7 лістапада: Дзень Вялікага кастрычніцкага лузерства
Некалі гэты дзень быў найгалоўным святам на адной шостай частцы сушы, а цяпер яго адзначаюць толькі на невялікім «кавалачку зямлі» ў цэнтры Еўропы. Чаму так сталася?
Беларусь застаецца адзінай краінай, дзе так званы дзень Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі з’яўляецца дзяржаўным святам. Больш-менш зразумела, навошта гэта Лукашэнку. Настальгія па савецкіх часах перапаўняе былога шклоўскага камуніста і лектара таварыства «Веды». Відавочна і іншае — чаму шанаваць 7 лістапада адмовіліся ва ўсім свеце. Не ў апошнюю чаргу таму, што праект дзядулі Леніна аказаўся правальным, не вытрымаў выпрабавання часам і ў выніку быў выкінуты на сметнік гісторыі.
Згадаем асноўныя кірункі, на якіх яскрава выявілася гэтая тупіковая галіна эвалюцыі.
Эканоміка: Дзяржплан, галеча, дэфіцыт
Нават у самыя лепшыя часы — брэжнеўскага застою — савецкая эканоміка мела планавы характар. Яна была амаль цалкам манапалізавана дзяржавай. У значнай ступені абапіралася на канцэпт аўтаркіі. Кіраванне было камандна-адміністрацыйным, а значыць — не надта эфектыўным.
Так, было шмат прамысловай вытворчасці, адсутнічала беспрацоўе, не існавала вялікага разрыву ў даходах паміж рознымі слаямі насельніцтва. Але тыя, хто настальгуе па часах СССР, не павінны забывацца: тое было роўнасцю ў жабрацтве.
Савецкія людзі жылі бедна. Мала зараблялі, дрэнна апраналіся, асабісты аўтамабіль быў раскошай, дый у пісьмовай чарзе за ім даводзілася стаяць гадамі. Нават прыхарошаныя і цэнзураваныя савецкія фільмы не маглі схаваць агульную шэрасць тагачаснага жыцця, а ў 70-80-я гады шыкам канчаткова сталі імпартныя, дэфіцытныя тавары, якія было няпроста «дастаць». Напрыканцы ж існавання Савецкага Саюза эканамічны крызіс набыў такія маштабы, што дэфіцытам стала ледзь не ўсё — ежа, вопратка, абутак і г.д. Сканала вялікая краіна ў атачэнні пустых паліц у крамах.
Так, шмат што было бясплатным — жыллё, адукацыя, пуцёўкі на адпачынак «за кошт прафсаюзаў», але відавочна, што гэтыя шараговыя даброты ўзнікалі не на пустым месцы. Камуністычная дзяржава апасродкавана спачатку забірала іх у грамадзян, а потым «шчодра» сярод іх жа размяркоўвала. Так стваралася ілюзія клопату ўлады аб насельніцтве, фактычна ж гэта быў сродак кантролю, запрыгоньвання, абмежавання людзей.
Соцыум: ідэалогія, несвабода, жалезная заслона
Уладзімір Ленін заяўляў, што ён з паплечнікамі створыць прынцыпова новае грамадства, у якім усе людзі роўныя і шчаслівыя. Ён прасоўваў марксісцкую тэорыю «дыктатуры пралетарыяту», але прайшоў нядоўгі час — і слова «пралетарыят» знікла з заяўленай максімы. Засталася адна суцэльная дыктатура.
Пры Сталіне жылі ў таталітарызме з масавымі расстрэламі і ГУЛАГам, пасля 1953-га дзяржаўнага «людаедства» паменшала, але палітвязні на шляху да жаданага камунізму, здаецца, былі заўсёды. Крок улева, крок управа ад генеральнай лініі партыі — турма.
З самага дзяцінства ў галовы савецкіх грамадзян убіваліся асноўныя ідэалагічныя ўстаноўкі. Да 1917 года вас прыгняталі, а цяпер вы жывяце ў найлепшай краіне свету. Капіталізм — зло, сацыялізм — казка, якую зрабілі быллю. Дзякуй Леніну-Ульянаву, помнікі якому стаяць на цэнтральных плошчах усіх гарадоў, і іншым спагадлівым таварышам камуністам.
