563-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: УСУ на лініі абароны Расіі

Апошнія навіны з украінскага фронту: працяг контрнаступу, перадыслакацыя расійскіх штабоў, пастаўкі зброі.

Ілюстрацыйнае фота: unian.net

Ілюстрацыйнае фота: unian.net

***

УСУ прасунуліся ўглыб шматузроўневай лініі абароны Расіі на ўсход ад вёскі Рабоціна, паведаміла ў ранішняй зводцы Міністэрства абароны Вялікабрытаніі. «Украінскія пяхотнікі працягваюць паступовае тактычнае прасоўванне да расійскіх пазіцый і саслабляюць расійскія сілы ў гэтым раёне», — пазначана ў дакуменце.

Акрамя таго, на поўдзень ад Бахмута ўкраінскія войскі, паводле даных брытанскай выведкі, працягваюць аказваць ціск на расійскія пазіцыі, паступова прасоўваючыся наперад паміж Кляшчэеўкай і Андрэеўкай.

Вельмі верагодна, што для замены аслабленых падраздзяленняў у раёне Рабоціна Расія перакінула сілы з іншых участкаў фронту. Гэтая перадыслакацыя, верагодна, абмяжоўвае магчымасці РФ весці ўласныя наступальныя аперацыі на іншых участках фронту, гаворыцца ў зводцы.

***

Паводле паведамленняў амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), Расія ўнесла значныя змены ў сістэму камандавання і кантролю ваеннай аперацыяй ва Украіне, каб засцерагчы інфраструктуру камандавання і палепшыць абмен інфармацыяй.

Цэнтр бяспекі і новых тэхналогій (CSET) 6 верасня паведаміў, што расійскія войскі перанеслі штабы па-за межы дасяжнасці большасці ўкраінскіх ударных сістэм і размясцілі перадавыя камандныя пункты за добра абароненымі пазіцыямі, нагадваюць аналітыкі.

Акрамя таго, у цэнтры адзначылі, што УС РФ палепшылі сувязь паміж каманднымі пунктамі і падраздзяленнямі на фронце за кошт пракладкі палявых кабеляў і выкарыстання больш надзейнай радыёсувязі.

***

Расійскія войскі за мінулыя суткі абстрэльвалі Херсонскую вобласць 59 разоў, выпусціўшы 244 снарады з мінамётаў, артылерыі, РСЗА «Град», дронаў і авіяцыі, паведаміў у Telegram-канале старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Снарады трапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, тэрыторыю гаражнага кааператыва ў Херсоне, а таксама ў будынак навучальнай установы ў Берыслаўскім раёне. У выніку абстрэлаў 3 чалавекі загінулі, яшчэ 8 атрымалі раненні.

***

Колькасць пацярпелых у выніку ракетнага ўдару Расіі па Крывым Рогу 8 верасня павялічылася да 74 чалавек, у бальніцах горада знаходзяцца 34 параненых, трое з іх у цяжкім стане. Такія абноўленыя даныя паведаміў кіраўнік савета абароны горада Аляксандр Вілкул у Telegram.

***

За мінулыя суткі адбылося больш за 30 боесутыкненняў паміж украінскімі і расійскімі войскамі, вынікае з ранішняй зводкі Генштаба УСУ.

Расія нанесла па Украіне 13 ракетных і 64 авіяцыйных удараў, а таксама здзейсніла больш за 50 абстрэлаў пазіцый УСУ і гарадоў краіны з рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА), гаворыцца далей у дакуменце. Ад ракетных удараў пацярпела мірнае насельніцтва гарадоў Сумы і Крывы Рог.

Акрамя таго, паводле звестак Генштаба УСУ, за мінулыя суткі расійцы атакавалі Украіну 20 дронамі-камікадзэ тыпу «Shahed-136/131», з якіх 16 былі знішчаныя сродкамі СПА.

«На мелітопальскім кірунку сілы абароны працягваюць наступальную аперацыю, наносяць акупацыйным войскам значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, прымушаюць ворага адыходзіць з займаных пазіцый. У сваю чаргу, праціўнік перакідвае на гэты кірунак найбольш баяздольныя часткі са складу паветрана-дэсантных войскаў і спрабуе аднавіць страчанае становішча», — пазначана ў зводцы.

Авіяцыя сіл абароны Украіны за мінулыя суткі нанесла 9 удараў па раёнах засяроджвання асабістага складу ўзбраення і ваеннай тэхнікі, 1 пункце кіравання і па 1 пазіцыі зенітна-ракетнага комплексу праціўніка. Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі і беспілотных сістэм УСУ разбілі 1 склад боепрыпасаў, 9 артылерыйскіх установак, 6 пунктаў кіравання, 1 станцыю радыёэлектроннай барацьбы праціўніка, адзначаецца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

**

ГУР Украіны склала спіс стратэгічных аб'ектаў РФ, якія падлягаюць знішчэнню, пра гэта заявіў у эфіры тэлемарафона прадстаўнік спецслужбы Вадзім Скібіцкі. Гаворка ідзе перш за ўсё пра вайсковыя аб'екты, аб'екты ваенна-прамысловага комплексу, якія забяспечваюць выраб зброі.

«Яны ўсе пранумараваныя, вызначаныя па іерархіі, вызначана іх значэнне, і мы мэтанакіравана знішчаем іх для таго, каб знізіць патэнцыял РФ і дасягнуць эфекту даміно, калі знішчэнне аднаго прадпрыемства прывядзе да таго, што іншыя, завязаныя на яго прадукцыі, перастануць вырабляць ваенную прадукцыю», — цытуе Скібіцкага ўкраінскае анлайн-выданне Liga.net.

***

Кіраўнікі Паўночнай Карэі і Расіі Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін гатовыя ўкласці пагадненне аб пастаўках зброі, паведамляе «Бі-бі-сі» са спасылкай на «Financial Times» са спасылкай на ацэнкі экспертаў. Дэталі магчымай угоды пакуль невядомыя.

«Пхеньян можа прапанаваць боепрыпасы, рэактыўныя сістэмы залпавага агню і балістычныя ракеты малой далёкасці — усё гэта дапаможа Маскве адбіць контрнаступленне Кіева», — піша выданне.

Паводле звестак FT, Масква магла б расплаціцца за паўночнакарэйскую зброю збожжам, нафтай і вайсковымі тэхналогіямі, а таксама валютай.