік савецкай наменклатуры прэм’ер-міністр Кебіч учыстую прайграў прэзідэнцкія выбары. Паніжэнне індэксаў да адмоўных значэнняў сведчыла пра тое, што эканамічны крызіс пераходзіць у сацыяльны, але пасля сакавіка стрэлка барометра пачала рух да адзнакі «пазітыў».
Адкуль ён (пазітыў) узяўся? Для пошуку адэкватнага адказу вернемся ў Кветкавы горад і паглядзім на яго жыхароў, перапуджаных лямантам Нязнайкі. Калі б мы здолелі правесці сярод жыхароў шэраг паслядоўных сацапытанняў, мы б зафіксавалі падобную дынаміку індэксаў. Пры гэтым на пачатковым этапе панікі больш «жвавым» быў бы індэкс чаканняў (з верасня па снежань ІЧ знізіўся ў Беларусі на 40, ІМС — на 21, а ІПК — усяго толькі на 12 адзінак).

tabl2.jpg


Такое разыходжанне ва ўзроўнях «жвавасці» індэксаў сведчыць пра тое, што негатыў ішоў галоўным чынам не «ад жыцця», а быў згенераваны СМІ. У Кветкавым горадзе ні друкаваных, ні тым больш электронных СМІ не было, таму ўся інфармацыя сярод жыхароў распаўсюджвалася праз чуткі, г. зн. па каналах міжасобасных зносін.
Не варта думаць, што ў нашы дні міжасобасныя зносіны страцілі сваю актуальнасць у якасці носьбіта аўтарытэтнай інфармацыі. У псіхалогіі добра вядомы прынцып сацыяльнага доказу. Прывяду яго ў фармулёўцы амерыканскага псіхолага Роберта Чалдзіні: «Мы вызначаем, што з’яўляецца правільным, высвятляючы, што лічаць правільным іншыя людзі». Няма нічога дзіўнага ў тым, што «іншыя людзі» навакол нас у эканоміцы разбіраюцца на ўзроўні Нязнайкі, адсюль і паніка, зафіксаваная сацыёлагамі НІСЭПД.
Адсутнасць аб’ектыўных паказчыкаў для панікі пацвярджае і афіцыйная эканамічная статыстыка. Можна доўга спрачацца наконт росту ВУП на 0,2% у 2009 годзе, але жыхары беларускіх кветкавых гарадоў і вёсак заліваюць у бакі сваіх аўтамабіляў не ВУП, а бензін. Спажыванне ж бензіну ў мінулым годзе павялічылася на 3,6%. Аўтамабіль, такім чынам, стаў для беларусаў не раскошай, а сродкам перасоўвання!
Як ужо было адзначана, панікуюць у першую чаргу прадстаўнікі перыферыйных сацыяльных груп. Дзівіцца гэтаму не даводзіцца — працэнт нязнаек сярод іх вельмі значны, таму калі мы паглядзім на нашых заходніх суседзяў, то падобнага перападу настрояў не заўважым. Нягледзячы на масавыя акцыі пратэсту, якія то з пэўнай нагоды, то без падстаў (у нашым разуменні) пракатваюцца па Еўропе, узровень сацыяльнай стабільнасці ў «іх» вышэй, чым у «нас». У гэтым заключаецца адзін з парадоксаў дэмакратыі.
Парадокс кіравання
Па незразумелай для мяне прычыне «СБ» не апублікавала рэйтынг даверу да Лукашэнкі. БЕЛТА ў гэтым сэнсе было больш інфармаваным: «Кіраўніку дзяржавы давяраюць каля 80% беларусаў». Гэта менш, чым знакамітыя 95%, якія, паводле неаднаразовага прызнання ўсё таго ж кіраўніка дзяржавы, ЦВК вымушана была фальсіфікаваць (знізіць да 83,0%).
Адкуль такая афіцыйная цяга да завоблачных паказчыкаў народнай падтрымкі Лукашэнкі? Здавалася б, ёсць большасць, якая патрабуецца па Канстытуцыі, вось і добра. Дык жа не — ад выбараў да выбараў, ад рэферэндуму да рэферэндуму ўзнікаюць лічбы, якія потым не прызнаюцца сусветнай супольнасцю. Краіны СНД не бяруцца ў разлік (як адзначыў адзін расійскі аналітык, СНД — гэта саюз прэзідэнтаў супраць уласных народаў).


Ёсць такое мудрагелістае слова — «сінкрэтызм», у перакладзе з грэчаскай мовы яно азначае «злітнасць, непадзельнасць». Самы вядомы прыклад сінкрэтызму — першабытнае мастацтва, калі скокі, музыка і спеў існавалі ў арганічным адзінстве. Думаю, чытачы ўжо зразумелі, куды я хілю. Феномен улады Лукашэнкі можа існаваць толькі ва ўмовах сацыяльнага сінкрэтызму, калі ўсё грамадства спявае і скача пад музыку, якую выконвае толькі адзін музыка. «У такі момант, — па прызнанні самога музыкі, — з’яўляецца асаблівае адчуванне: мы — адзіная і дружная сям’я».
За магчымасць рэгулярна атрымліваць «адмысловае адчуванне» даводзіцца плаціць актыўнай сацыяльнай палітыкай. Здавалася б, такую палітыку трэба толькі вітаць, але не ўсё так проста. Калі мы лічым, што абіраем роўнасць, на самай справе мы руйнуем адну роўнасць дзеля іншай. Дзяржава не можа дагадзіць усім, таму яна дагаджае адным за кошт іншых. У беларускім варыянце большасці плацяць з грошай меншасці. У дзяржавы — шмат хто пра гэта забывае або не жадае ведаць — няма сваіх грошай, яна здольная толькі пераразмяркоўваць чужыя. Паразмаўляйце з беларускімі прадпрымальнікамі, яны на гэты конт распавядуць вам шмат цікавага.
Але чым больш дзяржава пераразмяркоўвае на карысць большасці, тым больш становяцца яе запыты, тым вышэй яна ацэньвае верагоднасць дапамогі ў будучыні. Дапамога ператвараецца ў своеасаблівы наркотык, пазбавіцца ад якога без страты сацыяльнай стабільнасці зусім не проста. Тут будзе дарэчы прывесці парадаксальную думку сучаснага еўрапейскага філосафа Энтані дэ Ясаі: «Ператварэнню кіраваных у некіраваныя дапамагае кіраванне імі».