Пры Саветах людзі не мелі нават тых свабод, якія застаюцца ў беларусаў пры познім лукашызме з яго інстытуцыянальным дзяржаўным тэрорам. Напрыклад, не маглі адкрыць візу і наведаць якую-небудзь з краін «загніваючага Захаду». Жалезная заслона надзейна абараняла насельніцтва савецкага Эдэму ад чужога «тлятворнага ўплыву».
У выніку грамадства, якое прывучылі хадзіць строем, аказалася нежыццяздольным. Паступова яно зняверылася ў светлых ідэалах Кампартыі, пачало круціць у кішэнях дулі і ўсё смялей расказваць на кухнях анекдоты пра членаў Палітбюро. У шырэйшым сэнсе савецкі соцыум крытычна дэградаваў на фоне заходняга, дзе жыццё станавілася ўсё больш адкрытым, канкурэнтным і свабодным. Падзенне жалезнай заслоны стала прадвесцем абрушэння ўсяго СССР.
Геапалітыка: сацлагер, халодная вайна, крах
Бадай, галоўнае сваё паражэнне праект шаноўнага Уладзіміра Ільіча пацярпеў на знешнепалітычным фронце. Гэтая няўдача ў значнай ступені і паўплывала на тое, што праз 70 з нечым гадоў Савецкі Саюз спыніў існаванне.
Да пэўнага часу краіна пашырала свой уплыў у свеце. Найбольшым ён стаў пасля Другой сусветнай, калі ў выніку міжнародных кампрамісаў СССР атрымаў кантроль над значнай часткай Усходняй Еўропы. У межах Варшаўскай дамовы на дзесяцігоддзі ўсталяваўся двухпалярны светапарадак, прычым ідэалагічную, ваенную і эканамічную экспансію Масква працягвала і на іншых кантынентах.
У пэўным сэнсе гэта была спроба рэалізацыі канцэпцыі сусветнай рэвалюцыі пад вядомым лозунгам «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!».
Ядналіся яны так актыўна, што аднойчы супрацьстаянне з Захадам аформілася ў тое, што назвалі халоднай вайной. Гэта быў момант ісціны ў барацьбе сацыялістычнай і капіталістычнай ідэй — з гонкамі ўзбраенняў, эканомік, тэхналогій. І тут Саветы пацярпелі грандыёзнае фіяска.
На доўгай дыстанцыі свабодны свет, з выбарамі, рынкавай эканомікай і гарызантальнымі сувязямі, упэўнена выйграў глабальную канкурэнцыю ў дыктатуры без пралетарыяту. Перамога была немінучай, і гэта было бачна па тым, як па-рознаму жылі па розныя бакі берлінскай сцяны дзве сістэмы — ФРГ і ГДР. У адной з рэспублік наперад крочыў прагрэс, у другой дамінавалі карпаратыўнае кіраванне, прыгнёт і рэпрэсіі.
Калі берлінскі мур рухнуў, неўзабаве разбурыўся і ўвесь сацлагер. Маральна і фізічна вычарпаны, ілжывы, мёртванароджаны. І гэта канчаткова паставіла крыж на марксізме-ленінізме, зрабіўшы яго стваральнікаў і натхняльнікаў гістарычнымі лузерамі.
Дзе-нідзе камунізм яшчэ кіруе. Але наўрад ці КНДР можна лічыць зайздросным прыкладам, а мадэрнізаваны Кітай выкарыстоўвае гібрыдную мадэль уладкавання — са свабодным рынкам і ўбудаваннем у сусветныя працэсы.
З Еўропы ж «чырвоныя» сышлі, а іх аскепкі яшчэ там-сям сустракаюцца ў выглядзе архаічных персаналісцкіх аўтакратый. Адна з іх — лукашэнкаўская Беларусь, якая чацвёрты год трымаецца на штыках, але і яе час аднойчы мусіць скончыцца.